Апантаныя опэрай

“Вайна і мір” у Нью-Ёрку

Жыхары Нью-Ёрку ніколі не шкадавалі грошай на опэру. Першым амэрыканскім прадусарам быў славуты італьянскі авантурыст Лярэнца да Понтэ — асабісты сябар Моцарта, аўтар лібрэта да ягоных опэраў “Вясельле Фігара” і “Дон Жуан”. У 1816 г. ён асеў на Мангэтане і цягам дзесяці гадоў зарабіў некалькі сотняў даляраў на гандлі тытунём, гарэлкай і кнігамі. Гэтых грошай хапіла, каб пазнаёміць амэрыканцаў з “Донам Жуанам” у найлепшым выкананьні: Да Понтэ выпісаў з Эўропы знакамітага тэнара Мануэля Гарсія. Той прыехаў разам з дочкамі — сямнаццацігадовай Марыяй і пяцігадовай Палінай. Празь некалькі гадоў Марыя Малібран-Гарсія сталася славутай опэрнай салісткай, а Паліна Віярдо-Гарсія зрабіла кар’еру салённай сьпявачкі і кампазытаркі. Абедзьве былі прыяцелькамі Адама Міцкевіча.

 

З гэтага часу амэрыканцы заўжды куплялі найлепшае ў опэрным мастацтве. Калі ў 1880 г. ім зрабілася цесна ў старым будынку Акадэміі музыкі, дзе адбываліся італьянскія опэрныя спэктаклі, яны склаліся й за два гады пабудавалі новы тэатар — “Мэтраполітэн Опэра”. На прыватныя грошы запрасілі салістаў і дырыжора, набралі аркестар і хор… На пачатку мінулага стагодзьдзя галоўным дырыжорам “Мэтраполітэн Опэра” быў Малер, там сьпявалі Каруза, Шаляпін, Адам Дыдур…

Пазьней амэрыканскія аматары опэры пачалі “купляць” ня толькі сьпевакоў, але й пэдагогаў. Цяпер італьянскія вакалісты ім ужо сталі непатрэбныя. Амэрыканцы сьпяваюць лепей. Да таго ж усе яны праходзяць падрыхтоўку ў акторскіх акадэміях, займаюцца балетам і выглядаюць як галівудзкія зоркі. Знакаміты амэрыканскі тэнар Нэйл Шыкаў (нашчадак беларускіх эмігрантаў) — амаль што двайнік Дастына Хофмана; абодва вучыліся ў славутай акторскай акадэміі Лі Стразбэрга.

Нью-ёрскія бізнэсмэны ўтрымліваюць музычныя тэатры па ўсім сьвеце. Славуты філянтроп, фінансіст і мільярдэр Альбэрта Вілар выдаткаваў 35 млн. даляраў на новыя пастаноўкі нью-ёрскай “Мэтраполітэн Опэра”. Галоўны ярус гэтага тэатру носіць цяпер ягонае імя. Адначасова Вілар ахвяраваў 18 млн. даляраў лёнданскаму Каралеўскаму опэрнаму тэатру “Ковэнт-Гардэн”, 15 млн. — Зальцбурскаму фэстывалю, 2 млн. — мілянскай “Ля Скаля”… І гэта толькі невялікая частка ягоных выдаткаў. Пазалетась ён абвясьціў аб сваім намеры выдаткаваць 14 млн. даляраў на разьвіцьцё Марыінскага тэатру ў Санкт-Пецярбурзе. Тамтэйшы галоўны дырыжор Валер Гергіеў ужо прызначаны “галоўным гасьцявым дырыжорам” нью-ёрскай опэры. Цяпер Вілар — выканаўчы дырэктар кампаніі “Мэтраполітэн Опэра”, гадавы абарот якой складае 250 млн. даляраў. Ягоная апошняя задума — пазнаёміць амэрыканцаў з творамі Сяргея Пракоф’ева. У прыватнасьці, зь ягонай опэрай “Вайна і мір”. Напісаная яна была яшчэ ў 1943 г., але доўга ня ставілася. Спачатку Сталін быў супраць, пасьля опэру папросту лічылі несцэнічнай. Рэжысэрскія экспэрымэнты зь ёй сканчаліся збольшага няўдала. Так было ў 1973 г., калі адчыняўся славуты сыднэйскі “Опэра-хаўз”: менавіта “Вайна і мір” была абраная для цырымоніі ўрачыстага адкрыцьця, на якой прысутнічала ангельская каралева.

Таму можна сабе ўявіць, які вэрхал распачаўся ў опэрных сталіцах, калі крытыкі даведаліся пра пастаноўку “Вайны і міру” ў Менску. Амбітны беларускі рэжысэр Сямён Штэйн разам з дырыжорам Генадзем Праваторавым зрабілі цудоўны спэктакль, у якім удзельнічала амаль уся трупа нашае Опэры. Натальля Кастэнка была цудоўнай Наташай Растовай, Уладзімер Экнадыёсаў, а пазьней Іван Шупеніч — ідэальным П’ерам Бязухавым, Аркадзь Саўчанка — ужо немалады, але па-ранейшаму незвычайна абаяльны — граў ролю Андрэя Балконскага. Прэм’ера адбылася ў студзені 1985 г.

А ў сьнежні 1987 г. у Менску прайшоў І Усесаюзны фэстываль музычных тэатраў, у рамках якога былі выкананыя ажно дзьве пракоф’еўскія опэры — “Вайна і мір” у пастаноўцы Тэатру опэры і балету БССР і “Агнявы анёл” у пастаноўцы тэатру імя Алішэра Наваі з Узбэкістану. Сярод шматлікіх гасьцей фэстывалю быў і Валеры Гергіеў — малады галоўны дырыжор пецярбурскага Марыінскага (тады яшчэ Кіраўскага) тэатру.

Паглядзеўшы спэктакль менчукоў, ён паверыў у мажлівасьць буйнамаштабнай пастаноўкі пракоф’еўскага шэдэўру. У 1991-м Гергіеў паспрабаваў у сваім тэатры паставіць “Вайну і мір” цалкам (паводле задумы кампазытара, яна мусіла выконвацца на працягу двух вечароў). Аднак пазьней ён прыйшоў да высновы, што менская пастаноўка, значна больш кампактная, — лепшая. Гэты досьвед ён выкарыстаў, працуючы летась над новай пастаноўкай “Вайны і міру”. Паводле задумы Вілара, “Вайну і мір” трэба паказаць ва ўсіх чатырох “ягоных” тэатрах — сьпярша ў Марыінскім, потым у лёнданскім “Ковэнт-Гардэн”, “Ля Скаля” і, нарэшце, у “Мэтраполітэн Опера”. У Марыінскім тэатры цяпер шмат маладых беларускіх сьпевакоў, і для іх гэты плян Вілара стаўся трамплінам у буйную кар’еру.

Барытон Уладзімер Мароз засьпяваў партыю Балконскага ў Санкт-Пецярбургу і Лёндане. А маладая беларуская мэца-сапрана Кацярына Семянчук выступіла ў ролі Соні ва ўсіх чатырох тэатрах. Ейная акторская ігра не зрабіла на крытыкаў вялікага ўражаньня, але голас моцна спадабаўся. Сьпявала ва ўсіх чатырох тэатрах і Марыя Гулегіна.

Аднак нью-ёрская прэм’ера “Вайны і міру”, што адбылася 14 лютага, сталася сэнсацыйнай ня дзякуючы сьпевакам. Пастаноўшчыкі — вядомы кінарэжысэр Андрэй Канчалоўскі і мастак Георгі Цыпін — замысьлілі для гэтага спэктаклю нетрадыцыйнае прасторавае рашэньне. Замест звычайнай сцэны яны пабудавалі спэцыяльную канструкцыю ў выглядзе паўшар’я. Ва ўяўленьні расейскага гледача, яна сымбалізуе “мир” — адну шостую частку сушы, над якой ніколі не заходзіць сонца. Але амэрыканская публіка гэткага мастацкага вобразу не зразумела, бо ў іх слова “peace” не азначае нічога, акрамя спакою. Людзі ў залі з жахам глядзелі, як 346 удзельнікаў спэктаклю — 52 салісты, 120 артыстаў хору, 41 танцор і “масоўка” — 227 беспрацоўных актораў з Брадвэю, апранутых у вайсковыя мундзіры абедзьвюх арміяў, — ваўтузяцца на гэтай небясьпечнай паверхні. У спэктаклі ўдзельнічалі таксама конь, каза і сабака, і іхны лёс найболей хваляваў публіку. Усе напружана чакалі нейкага здарэньня… І за 10 хвілінаў да канца спэктаклю адзін з “францускіх жаўнераў” зваліўся ў аркестравую яму, ледзь не забіў скрыпачку і зламаў ёй смык. Спэктакль давялося спыніць. Пасьля ў відэазапісе пабачылі, што артыст не зваліўся, а скокнуў у яму, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Андрэй Канчалоўскі — прафэсіянал у галіне “паблік рэлэйшнз” — ужо пасьпеў выкарыстаць гэтае здарэньне для сваёй асабістай рэклямы. Пра яго нават паведамлялася па расейскім тэлебачаньні.

Але фрагмэнтаў з самога спэктаклю не паказвалі. Як не паказвалі ў свой час па беларускім тэлебачаньні “Вайну і мір” у пастаноўцы Сямёна Штэйна. Цяпер ад гэтага спэктаклю засталіся адныя толькі ўспаміны, як, зрэшты, і ад многіх іншых выдатных опэрных дасягненьняў. У Беларусі апантаныя опэрай ствараюць спэктаклі, якія бачыць добра калі адзін працэнт насельніцтва. У Злучаных Штатах гэткія люді зарабляюць мільярды з адзінай мэтай інвэставаць іх у любімае мастацтва. Апантаныя опэрай аплочваюць трансьляцыю спэктакляў з “Мэтраполітэн Опэра” на ўсю Амэрыку, а часам і на ўвесь сьвет. 2 сакавіка на ўсёй прасторы ад Вэрмонту да Каліфорніі можна было пачуць голас беларускай сьпявачкі Кацярыны Семянчук у поўнай радыётрансляцыі “Вайны і міру”. Сёлета абавязкова адбудзецца і тэлевізійная трансьляцыя — спэцыяльна для апантаных опэрай і іхнымі намаганьнямі.

Юлія Андрэева

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0