Лісты ў рэдакцыю

 

Суродзічы беларусы!

Ад імя Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады – беларускай грамадзкасьці ў Канадзе – вітаю Вас з 84-мі ўгодкамі Акту 25 сакавіка 1918 году, якім у Менску была абвешчана дзяржаўная незалежнасьць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. І хоць незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі была зьнішчана бальшавіцкай расейскай імпэрыяй, значэньне Акту 25 сакавіка нельга пераацаніць. 1) Акт 25 сакавіка 1918 г. запачаткаваў у беларускім адраджэнскім руху новы незалежніцкі пэрыяд, ад часу яго беларускі народ змагаецца за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, бо разумее, што безь яе нас як беларускую нацыю акупант зьнішчыць. Гэтаму вучыць нас і гісторыя, і цяпершчына. 2) Каб не было Акту 25 сакавіка, не было б, хай сабе й фікцыйнае, БССР, а была б толькі “Паўночна-заходняя” вобласьць РСФСР. 3) Не было б прадстаўніцтва БССР у Задзіночаных Нацыях. 4) Не было б і Рэспублікі Беларусі, бо з “Паўночна-заходняе” вобласьці Расеі нельга было б абвесьціць сувэрэннасьць Рэспублікі Беларусі. Таму мы так высока цэнім Акт 25 сакавіка, і з году ў год беларусы па ўсім сьвеце ўрачыста сьвяткуюць угодкі яго. Акт 25 сакавіка вучыць нас, заклікае, дадае нам сілы ў змаганьні, дае нам веру, што нашыя – абсалютна кожнага з нас – штодзённыя высілкі й праца на карысьць беларускай вызвольнай справы раней ці пазьней дадуць плён і мы будзем гаспадарамі на сваёй собскай зямлі, здабудзем дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. “Не загіне край забраны, покуль будуць людзі”.

Зь вітаньнямі шлем вам нашыя найлепшыя пажаданьні –

Жыве Беларусь!

Др.Раіса Жук-Грышкевіч, былая старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады, Таронта

 

водгукі

Адзінаццаць даляраў

Тут надоечы Лявон Г. зь Менску давёў праз “Нашу Ніву”, што ня верыць больш Міколу Статкевічу. Вы мне лепш адказалі б, ці можна верыць тым рупліўцам Беларушчыны, якія на сваім чарговым зьезьдзе ахвяравалі на патрэбы беларускага слова аж адзінаццаць даляраў (калі даваць веры “Нашаму слову”)? Зразумела, што тут паўплывалі й забарона на прафэсію, і штрафы адміністрацыйныя несусьветнай велічыні. Але ж – адзінаццаць даляраў!!! Ці можна верыць тым нацыянал-дэмакратам, што ня ў стане кожную раніцу сьцяг над сваёй управай павесіць? У адзіным, дарэчы, месцы, дзе беларус можа пабачыць свой сьцяг бяз шкоды для здароўя ці свабоды. Ці можна даваць веры беларускамоўнаму выданьню, што на першай старонцы распавядае нам пра беларускіх жабракоў, а на чацьвертай – ужо пра нейкіх нішчых? Але ж і бязь веры зусім нельга. Таму верым. Пакуль што верым…

Вячка Васілёнак, Менск

Канец летуценьнікаў

Канфлікт у Саюзе беларускіх пісьменьнікаў сьведчыць, што “ціхаму жыцьцю пісьменьніцкай масы” надыходзіць канец. Сплыў-мінуў час “росквіту” беларускай савецкай літаратуры, калі празаікі, паэты, драматургі былі больш-менш патрэбныя ўладам, рэгулярна друкавалі свае “сялянкі”, былі маладыя і здаровыя, пілі гарэлку, як ваду, і толькі пасьміхаліся са зьедлівай крытыкі аўтара “Сказу пра Лысую гару”. Але паглядзіце, як прагнуць яны дзяржаўнай апекі над сабой! Не аб служэньні мастацтву клапоцяцца яны, ня масавага чытача і ня ўхвальныя водгукі крытыкаў сьняць – ім патрэбная ўвага ўлады! Безь яе нашыя пісьменьнікі, генэрацыя post, ня могуць жыць і таму нэрвуюцца – вось у чым, на мой погляд, справа. Аднак нашая ўлада цынічная – нашто вы ёй, даражэнькія? Прагматычнаму расейскаму кнігавыдавецкаму бізнэсу наша “пісьменьніцкая маса” не патрэбная пагатоў.

Пісьменьнікі вырашылі сабрацца на зьезд у траўні. Каб жа толькі не давялося ім, напаўжабракам, праводзіць яго “выязным паседжаньнем” на траўцы пад Менскам, як у прарочым “Сказе…” Ведзьмака Лысагорскага – у далечыні ад Дому літаратара.

Павал Абрамовіч, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0