29.03.2002 / 13:00

Барыс Тумар. Кантраляваная дэмакратыя

№ 12 (274), 29 сакавіка 2002 г.


Кантраляваная дэмакратыя

Чыста і ўтульна на кіеўскім вакзале. Працуюць эскалятары, мазаікі ў галоўнай залі зьзяюць пазалотай. Ані “тарбэшнікаў” з “краўчучкамі”, што апанавалі станцыі й базарчыкі паўднёвае Беларусі, ані бруду. Рэстаўрацыя кіеўскага вакзалу абагнала пабудову менскага.

На суседні пуць адначасова зь менскім цягніком прыбывае фірмовы з курортнага Трускаўца. Пасажыры апранутыя ня горш за беларусаў, сярод іх ёсьць нават замежнікі. На першы погляд Кіеў здаецца дагледжаным. Але гэта падманнае ўражаньне. Фасад, якія так добра ўмелі маляваць у камуністычных краінах.

 

Няма краіны, больш падобнай да Беларусі сваёй палітычнай сыстэмай, чым Украіна. Дзе Лукашэнка не бярэ прыкладу з Кучмы, там Кучма пераймае Лукашэнку. Справы Захаранкі й Гангадзэ, скандалы, зьвязаныя зь незаконным продажам зброі ў арабскія краіны, “кансультацыйныя” рэфэрэндумы аб пашырэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Побач з гэтым — пасьлядоўнае ўмацаваньне сувэрэннага дзяржапарату, падкантрольных СМІ пад рыторыку аб “славянскім адзінстве” і “сувязях з Усходам, важнейшых за сувязі з Захадам, на якім нас ніхто не чакае”.

Беларусь, праўда, застаецца за парогам Рады Эўропы, тады як Украіна ўсё яшчэ засядае там. Відаць, дзякуючы мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Зрэшты, у такім пакараньні мала патрэбы, калі насельніцтва Ўкраіны і безь яго скарацілася за апошнія 10 гадоў на 4 мільёны. Нячастыя запускі ўкраінскіх ракетаў, адна зь якіх трапіла ў жылы дом у Браварах, другая — у расейскі самалёт, толькі дарабляюць недаробленае гарэлкай.

Сама манера харчаваньня сучаснага ўкраінца не спрыяе доўгажыхарству. Мэню ў сталоўцы студгарадка, у якім спынілася сьціплая беларуская дэлегацыя, што прыехала на прэзэнтацыю “Ўкраінскага нумару” часопісу “Arche”, складалася з аднае першае стравы, дзьвюх салатаў, тузіну розных тартоў, дзясятка гатункаў марозіва, аднаго соку — таматнага — і дзясяткаў сартоў піва з усёй краіны. “Падары сабе хвілю асалоды”, — як кажа ўкраінская рэкляма чакаляды. Толькі хвіля асалоды й патрэбная чалавеку, у якога дома няма гарачай вады.

Душ па чацьвяргах

“Гэта яшчэ што! У Кіеве людзі раскашуюць. А ў нас у Вужгарадзе часта адключаецца электрычнасьць, а таму ў кожным пакоі даводзіцца трымаць лямпу дзённага сьвятла з акумулятарам”, — расказвае асьпірант Аграрнага ўнівэрсытэту Любамір, за якім я займаю чаргу ў душ “гуртожытку”. Душ (дзьве кабінкі на дзевяць паверхаў інтэрнату) працуе ў аўторкі, чацьвяргі, суботы (іншыя дні няма гарачай вады). Нам шанцуе прыйсьці на сустрэчу з кіеўскімі чытачамі чыстымі: сёньня чацьвер.

Любамір зьбіраецца зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб зачапіцца за Кіеў і не вяртацца ў Закарпацьце. Там меншыя заробкі, меней працы, а памежны гандаль і працоўная эміграцыя ў Вугоршчыну — слабы паратунак. Аднак, каб застацца ў Кіеве, яму пасьля сканчэньня асьпірантуры давядзецца або набыць кватэру (мінімум 6—7 тыс. даляраў за найгоршую аднапакаёўку), або здымаць (мінімум 30 даляраў у месяц).

Украінцы — сама ветлівасьць. Чарнавусы асьпірант прапускае мяне без чаргі як госьця сталіцы. У душы пахне грыбком. На дзьвярах — каляровы глянцавы плякат урадавае кааліцыі “За адзіную Ўкраіну” з партрэтам Тараса Шаўчэнкі і надпісам “Нас яднае культура”. Украінская абрэвіятура гэтага руху гучыць як “ЗаЕдУ”. Ягоны знак — жоўта-блакітны сланечнік. Побач з плякатам нейкія майстры “чорнага пі-ару” шлёпнулі налепачку. На ёй нож ды відэлец і той жа надпіс — “ЗаЕдУ”.

Урадавы блёк складаецца з Партыі рэгіёнаў (з базай у Данбасе), “Працоўнай Украіны” (Днепрапятроўск), народных дэмакратаў (Харкаў і поўдзень), аграрыяў (Галіччына й Валынь) ды Саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, кіраўнік якога цяпер стаіць на чале ўраду. А кіруе “ЗаЕдУ” Ўладзімер Літвін, надзейны сябар Кучмы. Ён адзін застаўся пры прэзыдэнту ад тае каманды, зь якой Кучма прыйшоў у рэзыдэнцыю на Банкавай у 1994 г.

Плякатамі ўрадавага блёку аблеплена ўсё, што ў дзяржаўнай маёмасьці, ад міністэрстваў да інтэрнатаў. А вось усё камунальнае і тое, што знаходзіцца пад пратэкцыяй мэрыі, — ад ЖЭСу да апошняе маршруткі — прагінаецца пад цяжарам транспарантаў, рэклямных канструкцыяў і расьцяжак іншага блёку з блізкароднаснаю назваю. Блёк “Адзінства” стварыў і ўзначальвае кіеўскі мэр і кіраўнік Фэдэрацыі хакею Ўкраіны Амельчанка.

Усяго на выбары выйшлі 33 партыі. Адрозьненьне Ўкраіны ад Беларусі: усе значныя службоўцы імкнуцца трапіць у парлямэнт. Старшыня Найвышэйшага суду Ўкраіны Бойка балятуецца ад “Адзінства”, кіраўнік прафсаюзаў Траян — ад кааліцыі “Наша Ўкраіна”, прэм’ер Кінах — ад урадавага блёку. І кожны зь іх на час кампаніі ўзяў прадугледжаны законам адпачынак. У парлямэнт па партыйных сьпісах ці ў аднамандатных акругах балятуюцца нават тэлевядучыя й вядомыя спартоўцы. Так, Сяргей Бубка, легендарны скакун з шастом, займае ганаровае месца ў першай дваццатцы “За адзіную Ўкраіну”. Побач з гэтым ураджэнцам Данецку знайшлося месца і для “першага касманаўта незалежнай Украіны”. Астранаўт Каданюк, які за палёт на амэрыканскім “Атлянтысе” атрымаў званьне генэрала, паходзіць з крайняга Захаду краіны, з Чарнавіцкай вобласьці, і мае зрабіць уражаньне на зусім іншую групу выбарцаў, чым Бубка. У выбарчых сьпісах — рэктары дзяржаўных унівэрсытэтаў, акадэмікі і нават рэдактар часопісу “Дніпро” — аналягу нашага “Полымя”. Апошні ўзначальвае альянс з падазронай назвай “Усеўкраінскі левы саюз “Справядлівасьць”.

Парлямэнцкі мандат ва Ўкраіне важыць болей, чым у нас. Высокія дзяржаўныя пасады на розных узроўнях кучмаўскай “вэртыкалі” раздаюцца пераважна партыйным і беспартыйным дзеячам, якія пасьпяхова прайшлі выбары. Неістотна, на якія грошы гэта рабілася. Усё адно, да якой партыі яны належаць. Сярод кіраўнікоў аблдзяржадміністрацыяў Украіны (старшынь аблвыканкамаў, па-нашаму) — прадстаўнікі дзевяці партый, ад “Працоўнай Украіны” да Дэмакратычнага саюзу. Галоўнае, што гэтыя людзі даказалі свае арганізацыйныя, фінансомобілізуючі і папулісцкія здольнасьці. Тых, хто не апраўдаў даверу, няцяжка адставіць.

Алігархічная сыстэма захоўвае раўнавагу і выжывае дзякуючы “абмежаваным дозам дэмакратыі”, забясьпечаным выбарамі ў заканадаўчы орган. Улада насамрэч належыць не парлямэнту, пандэмічна расколатаму на партыйныя групоўкі, а выканаўчай вэртыкалі. Затое, у адрозьненьне ад Беларусі ці Туркмэністану, ніхто ў Эўропе ня лічыць Украіну недэмакратычнай дзяржавай. Хоць, па вялікім рахунку, дэмакратыі ў ёй ня болей, чым у “Лукашэнкалэндзе”, як украінскія палітолягі любяць называць нашую чырванасьцяжную і сінявокую Рэспубліку.

Перамога правых

Паводле ўкраінскага заканадаўства, нельга друкаваць вынікі сацыялягічных апытаньняў пазьней, чым за два тыдні да выбараў. Апошнія зьвесткі былі абнародаваныя ў сярэдзіне сакавіка, якраз у час нашага прыезду. Прагноз сацыёлягаў на выбары па партыйных сьпісах быў наступны:

“Наша Ўкраіна” (Юшчанка) 28,0%

Камуністычная партыя 22,5%

“За адзіную Ўкраіну” 12,3%

Сацыял-дэмакраты (аб’яднаныя) 9,3%

“Жанчыны — за будучыню” (пры ўдзеле жонкі Кучмы) 7,8%

Зялёныя (пры ўдзеле зяця Кучмы) 7,7%

Блёк Юліі Цімашэнкі 5,8%

Астатнія менш за 4%.

Упершыню за час незалежнасьці лідэрам перадвыбарнае гонкі стала нацыянал-дэмакратычная кааліцыя, што згуртавалася вакол былога кіраўніка Нацбанку і прэм’ера Віктара Юшчанкі. За Юшчанку, паводле зьвестак сацыёлягаў, зьбіраюцца галасаваць большасьць пэнсіянэраў, бо менавіта падчас ягонага прэм’ерства ім упершыню за час незалежнасьці выплацілі пэнсіі ў тэрмін. Сярэдняя пэнсія ва Ўкраіне складае 20—25 даляраў.

Кантраляваная дэмакратыя

Перамога Юшчанкі на выбарах не азначае, што ён атрымае рэальную ўладу ў краіне ці хоць бы яе долю. Фармаваньне кабінэту міністраў ня будзе даручана яму. Украінскі плюралізм такі ж “кантраляваны”, як і беларускі, толькі іншымі лейцамі.

Ва Ўкраіне рэальную апазыцыю дапускаюць у парлямэнт. А ўлада пэўных груповак грунтуецца не на парлямэнцкай большасьці, а на маніпуляцыі грамадзкай думкай з дапамогай газэтаў, радыё і тэлебачаньня. Апазыцыя фактычна ня мае сваіх СМІ. З агульнанацыянальных газэтаў апазыцыйнымі застаюцца толькі “Сільські вісті” (яе рэдактар уваходзіць у першую пяцёрку выбарчага сьпісу Сацпартыі) і “Дзеркало тижня”/“Зеркало недели”, якое выдаецца на дзьвюх мовах. (Дарэчы, гэта папулярная ва Ўкраіне практыка, якая заслугоўвае шырэйшага ўкараненьня ў Беларусі. Кампутарныя праграмы перакладу аўтаматызуюць працэс. Такім чынам, чытач мае выбіраць газэту на той мове, якую хоча, і вызвалены ад неабходнасьці ламаць вочы на дзьвюхмоўных гібрыдах.)

Канкурэнцыя кланаў, кожны зь якіх мае свае палітычныя партыі і СМІ, — вось сутнасьць цяперашняй украінскай палітыкі. Яны змагаюцца за ўплыў на кіроўную групоўку дзяржаўнай бюракратыі на чале з Кучмам. Бюракратыя ж мае манаполію на сілу. Толькі ёй падпарадкоўваюцца сілавыя структуры, рэпрэсіўны апарат. Гэтая сіла — самая канвэрсоўная валюта і найвялікшая каштоўнасьць у краіне зь нізкай прававой сьвядомасьцю. Хто валодае ёю, той валодае тут усім. Акулы ўкраінскага бізнэсу нагадваюць тлю на дрэве, а кіраўнікі бюракратычнае піраміды — мурашак, якія яе гадуюць і дояць. Першыя ня могуць без другіх, другія бязь першых, а дрэва, г.зн., грамадзтва, церпіць. Яму здаецца, што без мурашак тля яго зусім заела б. Зрэшты, апалягеты сыстэмы апраўдваюць яе неабходнасьць і непазьбежнасьць “парадкам”, які яна нясе. Маўляў, лепш гэткі парадак, чым ніякага.

Ня выключана, што падобная сыстэма выбудуецца праз пару гадоў і ў Беларусі.

Зьмена рэжыму не прадугледжваецца

Галоўнаю асаблівасьцю ўкраінскае (і беларускае) дэмакратыі зьяўляецца яе імітацыйны характар. Фармальна дэмакратычныя працэдуры прысутнічаюць: абіраюцца палата прадстаўнікоў ці вярхоўная рада; але палітычная сыстэма не прадугледжвае галоўнага — магчымасьці вольнае і дэмакратычнае зьмены рэжыму. Апазыцыя быццам бы й ня можа ня браць удзелу ў выбарах, бо іначай няма магчымасьці ўплываць на сытуацыю. А ўлада заўжды можа беспакарана пайсьці на такую колькасьць працэдурных і іншых парушэньняў, якая гарантуе ёй фармальна цалкам дэмакратычную перамогу. Калі трэба, дык нават 75% галасоў. Адзін расейскі палітоляг дасьціпна параўнаў такую разнавіднасьць дэмакратыі зь вядром, на выгляд бліскучым і салідным, але з функцыянальным недахопам — дзіркай у дне, прычым ня дужа вялікай, а акурат такусечкай, каб па дарозе ад калодзежа да ганку выцекла неабходная колькасьць вады.

Грачы праляцелі

Паколькі ўкраінская сыстэма ўлады трымаецца на маніпуляцыі сьвядомасьцю электарату, падчас перадвыбарчай кампаніі выбарцаў зьбіваюць з панталыку настолькі, каб яны ўрэшце адракліся ўсякіх спробаў зразумець нешта сваім розумам і прагаласавалі гэтак, як падказвае тэлевізар.

Таму на ўкраінскіх выбарах здарыліся розныя дзівосы. У 46 аднамандатных акругах былі зарэгістраваныя 119 кандыдатаў з аднолькавымі прозьвішчамі, імёнамі, а часта нават і імёнамі па бацьку.

Цэнтравыбаркам спрабаваў змагацца з гэткай зьявай, прысвойваючы нумары імёнам кандыдатаў у бюлетэнях. Такім чынам, у адной з сымфэропальскіх акругаў на выбары выйшлі два Леаніды Іванавічы Грачы: адзін зь іх — кіраўнік крымскае Кампартыі, а другі — кандыдат ад Камуністычнае рабочае партыі Крыму. Ня страшна, што Грача-2 да 29 студзеня сябры ведалі як Аляксандра Іванавіча Папету, ураджэнца гораду Ўсурыйску, што ў Прыморскім краі. У сьнежні сп.Папета папрасіў памяняць яму імя на Леанід Іванавіч Грач, і яму гэта пасьпяхова ўдалося. Праўда, рэгістрацыю Грача-2 скасавала выбарчая камісія, ляяльная Грачу-1, а рэгістрацыя Грача-1 “праляцела” па рашэньні раённага суду, які знайшоў, што камуніст Грач-1 пры запаўненьні падатковай дэклярацыі на 200 (!) мэтраў занізіў плошчу сваёй кватэры. Пазьней, вышэйшыя ўстановы адмянілі рашэньні ніжэйшых. Таму выбарцы так і ня ведалі, сутыкнуцца яны ў сваіх бюлетэнях з двума Грачамі, з адным ці зь ніводным.

Плынь жа нявіннае дэзінфармацыі ў СМІ не паддаецца вымярэньню. Нядаўнім пацыентам Зімоўскага й Новікава гэтага можна не тлумачыць.

Маштабы выкарыстаньня брудных тэхналёгіяў выявілі тэмп інфляцыі маральных каштоўнасьцяў ва ўкраінскім грамадзтве. Беднасьць не загана, але яна робіць чалавека закладнікам свайго голаду.

“Голас у нас каштаваў 50 грывень, партыя — 5000”, — тлумачыць мне кіеўскі студэнт-палітоляг Багдан Чэрвак, па сумяшчальніцтве “пі-ар-кансультант” уладальніка дзьвюх мэблевых крамаў, што балятуецца ў райсавет ад Кампартыі. “Якщо вона невеличка”, — дадае ён пасьля паўзы. А я ня ўцямлю: жартуе ён ці сур’ёзна.

Аднак рэжым “кантраляванае дэмакратыі” мае і свае “слабасьці”. Ён ня можа ўсё ж не прадугледжваць пэўных палітычных свабодаў. Таму, у адрозьненьне ад Робэрта Мугабэ, Лукашэнку й Кучму не прыйшло пакуль у галаву адкрыць у тых гарадах, дзе апазыцыя, нягледзячы ні на што, захоўвае папулярнасьць, роўна столькі выбарчых участкаў, каб нават палова ахвотных, адстаяўшы два дні ў чарзе, так і ня здолела прагаласаваць у вызначаны законам час.

Гэта ваша краіна

Ці зьяўляецца пэрыяд псэўдадэмакратыі непазьбежным пры пераходзе ад таталітарызму да дэмакратыі? Там, дзе нацыянальнае пачуцьцё і грамадзянская супольнасьць моцныя, як у краінах Балтыі ці Цэнтральнай Эўропы, дэмакратыя выявілася ўстойлівай. Затое ва Ўкраіне ці Беларусі яна набыла проста манструозныя формы. Гэта даводзіцца трываць. Аднак з гэтым нельга прымірыцца.

Віктар Юшчанка бліскуча прадэманстраваў, што можна проціпаставіць заганнай сыстэме. Ён унікнуў лабавога сутыкненьня з кучмаўскай сыстэмай. Юшчанка аддае перавагу ўдарам па флянгах і па асобных аддзелах праціўніка. У пэўным сэнсе ён паўтарае тактыку раньняга Пуціна, не гатовага да лабавога сутыкненьня з алігархічнай ельцынскай сыстэмай. Аднак тактыка Юшчанкі разьлічана на больш эўрапейскую краіну, чым Расея.

“Гэта ваша Ўкраіна! Гэта ваша Ўкраіна!” — нястомна зьвяртаецца ён да людзей на мітынгах, аб’яжджаючы райцэнтар за райцэнтрам. Ягоная кааліцыя выстаўляе сябе хутчэй як альтэрнатыву, чым як апазыцыю. Яна складаецца з 25 лібэральных, патрыятычных і хрысьціянска-дэмакратычных груповак ды прафсаюзаў. У адрозьненьне ад былога рамантычнага Руху, “Наша Ўкраіна” грунтуецца на чыста прагматычных і кампрамісных прынцыпах, перш за ўсё — на эканамічнай плятформе. 75% праграмы “Нашай Украіны” прысьвечана эканоміцы. Таму ў яе ўваходзяць такія розныя дзеячы, як мэр Адэсы Гурвіц і Тарас Чарнавіл, сын Вячаслава, нацыяналістка Слава Стэцько і абодва былыя міністры замежных справаў краіны.

Здолее Юшчанка сфармаваць найбуйнейшую парлямэнцкую фракцыю ці не, але альтэрнатыву выбаршчыкам ён ужо прапанаваў. Прынамсі, мой сваяк з Луцку ўжо ня кажа цяпер “плачам, а галасуем”, як жаліўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 99-га, на якіх прыйшлося выбіраць між Кучмам і камуністам Сіманенкам.

Алігархі-сацыялісты

Што такое ўкраінская алігархічная групоўка, можна пабачыць на ўзоры аднае зь іх, з ружовай назвай Сацыял-дэмакратычнай партыя Ўкраіны (аб’яднаная). Кар’ера яе лідэра Медведчука мае, як і ў многіх ягоных паплечнікаў, кагэбісцкія карані. Гэта ён, Медвядчук, у свой час адправіў у ГУЛАГ славутага ўкраінскага паэта Васіля Стуса, дзе той у 1986 г. і памёр.

У першай палове 1990-х Медвядчук разам з Рыгорам Суркісам, уладальнікам кіеўскага “Дынама”, Аляксандрам Зінчанкам, кіраўніком банку “Балчуг”, і Міхалам Бродзкім, кіраўніком банку “Дэндзі”, здолеў зграмадзіць у сваіх руках вялізнае багацьце. Львоўскі палітоляг Кастусь Бандарэнка адносіць да іх імпэрыі прамыслова-фінансавую групу “Славуціч”, завод фэрасплаваў у Запарожжы, “Дняпроспэцсталь”, сумскае НПА імя Фрунзэ, Украінскі крэдытны банк, банк “Зэўс”, дзясятак аблэнэрга, Украінскую аграрную біржу, Саюз адвакатаў Украіны, газэты “Киевские ведомости”, “Бизнес и политика” і яшчэ дзясяткі прадпрыемстваў, фондаў, афшораў. А брыльянт у кароне гэтай групоўкі — самы папулярны ва Ўкраіне канал “Інтер” — украінскі варыянт БТ-2 на хвалі ОРТ.

Вяршыняю палітычнай кар’еры Медведчука стала віцэ-сьпікерства ў парлямэнце. Яно скончылася гучнай адстаўкай, прынятай супольным рашэньнем камуністаў, рухаўцаў і кучмістаў, якія ўрэшце адмовілі амбітнаму магнату ў даверы. Падзеньні і ўзьлёты СДПУ(а) тыповыя для алігархічнае партыі. Уплыў такіх залежыць не ад сацыяльнай базы ці папулярнасьці ідэалёгіі, а ад сымпатый выканаўчай улады і, адпаведна, таўшчыні перадвыбарчага кашалька.

З тае пары як блаславеньне Кучмы пала на блёк “За адзіную Ўкраіну”, Медвядчук стаў шукаць паратунку, каб не праваліцца на выбарах. І знайшоў яго ў выглядзе расейскай падтрымкі. Ён запатрабаваў прызнаць за расейскай мовай статус афіцыйнай. Такія рэчы лічацца кепскім тонам сярод украінскае палітычнае эліты. А расейскі пасол Чарнамырдзін і кіраўнік адміністрацыі Пуціна ўжо двойчы публічна назвалі сацыял-дэмакратаў у ліку партыяў, што спрыяюць разьвіцьцю ўкраінска-расейскіх сувязяў.

Расея гатовая прытуліць у цяжкую гадзіну ня толькі ўкраінскіх алігархаў, але й самога Кучму, як і Лукашэнку і, здаецца, любога дыктатара ў межах СНД, абы ён захоўваў вернасьць Маскве.

Прэзыдэнт Кучма гэта “зразумеў”. Так можна інтэрпрэтаваць ягоную рэакцыю на рэзалюцыю Палаты прадстаўнікоў ЗША, якая заклікала ўкраінскі ўрад забясьпечыць дэмакратычныя, адкрытыя і справядлівыя выбары 31 сакавіка. “Мы хто, нацыя ці футбольнае поле для стратэгічных партнэраў?” — абураўся Кучма перад тэлекамэрамі. Патрыятычны запал Кучмавай заявы падмочваўся толькі тым нюансам, што днём раней адказаць на “амэрыканскі дыктат” украінцам публічна параіў Віктар Чарнамырдзін: “Чаму б Украіне не зрабіць заяву, што ў ЗША абралі аднаго прэзыдэнта, а кіруе іншы?” І Кучма паслухаўся парады, адно што зьмякчыў тон.

Як быў мудаком, так і...

Амэрыканскі дасьледчык Кейт Дардэн назваў палітычную сыстэму Ўкраіны і шэрагу іншых краінаў СНД “шантажысцкай дзяржавай”. У гэтых краінах нагляд за выкананьнем законаў суворы, але пры гэтым кіраўніцтва паблажліва ставіцца да асобных праяваў карупцыі ці парушэньня законаў элітамі. У выніку ствараецца ілюзія беспакаранасьці. Між тым кантрольныя органы нястомна адсочваюць сытуацыю і назапашваюць інфармацыю. І як толькі нехта, кшталту бізнэсмэна Клімава, перастае праяўляць палітычную пакору, назапашаны кампрамат выкарыстоўваецца для шантажу.

Дардэн прыводзіць красамоўны фрагмэнт запісаў, зробленых маёрам Мельнічэнкам, які служыў у ахове Кучмы. У ім індывід, падобны да кіраўніка Ўкраінскае падатковае службы і адначасова лідэр Партыі рэгіёнаў, размаўляе з індывідам, падобным да ўкраінскага прэзыдэнта. Гэты фрагмэнт варта пакінуць у арыгінале:

А.: Теперь, значит, по “Нефтегазу”. Я пригласил Бакая, как мы с вами договорились, так, показал ему вот эти вот схемы,— это мои люди делали, которым я доверяю. Переговорил с Александр Михайловичем, выяснил, сколько ж там реально поступило, и сказал ему дословно следующее. Значит, Игорек, ну ты минимум, ну так от миллионов сто положил в карман. Минимум. Я понимаю, конечно, что, значит, я тебя, разумеется, подставлять не буду тут. Я тебе даю две недели, ну месяц — (...). Я ему показал все эти схемы — уничтожь, так сказать, все эти бумаги, которые свидетельствуют прямо или косвенно о всех твоих делах. Ты делал тупо и глупо. И я показал, что он делал тупо и глупо. Ну, сейчас уже это дело прошло. Вот. Он говорит мне: отзовите (...) всех — у нас же там налоговый пост. Отзовите всех. Я отозвал. (...). Вот я ему даю (...) месяц февраль, вот, а потом я ж не могу отзывать. Потом мне кто-то скажет, почему отозваны.

К.: Абсолютно. Я ему сказал. Слушай, дорогой, никто твою жопу прикрывать не будет.

А.: Да мудак он, Леонид Данилович. Он был мудаком, он им останется.

К.: Да, дорогой, я с тобой согласен, (...) я с тобой согласен.

А.: Я говорю, можно ж было по уму делать все это,— нет, он делал так, что любой тупой ревизор увидит липовую схему расчетов, тупой даже.

К.: Та слушай, (не только ж он) всюду, всюду безнаказанность! (...)

А.: (...) Ну, то-то и оно. Значит, вот так мы договорились с этим Бакаем. Надо его в больницу (...) положить.

Карупцыя ды выбарачнае прымяненьне законаў выклікаюць тое, піша Дардэн, што прынцыпы фармальнай дэмакратыі могуць выявіцца толькі фасадам, за якім хаваюцца мацнейшыя і больш гіерархічныя нефармальныя структуры рэальнае ўлады ў дзяржаве. Зьмяніць такую сыстэму цяжка, бо ўсім тым, хто мог бы яе зьмяніць, ніякіх зьменаў ня трэба. Улада нібы навечна застаецца ў прэзыдэнта і ягонага атачэньня, рэсурсы — у алігархаў, мас-мэдыі яны кантралююць разам, а народ або запалоханы, або задураны.

Загадка бананаў

Чым больш адсталая краіна, тым больш слодычаў у ёй спажываюць жанчыны і таннага алькаголю — мужчыны. І тым большая доля ад агульнага рэклямнага пірага прыпадае на тэлевізію.

Ніводнай газэты на ўкраінскай мове на ўсім вакзале не прадаецца. Толькі па-расейску: лібэральны “День”, жоўтыя “Факты и комментарии”, “Столичные новости” — клон “Московских…”, “Камсамолка”. Ва ўсіх іх на першай паласе — заказныя перадвыбарчыя матэрыялы. За Марчука, за Амельчанку, за Літвіна. Агітацыя за кандыдатаў ніжэйшага рангу хаваецца на задніх старонках. У газэце “День” галоўны доктар санаторыю “Трускавец” хваліцца сярэднім заробкам работнікаў “Трускавецкурорту”: летась ён склаў аж 276 грывень у месяц (на беларускія грошы 90 тыс. рублёў). Як можна пражыць на такія грошы пры ўкраінскіх камунальных плацяжах, для беларуса застаецца невырашальнай загадкай. Як і тое, чаму ў Кіеве бананы каштуюць на 20% даражэй, чым у Менску. Ці то ў нас іх вырошчваюць недзе ў глушы беларускіх калгасаў, якія “мы не далі разваліць”, ці то гэта кожны ўкраінскі бананаед сплачвае падатак на перадвыбарчую кампанію алігархаў. Хутчэй другое.

Украінскі палітоляг і гісторык ідэяў Мікола Рабчук у інтэрвію “НН” 1 лютага даў несуцяшальны прагноз пасьлявыбарнага надвор’я ва Ўкраіне: “Будзе такое самае балота, як цяпер, прынамсі да прэзыдэнцкіх выбараў 2004 г.”. Тым ня менш, сам Рабчук на час спэцыяльна прыехаў з Будапэшту, дзе ён цяпер выкладае ва ўнівэрсытэце, у Кіеў выбараў. Каб прагаласаваць і абараняць вынікі галасаваньня ад фальсыфікацыі. Ён верыць у недаўгавечнасьць цяперашняга ўкраінскага рэжыму. У грамадзянскім пачуцьці такіх, як Рабчук, найбольшая зарука ўкраінскае будучыні. Кропелька, як вядома, камень точыць.

Барыс Тумар


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру