Гібралтар

Фірмаў болей, чым людзей

15 тысячаў чалавек (палова насельніцтва Гібралтару) выйшлі ў панядзелак на мітынг пратэсту, каб не дапусьціць перадачы апошняе калёніі Эўропы пад супольнае брытанска-гішпанскае кіраваньне. Гібралтар стаў калёніяй Вялікай Брытаніі паводле Ўтрэхцкага трактату 1713 г.

Гэты ж дакумэнт прадугледжвае, што свой статус краіна можа зьмяніць толькі са згоды ейных жыхароў. А яны ня хочуць яго мяняць. Так, у 1967 г. падчас рэфэрэндуму аб будучыні краю за гішпанскую ўладу прагаласавалі толькі 44 чалавекі. Урэшце і тыя мусілі зьехаць з Гібралтару, бо прабрытанскае насельніцтва не давала ім аніякага жыцьця.

Гібралтарцы лічаць сябе брытанцамі, хоць усе валодаюць гішпанскай (у школах выкладаньне ідзе на абедзьвюх мовах), а кожны трэці мае загарадны дом у Гішпаніі. Пад гішпанскую ўладу яны ня хочуць трапіць з эканамічных прычынаў: сёньня гібралтарцы зарабляюць напалову больш за гішпанцаў. Дзякуючы адсутнасьці мытні яны добра нажываюцца на гандлёвых гешэфтах. Штогод у Гібралтар прыязджае 6 млн. чалавек, але толькі кожны шосты зь іх — турыст, астатнія — камэрсанты. Тут з-за спрыяльнага прававога рэжыму зручна засноўваць фірмы: на сёньня іх зарэгістравана звыш 50 тысячаў — болей, чым жыхароў.

Сяргей Радштэйн

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0