29.03.2002 / 13:00

Тыдзень нашага жыцьця

№ 12 (274), 29 сакавіка 2002 г.


тыдзень нашага жыцьця

Гледзячы з Бабра

У цяперашнім палітычным жыцьці вылучаецца ўмацаваньне незалежніцкіх памкненьняў. Сем год кіраваньня Лукашэнкі, калі мы думалі, што ён здасьць нашую незалежнасьць і пераедзе ў Маскву, — мінуліся. Узгадавалася беларускае “лобі” — тыя, каму незалежнасьць выгадная: фэрмэры, прадпрымальнікі, бізнэсоўцы, збольшага мясцовага паходжаньня. Цяпер я мару пра “дысыдэнтаў у пагонах” — міліцыянтаў, вайскоўцаў. Каб было болей людзей кшталту Генадзя Вугляніцы. І яшчэ асабіста мне хацелася б бачыць прыватных мэцэнатаў спаміж бізнэсоўцаў, хацелася б бачыць культурных бізнэсоўцаў. Не стае такіх людзей, як, напрыклад, Алесь Суша. Бо ўсе гэтыя Калугіны, Рахманькі — іх нават і не шкада: людзі нічога не зрабілі для культуры.

Самая вялікая небясьпека на цяперашні момант — зьнішчэньне беларускай адукацыі, забарона выставаў. Адбываецца такая сабе фільтрацыя грамадзкай думкі.

Найбольшае ўражаньне ад палітычных падзеяў мінулага тыдня — выхад з турмы Андрэя Клімава і ягоны выступ на ўрачыстай асамблеі 25 сакавіка. Мне здаецца, што гэта вельмі сымбалічна: цяпер 25 сакавіка для Клімава (чалавека, узгадаванага на расейскай культуры) будзе асабістым сьвятам. І гэта, верагодна, падштурхне яго да беларушчыны. Нашыя спэцслужбы зрабілі таленавіты выхаваўчы крок!

Алесь Пушкін, Бобр

 

цытата тыдня

“У турме я вельмі добра ўсьвядоміў адну рэч – чалавек моцны духам. Я вельмі верыў, што нарэшце выйду на свабоду, і я выйшаў, зараз я бачу і веру ў тое, што на Беларусі ёсьць каму адстойваць яе незалежнасьць, ёсьць каму змагацца за эканамічны росквіт. Нам ёсьць куды ісьці, нам ёсьць што вымятаць з нашага дому. Жыве Беларусь!”

Андрэй Клімаў 25 сакавіка на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Волі

 

пацярпелыя за Беларусь

На Дзень Волі ў Менску былі затрыманыя Аксана Ахрэмчык, Лявон Ачапоўскі, Зьміцер Бандарэнка, Валянціна Ваюшэня, Сяржук Гвазьдзёў, Міхаіл Гвазьдзёў, Валеры Герасімаў, Цімафей Дранчук, Тацяна Елавая, Эдвард Зайкоўскі, Юрась Зяньковіч, Уладзімер Ігнатовіч, сп.Калесьнікаў, Зьміцер Карпенка, аўтарка “НН” Натальля Кійко і яе бацька Рыгор, Алег Корбан, Пятро Кшык, Сяргей Лысакоў, Андрэй Ляховіч, Мікола Лавіцкі, Эма Некрашэвіч, Сяргей Новік, аўтар “НН” Дзяніс Носаў, Юрась Пальчэўскі, Яўген Пікуль, аўтар “НН” Анатоль Прасаловіч, Аркадзь Пярцоўскі, Пятро Русаў, аўтар “НН” Зьміцер Саўка, Уладзіслаў Саўка, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Смольскі, Андрэй Таўстко, Ірма Табушава, Валеры Шчукін, Юлія Шчукіна, Ірына Шэршань, Ганна Ягорава, Андрэй Ягораў, сп.Ярмоленка.

Павал Севярынец атрымаў 15 сутак арышту, Віктары Дашкевіч і Кавешнікаў — па 10 сутак; Валеры Герасімаў, Пятро Русаў, Лявон Садоўскі, Аляксей Смольскі, Зьміцер Таруліс аштрафаваныя на 20 “тарыфных адзінак” (200 тыс. рублёў). Сяргей Барысаў, Андрэй Гумін, Мікалай Ігнатовіч, Алена Рашэтнікава, Сяргей Трыфанаў, Андрэй Ляховіч, Аляксандар Шавеленка, Мікола Лавіцкі, Андрэй Таўстыка, Сяргей Бязьдзенежны атрымалі папярэджаньні.

Суды над Юрасём Пальчэўскім, Кірылам Папковым, Вячаславам Сіўчыкам прайшлі 28 сакавіка, Эдварда Зайкоўскага і Цімафея Дранчука судзілі 29 сакавіка. Уладзіслава Ігнатовіча будуць судзіць 1 красавіка, Зьмітра Бандарэнку — 2 красавіка, Лявона Ачапоўскага — 3-га.

У Гародні на Дзень Волі былі затрыманыя: Сяргей Бахар, Мікола Воран, Мікола Гом, Эдвард Дзьмухоўскі, Алег Завадзкі, Зьміцер Іваноўскі, Аляксей Кучар, Ігар Лапеха, Максім Лебедзеў, Мікола Лемяноўскі, Яўген Лугін, Сяргей Мальчык, Сьвятлана Нех, Міхаіл Патрэба, Андрэй Пачобут, Раман Рамашка, Віктар Сазонаў, Вадзім Саранчукоў, Алеся Сідлярэвіч, Алена Станкутэ, Аляксандар Сяўко, Юры Хадыка, Валер Цынкаль, Яўген Шабунька, Андрэй Шустоўскі. Вадзім Саранчукоў атрымаў 10 сутак арышту, Мікола Лемяноўскі - 150 “тарыфных адзінак” (1,5 млн. руб.) за арганізацыю незаконнага мітынгу ў Горадні, Віктар Сазонаў — 20 “адзінак”.

Днём раней у Горадні былі затрыманыя восем сяброў ЗБС зь Менску – Вольга Кузьміч, Юрка Сідун, Андрусь Філіповіч, Цімох Акудовіч, Алена Бандарэнка, Юрась Храмы, Васіль Лепеш, Кася Бохан, якія прыехалі ў мясцовы мэдінстытут сустрэцца з калегамі. Супрацоўніца Інтэрнэт-цэнтру Валянціна Суворына запрасіла іх у кабінэт, прымкнула і выклікала міліцыю. Маладзёнаў пратрымалі амаль тры гадзіны ў Ленінскім РУУС Горадні, прымусілі напісаць тлумачальныя і выпусьцілі на свабоду. У той самы дзень у Менску за расклейку налепак зь лягатыпам “Зубра” былі затрыманыя трое сяброў гэтай арганізацыі Алесі Анджыеўскі й Атрошчанкаў ды Цімафей Дранчук. З трэцяга курсу Магілёўскага політэхнічнага тэхнікуму “за палітыку” адлічылі “зубра” Аляксандра Патупчыка, які ўжо атрымаў 20 мінімалак па “шклоўскай справе”, і сябра АГП Аляксандра Каліту. У ноч на 26 сакавіка ў Магілёве затрыманыя зуброўцы Максім Дварэцкі і Андрэй Зайцаў. Яны ўдзельнічалі ў кампаніі графіці “Так жыць нельга”. Да іх падышлі двое маладых людзей нападпітку й распачалі бойку. Міліцыя затрымала ўсіх, але завадатараў адпусьціла, а зуброўцаў пратрымала да раніцы.

Натальля Брэль, якую судзяць за абразу прэзыдэнта Беларусі, папрасіла палітычнага прытулку ў Бэльгіі.

“Мужыцкая праўда” ня выйдзе

Рэдактар закрытай уладамі “Пагоні” Мікола Маркевіч паспрабаваў заснаваць новае выданьне — “Мужыцкую праўду”. Чым усё гэта скончылася, ён распавёў карэспандэнту “НН”.

 

“НН”: Чаму вырашылі назваць газэту менавіта так?

М.М.: Для нас “Мужыцкая праўда” — вельмі важная назва. Па-першае, яна азначае, што мы вымушаныя зноў працаваць у падпольлі. Па-другое, мы зноў мусім змагацца з тымі ж антыбеларускімі ўладамі, зь якімі змагаўся і Кастусь Каліноўскі. Дый асабіста мне вельмі падабаецца гэты сучасны зварот: “Мужыкі!”

“НН”: А чаму першую газэту назвалі не “Мужыцкая праўда”, а “Пагоня”?

М.М.: Першую газэту мы назвалі “Пагоняй”, бо яна рабілася на хвалі магутнага нацыянальнага адраджэньня. І на той час гэты сымбаль нам быў важнейшы. Бо гэта, па-першае, была нашая пагоня за наляцелым на нас ворагам. Па-другое, пагоня заўжды была справай супольнай, своеасаблівай талакой, і гэта для нас таксама было вельмі важна. І па-трэцяе, “Пагоня” — гэта рух, пастаянныя зьмены, своеасаблівая трансфармацыя. А зараз для нас важнейшая “Мужыцкая праўда”, бо даводзіцца жыць у зусім іншых умовах, даводзіцца зноў “партызаніць”...

Месяц таму мы падалі дакумэнты гарадзенскім уладам, каб узгодніць разьмяшчэньне рэдакцыі (як гэтага патрабуе Закон аб друку). І вось 20 сакавіка атрымалі адказ за подпісам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандра Антоненкі і кіраўніка справамі гарвыканкаму Аляксандра Калачова. Яны паведамілі нам, што, паколькі газэта “Мужыцкая праўда” ёсьць фактам беларускай гісторыі, помнікам беларускага народу, дык рэгістраваць выданьне з такой назвай “неэтычна”. Фактычна атрымалался так, што нам адмовілі зусім не па той заяве, якую мы падавалі. Наагул, рэгістраваць ці не рэгістраваць выданьне — справа Міністэрства інфармацыі, а не мясцовых уладаў.

Сам па сабе такі адказ — гэта езуіцтва найвышэйшай пробы. Людзі, якія робяць усё, каб зьнішчыць беларускасьць у Горадні, прыкрываюцца “абаронай” беларускасьці. Ім выгадней, каб гэтая назва засталася нейкім забранзавелым помнікам. А яшчэ дакладней — каб усё гэта пылілася недзе ў сутарэньнях і на гарышчах.

І нашая газэта — не адзінкавы прыклад. За апошні час у Горадні былі тры амаль аднолькавыя адмовы: нашаму выданьню, газэце Гарадзенскай суполкі ТБМ “Каложа” і газэце дэмакратычнага аб’яднаньня вэтэранаў “Рэха”. “Каложы” адмовілі ў рэгістрацыі на падставе пастановы Сыноду праваслаўнай царквы, які забараніў выкарыстаньне ўласных царкоўных назваў і імёнаў у камэрцыйных мэтах. Але ж “Каложа” — гэта тапонім, так завецца раён Горадні. А царква носіць імя сьвятых Барыса і Глеба. Дэмакратычнаму аб’яднаньню вэтэранаў адмовілі ў рэгістрацыі, бо арганізацыя завінавацілася за арэнду памяшканьня.

Мікола Маркевіч не апускае рук: у бліжэйшы час ён падасьць у Гарадзенскі гарвыканкам заяву на ўзгадненьне разьмяшчэньня рэдакцыі газэты “Голас”.

Гутарыў Аркадзь Шанскі

 


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру