З усёй краіны

 

Гіпэрмаркеты замест рынкаў

Сьледам за шапікамі менскія ўлады ўзяліся ліквідаваць рэчавыя рынкі на стадыёнах. Так, на “Трактары” замест рынку паўстане лядовы палац, дый на “Дынама” скончылася рэканструкцыя, і патрэба здаваць тэрыторыю ў арэнду, каб атрымліваць грошы, адпала. На “Ждановічах” таксама неспакойна: дробных гандляроў перакідаюць зь месца на месца з прычыны чарговай рэканструкцыі. Тым часам колькасьць гіпэрмаркетаў, якія абяцае пабудаваць мэрыя, вырасла зь дзевяці да пятнаццаці. Першы зь іх, магчыма, пачнуць узводзіць ужо сёлета на скрыжаваньні праспэкту Дзяржынскага і кальцавой аўтадарогі за кошт замежнага прадпрыемства “Альтэрсальюшэн”.

Без кампрамісаў

Дзяржаўная камісія вызначыла чатыры варыянты, зь якіх будзе абраны гімн Рэспублікі Беларусі. Пра гэта ў часе прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай Дню тэатру, між іншым паведаміў намесьнік міністра культуры Ўладзімер Рылатка. У наступны тур прайшлі “Радзіма мая дарагая” Алеся Бачылы на музыку Ўладзімера Алоўнікава, “Красуй, Беларусь” Леаніда Пранчака на музыку Васіля Раінчыка і два тэксты на музыку старога гімну БССР аўтарства Несьцера Сакалоўскага.

Сяргей Будкін

 

ЭЛЕКТРЫЧКІ ПАДАРАЖЭЛІ на 50%. Цяпер за кожную маршрутную зону (умоўныя 10 км) давядзецца плаціць 120 рублёў.

У КАСАХ ня маюць права даваць рэшту старымі купюрамі. Касірак абавязалі адсартоўваць парваную ці забруджаную гатоўку і здаваць яе ў банкі.

ДА 1 ЛІПЕНЯ пад міжнародныя карткі пераабсталююць банкаматы “БелКарт”, празь якія сплачваюць заробкі на прадпрыемствах. Цяпер банкаўскія карткі маюць 215 тыс. беларусаў, чвэрць якіх карыстаюцца сыстэмай “БелКарт”.

ПАДАТКАЎ НА 110 МЛН. ДАЛЯРАЎ не дабраў за студзень-люты бюджэт Беларусі. Цяпер запазычанасьць прадпрыемстваў перад бюджэтам на 41,3% большая, чым на пачатку году.

УДВАЯ ЗЬМЕНШЫЛІСЯ запазычанасьці насельніцтва за камунальныя паслугі з пачатку году. У Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі перакананыя, што на гэта паўплываў выпадак у Берасьці, дзе чалавека, які не плаціў, прымусова перасялілі ў іншую кватэру без выгодаў.

0,5% АД СУМЫ СТРАХОЎКІ будзе каштаваць страхавым кампаніям кожны дзень затрымкі разьліку з пацярпелым. Гэтае правіла пачне дзейнічаць з 12 красавіка.

ТРАЦІНУ БЕЛАРУСКІХ ДАРОГ трэба рамантаваць. Сёлета ж у найлепшым выпадку адрамантуюць 7 тыс. кілямэтраў, ці 10%.

1,7 МЛН. ЭЎРА атрымае Гарадзеншчына па праграме ТАСІС на абарону Нёмана. Грошы найперш будуць даваць калгасам і саўгасам, каб тыя не скідалі гной у раку, а рабілі ачышчальныя збудаваньні.

ПАД 100 БІЯПРЫБІРАЛЬНЯЎ усталююць сёлета ў цэнтры і ў буйных парках Менску. Карыстаньне біяпрыбіральнямі будзе платным.

МЭТРО Ў БОК УРУЧЧА распачнуць будаваць сёлета, а скончаць праз 3—4 гады. У Менгарвыканкаме кажуць, што сабекошт транспартных паслуг новай станцыі будзе меншым за сабекошт трыманьня наземнага грамадзкага транспарту, які ў выніку можна будзе скараціць.

ТОЛЬКІ 40 ТРАЛЕЙБУСАЎ набудуць цягам гэтага году менскія ўлады. Гэта 10% ад таго, што трэба сьпісваць на мэталалом.

126 ТРАКТАРОЎ падаруе Менск “чарнобыльскім” раёнам — па 6 машынаў кожнаму. Грошы на тэхніку возьмуць зь бюджэту сталіцы.

450 ТЫС. ДАЛЯРАЎ для калгасаў зарабілі магілёўцы на рэгіянальным суботніку, што зладзіў на мінулым тыдні аблвыканкам. Да таго ж усіх іх змусілі пералічыць на пасяўную па 1% ад сваіх заробкаў.

1500 ДАЛЯРАЎ можна вывозіць цяпер бяз мытнай дэклярацыі з Расеі. Столькі сама дазваляюць вывозіць зь Беларусі ў Расею і нашыя мытнікі.

ЗА ІМПАРТОВЫЯ ПІЎНЫЯ ПЛЯШКІ зноў бяруць заклад. На пачатку году, каб абараніць айчынных вытворцаў шкла, урад ужо прымаў такое рашэньне, але потым, пад ціскам буйных расейскіх бровараў, яго скасавалі. Цяпер заклад зноў бяруць, прычым імпарцёрам піва назад будуць вяртаць не 100%, а толькі 70% закладнога кошту пляшак. Расейскія піўныя кампаніі непакояцца, што іх піва ў Беларусі падаражэе і страціць канкурэнтаздольнасьць.

Сяржук Іваноўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0