29.03.2002 / 13:00

Пляны ідэалягічнага росту

№ 12 (274), 29 сакавіка 2002 г.


Пляны ідэалягічнага росту

Беларускім уладам мала статыстыкі эканамічнага росту, ім хочацца таксама ідэалягічнага росквіту. Дзеля хутчэйшага афармленьня беларускай нацыянальнай ідэі, над якой ужо ня першы год б’юцца беларускія ўлады, Лукашэнка даручыў Міхаілу Мясьніковічу распрацаваць тэорыю беларускай эканомікі новага ўкладу. “Беларускі шлях” мае права на існаваньне, бо, на думку кіраўніка дзяржавы, Беларусь пасьпяхова пераадолела крызысныя тэндэнцыі ў эканоміцы.

Беларуская эканамічная ідэалёгія будзе мець некалькі асаблівасьцяў. Першая зь іх — “моцная і эфэктыўная дзяржаўная ўлада”. Паказальна, што на першае месца пастаўлена слова “моцная”. Нягледзячы на ўнушальныя на паперы тэмпы эканамічнага росту, Лукашэнка ўпэўнены, што лібэралізацыя бяз моцнай уладнай вэртыкалі толькі разбэсьціць грамадзтва. Таму дзяржава зьбіраецца ўмешвацца ва ўсё, нават у “падзел цьвікоў”. Зьвязана гэта з другой асаблівасьцю беларускага шляху — “прыватны сэктар можа і павінен разьвівацца разам зь дзяржаўным, але не на шкоду нацыянальным інтарэсам”. Толькі з прыватнага сэктару можна чакаць павелічэньня аб’ёму падатковых выплатаў. Няйначай, менавіта далікатнае разуменьне нацыянальных інтарэсаў прывяло сёлета да ўзьнікненьня бюджэтных праблемаў: за два месяцы гэтага году прагнозныя паказьнікі па бюджэце выкананыя не былі — з-за недахопу паступленьняў у мясцовыя бюджэты.

Трэцяя асаблівасьць — “Прыватызацыя — не самамэта, а сродак знайсьці зацікаўленага інвэстара”. У аўторак было аб’яўлена, што працэс прыватызацыі нафтахімічнага комплексу ўступіў ў апошнюю фазу. Так, да 15 красавіка павінны быць акцыянаваныя наваполацкі “Палімір”, гарадзенскі “Азот”, сьветлагорскае “Хімвалакно”, бабруйская “Белшына”, да 1 траўня — наваполацкі “Нафтан” і магілёўскае “Хімвалакно”, да 1 жніўня — гарадзенскае “Хімвалакно”. Да канца году ўлады спадзяюцца на значныя інвэстыцыі. Можна не сумнявацца, што яны будуць. Прыватызацыя стратэгічных прадпрыемстваў засталася апошнім дзейсным козырам беларускіх уладаў, дзякуючы якому яны пакуль могуць дыктаваць свае ўмовы. Нават “Балтыка”, якая зьвярнулася ў міжнародны камэрцыйны арбітражны суд пры расейскай Гандлёва-прамысловай палаце з пазовам супраць “Крыніцы”, урэшце перадумала адклікаць свае інвэстыцыйныя сродкі.

Калі на сваім полі беларускія ўлады яшчэ могуць нешта дыктаваць, дык на чужым вымушаныя саступаць. Нягледзячы на яшчэ адзін прыярытэт — “разьвіцьцё інтэграцыйных стасункаў з Расеяй” — адстойваць свае інтарэсы беларускім уладам робіцца ўсё цяжэй. Па словах міністра фінансаў Мікалая Корбута, наша краіна страчвае дзясяткі мільёнаў даляраў з-за ўніфікацыі беларускага падатковага заканадаўства з расейскім. Таму пакуль так і не ўдаецца дамовіцца аб адзінай форме спагнаньня ўскосных падаткаў. Беларусь працягвае настойваць на больш выгадным для сябе варыянце. Прэм’ер Навіцкі спадзяецца дабіцца кампэнсацыі за страты, якія панясе наша краіна. Беларускі бок хоча атрымаць яе ўжо сёлета, расейцы ж зьбіраюцца плаціць толькі ў 2005-м.

Выступаючы на сэмінары кіраўнікоў рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, Лукашэнка паскардзіўся на адсутнасьць належных ідэолягаў, здольных абгрунтаваць пераўтварэньні апошніх гадоў. Падобна на тое, што рабіць гэта, як заўжды, давядзецца яму самому.

Валянцін Паўлоўскі

 


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру