Расслоены “Напалеон”

Досьвед сямі гадоў паказаў, што ППРБ не стварыў той сыстэмы ўлады, якая б дазваляла цалкам атаясамліваць яго зь беларускай дзяржавай. Хоць такія спробы былі. Былі абсалютызацыя ўлады, спасылкі на “нямецкі парадак” за Гітлерам, імкненьне затрымаць у Беларусі працэс развалу СССР. Але ўжо сёньня відаць, што нічога з гэтага не атрымалася. І тое, што адбываецца цяпер ва ўладнай вэртыкалі — гэта расслаеньне яе на ўсё больш разнамасных і ўсё больш аўтаномных выканаўцаў.

 

Страх перад ППРБ, які цэмэнтаваў вэртыкаль учора, аказаўся недаўгавечным, бо грунтаваўся на панібрацтве і вокрыку. Сёньня і ў маштабах краіны такія рэчы ўжо не спрацоўваюць, таму ў якасьці цэмэнту выкарыстоўваюцца страх турмы і, верагодна, прыхаваныя кампраматы. Аднак і гэты сродак ня будзе даўгавечным, бо крыніца страху — не кругавая парука, ня клан, ня партыя, а асобны чалавек — ППРБ. Таму гандаль зброяй, паралельныя бюджэты, ліквідацыя апанэнтаў — усё гэта робіцца не адкрыта і нахабна, што сьведчыла б пра ўсёдазволенасьць і маналітнасьць аўтарытарнае ўлады, а цішком, крадком ды яшчэ і з апраўданьнямі. Тым часам сыстэма ўлады — ад міністра да мытніка, — якую складаюць сотні тысяч самых розных беларускіх людзей, спакваля вызваляецца ад таго страху і сям-там пераймаецца сваёй прыроднай уласьцівасьцю — дзяржаўным, а то й нацыянальным інтарэсам.

Маргіналізуецца ня толькі апазыцыя. Маргіналізуецца і Лукашэнка, што непазьбежна, бо ён не прапанаваў ані сапраўднай дыктатуры, ані выразнай ідэалёгіі, ані якой-кольвек пазытыўнай праграмы, не стварыў і сваёй партыі. Ён толькі тармазіў, як мог, працэсы перамен. І вось на гэтым тле ягонай і апазыцыйнай яму маргіналізацыі набывае рэальнае значэньне рэальная ўлада на месцах і штодня. Справа сапраўды ідзе да “расслаеньня”, да растаясамленьня ППРБ і беларускай дзяржавы.

Днямі ў мяне зайшла гаворка з калегам пра адпачынак Лукашэнкі ў Аўстрыі. Калега адстойваў думку, што гэта сапраўды першапалосная інфармацыя, галоўная навіна, бо “людзям гэта цікава” — і як сьвецкая хроніка, і як палітычны акт таксама. Мне падумалася: гэта цікавасьць да Лукашэнкі як да каго? Як да “нелегітымнага кіраўніка дзяржавы”? Як да дыктатара? Праваслаўнага атэіста?.. Азначэньняў за гэтыя сем гадоў прыдумана мноства. Але як на каго трэба на яго глядзець, каб гэта было цікава? Урэшце, калі б я знайшоў адказ на гэтае пытаньне, я, нібы ў люстэрку, убачыў бы сябе самога — чалавека, якому цікава тое і тое. Але я не знайшоў адказу. Мне не цікава.

Нашмат цікавей ведаць, што за людзі судзяць апазыцыянэраў — у якіх школах яны вучыліся і хто іхныя маці. Можа, гэта нашы аднаклясьнікі ці аднавяскоўцы? Ня зь неба ж яны зваліліся. Цікава, якія прадпрымальнікі ў нас багацеюць, адпраўляючы запаведныя беларускія лясы на драўніну, рэжучы Белавескую пушчу. А хто ў нас піша новыя падручнікі гісторыі — ці гэта сапраўды аўтарытэтныя навукоўцы? А людзі, якія складаюць законы — пра што яны марылі і ці ўвасабляюцца іхныя мары ў іхнай заканатворчасьці? Хіба гэта ня тыя рэчы, якія мусілі б спалучацца?.. Фактычна ўсе гэтыя людзі і ёсьць рэжым. Ня варта затуляць іхныя імёны шырокай сьпінаю ППРБ — такая “засакрэчанасьць” і прыводзіць урэшце да беззаконьня. Варта разглядаць іх кожнага паасобку.

Сапраўды, Лукашэнка сканцэнтраваў у сваіх руках максымум улады і, відаць, даўно ўжо адчуў, што столькі не панясе. Ну, ня Гітлер ён, і не Напалеон. Таму пад ягонай шыльдай, пад ягоным брэндам выконваюць уладныя паўнамоцтвы многія-многія іншыя людзі. І ўсё часьцей іхныя галасы гучаць незалежна.

Апошнія гады далі цэлы шэраг такіх прыкладаў, калі чыноўнік прымаў рашэньне дзяржаўнага маштабу, процілеглае зьместу выказваньняў ППРБ. Гэта значыць, абсалютызму ўлады аднаго чалавека, аформленаму дэ-юрэ, дэ-факта супярэчыць самое жыцьцё.

Ёсьць такі слоены пірог, які называецца “Напалеон”. Але гэта ўсяго толькі назва, рэклямны брэнд.

Сяргей Дубавец

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0