літаратура і жыцьцё

Схаваныя скарбы

Даволi пашыранае сёньня меркаваньне, нібыта ў нiшчымнасьці беларускага лiтаратурнага ляндшафту, падобнага да пустыні зь нешматлiкiмi небагатымi аазысамi, вiнаватая чыясьцi злая воля цi нядбайнасьць. Мо таму жыве ў людзкой сьвядомасьцi легенда, быццам таямнiчы беларускi Хызр (мiталягiчны ратаўнiк людзей у пустынях) адмаўляецца весьцi змучаных прагай беларусаў у пабудаваны невядомым волатам духу шчадрадайны беларускi райскi сад Iрэм, дзе схаваныя ад людзей доўгiя палiцы цудоўных кнiжак (як у “Лябiрынтах” Ластоўскага). Трэба адно схiлiць да супрацоўнiцтва ўпартага ахоўнiка таямнiцы, дапасьцi да схаваных скарбаў…

Калi б насамрэч у часы ўцiску, рэпрэсiяў, войнаў i сацыяльных катаклiзмаў хтосьцi здолеў стварыць, назапасiць i схаваць гэткiя цудадзейнай моцы скарбы, дык сёньня, калi ўмовы нашмат лагаднейшыя за сярэдзiну XIX цi XX ст., беларуская лiтаратура мусiла б расквiтнець за нейкiя два-тры гады.

Дый цi справядлiвая такая сумная ацэнка вынiкаў кампанii вяртаньня, што распачалася зь першымi павевамi перабудовы i працягваецца дагэтуль? Ня выдалi друкам дзёньнiк Багдановiча. (На мой густ, то й добра. Прыватнае жыцьцё трэба паважаць.) Але вернутыя ў абарот творы Гарэцкага, Мрыя, Генiюш, Ластоўскага, Арсеньневай, Аляхновiча, Дылы. Выдадзеныя кнiгi Ермаловiча ды “Сказ пра Лысую гару”. Атрымалi другое жыцьцё ў беларускiх перакладах Чачот, Баршчэўскi, Лучына. У часопiсах надрукаваныя дзёньнiкi Пачобута-Адлянiцкага й Мікалая Крыштофа Радзiвiла. Стаў даступным беларускаму чытачу даробак эмiгрантаў — пiсьменьнiкаў, гiсторыкаў, публiцыстаў.

Не, вяртаньне ня выявiлася пустым лёзунгам! Iншая справа, што хацелася б большага. Але цi ёсьць тое большае? Супраць вялiкiх спадзяваньняў на схаваныя скарбы можна вылучыць некалькi пярэчаньняў: свабоды ў Беларусi паболела, але росквiту культуры апошнiя 15 год не прынесьлi; чаму тады мусiлi зьяўляцца шэдэўры ў нашмат горшых умовах? Другое й трэцяе пярэчаньнi заснаваныя на тых творах, якiя ленаваты Хызр усё ж выцягнуў з патаемных палiцаў ды вынес зь беларускай Шамбалы ў нашу зрусiфiкаваную рэчаiснасьць. Тэкстаў выключнай вартасьцi сярод iх няшмат.

Колькасьць вернутых зь нябыту тэкстаў дазваляе зрабiць якасную i нават прыблiзную колькасную ацэнку схаваных скарбаў. Вельмi шмат там твораў неглыбокiх, невысокага ўзроўню. Гэта цалкам зразумела, калi ўлiчыць сярэднi ўзровень адукацыi й жыцьцёвага досьведу пiсьменьнiкаў, умовы iхнага жыцьця ды тое, колькi iх пазабiвалi i ў якiм веку.

Выдатныя творы беларускай лiтаратуры — ненапiсаныя творы. Анi Хызр, анi Санта-Кляўс iх не прынясуць. Кажучы прасьцей, iх яшчэ трэба напiсаць.

Нарэшце, чацьвертае пярэчаньне. Вельмi трапнае (вынайдзенае Маякоўскiм) параўнаньне паэтычнае творчасьцi са здабычай радыю. Радый — нетрывалы элемэнт. Зь лiтаратурным творам адбываецца тое самае, што зь ім: паўстаўшы коштам вялiкiх высiлкаў, ён выпрамяняе энэргiю паводле сваёй прыроды, незалежна ад таго, цi карыстаецца хто зь ягонай моцы. Зь цягам часу iнтэнсіўнасьць выпрамяненьня зьмяншаецца. Узьдзейнiчаць на гэты працэс чалавек ня можа, як на тэмп радыеактыўнага распаду.

У вынiку лiтаратурны твор паступова робiцца лiтаратурным помнiкам. Нават зразумеўшы ягоную каштоўнасьць, людзi ня ў стане адчуць яе. Ведаць пра такiя творы карысна, часам неабходна (таму вяртаньне гэткiх рэчаў застаецца важнай справай), але хваляваць па-сапраўднаму яны ўжо ня могуць. Наўрад цi нават беларускамоўныя вершы Мiцкевiча, калi б такiя адшукалiся, зрабiлi б узрушэньне, параўнальнае з уплывам твораў Караткевiча цi Быкава, Сагановiча цi Ермаловiча.

Цяга да схаваных скарбаў ня ёсьць толькi дарэмным высiлкам. Помнiкi могуць быць падмуркам новае творчасьцi. Схаваныя скарбы — ня золата i дыямэнты, а вада й угнаеньнi. Найвялiкшыя ў пустынi каштоўнасьцi, але трэба шчэ прыкласьцi рукi, каб яны ператварылiся ў хлеб i вiно.

Калi адкiнуць спадзяваньнi на цуд, ад схаваных скарбаў застаецца ня так i мала. Сёньня гэта найжывейшы беларускi мiт, якi жывiў яшчэ “Старую Беларусь” Багдановiча, натхняў Ластоўскага ды надаў непаўторную прыцягальнасьць гiстарычным фантазiям Караткевiча. Мiт жывы й сёньня.

Старым беларускiм тэкстам, калi яны будуць адшуканыя ды прэзэнтаваныя шырокiм колам цiкаўных, напэўна будзе патрэбная пераробка, рэмэйк, як гэта зрабiў Алесь Разанаў зь некаторымi творамi Францiшка Скарыны ды Кiрылы Тураўскага.

Аддаўшы данiну павагi пiсьменьнiкам мiнулага, старыя творы трэ будзе перадаць у рукi пiсьменьнiкаў-сучасьнiкаў. Але ж для такой працы й цяпер ёсьць ладны кавалак матэрыялаў — бяры i рабi!

Голад на тэксты, якi сёньня адчувае чытацкая аўдыторыя, тычыцца ня столькi старажытных твораў, колькi сучасных iнтэрпрэтацыяў мiнулага. Спробы задаволiць гэтую патрэбу ёсьць — напрыклад, аповесьць Андрэя Федарэнкi “Нiчые”, раман Алеся Пашкевiча “Пляц волi”. Мусiць, невыпадкова яны прысьвечаныя падзеям XX ст., i мо таму іх няма ў гарадзенскiх кнiгарнях. Сёньня патрабуецца больш крытычны погляд на гiсторыю.

Сярод iншых трэба адказаць i на пытаньне, чаму мiнулае выявiлася не такiм прыўкрасным i багатым на скарбы, як абяцалi Ластоўскi з Караткевiчам. Гэта дазволiць бязь лiшняй сьцiпласьцi акрэсьлiць ролю нашага часу й нашага пакаленьня ў справе пабудовы нацыi — не такую ўжо нязначную ролю.

Нiякая старая мудрасьць сама сабою не разьвяжа гэтых праблемаў. Шукаць яе ўсё адно трэба, але ня трэба мець празьмерных спадзяваньняў адносна ейнага ўплыву на грамадзтва i, што адсюль вынiкае, неабгрунтаванай тугi па страчаных скарбах. Нiводзiн прасяклы пылам манускрыпт не зачэпiць гэтак, як жывыя людзi.

Даніла Жукоўскi, Горадня

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0