Андрэй Хадановіч

Усхвалявана, шчыра, інтымна
роднай краіне ў якасьці гімна

 

Вынес и эту дорогу железную…

М.Някрасаў

 

Зырка-чырвоны зранены ранак

сокам таматным заплакаў ізноў.

Любы абраньнік

згрызе абаранак

і бараніцьме

сваіх бараноў.

Сьвежыя краскі

на могілках красьці –

сьціплы дарунак ад чэсных людзей.

Ружы й лілеі пойдуць за шчасьце!

Мы – беларусы,

ты – наш дабрадзей!

Вёў карабель наш праз буры й гайданку

і не хаваў галавы ў капюшон:

мудраму Дантэ

і мужнаму Данку

шчыра падзякуем мы:

“Данке шон!”

Сілы гартуе люд беларускі:

зьведалі смак самагнёту й закускі,

пакаштавалі шпроты і шрот.

Слава табе, беларускі народ!

Хай увесь сьвет ператравіць твой страўнік –

веды з Рыгведы і дыні з бахчы.

Хай наймудрэйшы пад сонцам настаўнік

нас навучае,

а мне не змагчы.

Будзе, Ванятка, выняткавы вынік –

файна ў камбайне ляцець без рысор!

Дзёрзкі халерык і жвавы сангвінік

нас павядуць церазь церні да зор!

Людцы, даруйце! І’m sorry, сузор’і!

Выбачце нонсэнс і кепскі пранонс.

Хай не псуе вам ніколі надвор’я

мой ненадзейны няўчасны прагноз.

Хай загучаць вам нябёсныя сфэры

і з апраметнай – няшахматны мат.

У папярэдніх хапіла паперы –

і спадкаемец ня пойдзе на спад.

Сьпелячы вішні Аллагу і Крышну,

хлеб наш надзённы ён меў на стале.

Вынесе ўсё, што пашле Ўсявышні,

вынесе ўсё,

а нязгодных – пашле!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0