29.03.2002 / 13:00

З усёй краіны

№ 12 (274), 29 сакавіка 2002 г.


З усёй краіны

 

Падарункі ад Завальнюка

Старшыня калгасу “Савецкая Беларусь” Вацлаў Мацкевіч прывёз зь Менску 140 падарункаў для дзетак сваіх аднавяскоўцаў. Лялькі, сшыткі, электронныя гульні, а таксама мыла й зубную пасту перадаў для смургонскіх малых ад іх амэрыканскіх аднагодкаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Дарослым айцец Уладзіслаў даслаў насеньне морквы, капусты, буракоў, памідораў. Вядома, бясплатнае.

Кветкі Тадэвушу

Зазвычай маладыя, што бяруць шлюб, ускладаюць кветкі да Пераправы — помніка, пастаўленага пасьля другой сусьветнай. Але смургонскі хлопец Юрась Рурак і ягоная нарачоная Натальля, насуперак традыцыі, паехалі да “каменя Касьцюшкі”, што ў мястэчку Залесьсе — колішнім маёнтку Агінскіх, бо там пазнаёміліся.

Браканьеры адкрылі сэзон

Тры менчукі прыехалі на Рачунскае вадасховішча “рыбкі палавіць”, прыхапіўшы паляўнічыя стрэльбы. Забілі 2 качак і 3 белых лебедзяў. Шкоду ў лясьніцтве ацэньваюць у 1130 тыс. руб. Затрыманы пакуль толькі адзін браканьер, 1977 г.н. Узбуджаная крымінальная справа.

Танцы даражэюць

На Смургоншчыне падаражэлі дыскатэкі. Цяпер, каб патанчыць у сельскім клюбе, трэба заплаціць 500 рублёў, у цэнтральных ДК (іх у раёне 10) танцы каштуюць 800 рублёў, а ў Смургонскім гарадзкім доме культуры — 1000 рублёў (раней было 600). Цэны ўзьняліся, бо патрэбныя грошы на рамонт танцпляцовак.

Саўчанка незадаволены

У Смургоні прыяжджаў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка. Больш за ўсё яго цікавіла падрыхтоўка да пасяўной. Угнявіла начальніка тое, што 50% гаспадарак раёну ня маюць фосфарных угнаеньняў, а на жывёлагадоўчых комплексах самае нізкае сярэднясутачнае прыбаўленьне ў вазе і найбольшы расход корму. Самым слабым гаспадаркам Саўчанка паабяцаў дапамагчы: калгасу імя Неўскага выдзеліць трактар, а калгасу імя Дзяржынскага — камбайн.

Сьцягі незалежнасьці

Ужо другі год запар невядомыя патрыёты своеасабліва адзначаюць Дзень Волі ў Смургонях. Раніцай 25 сакавіка яны раскідалі па дрэвах, што ў цэнтры гораду, бел-чырвона-белыя сьцяжкі. На жаль, амаль ніхто не зьвярнуў увагі на сьцяжкі, што заблыталіся ў галінках.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Таямнічы вірус

У Магілёве выяўлены вірус невядомага паходжаньня. Пацярпелі больш за 250 чалавек, большасьць зь якіх — дзеці. У Міністэрстве аховы здароўя кажуць, што прычына інфэкцыі канчаткова яшчэ ня вызначаная. Хутчэй за ўсё, крыніцай захворваньня сталася садавіна ці гародніна, у якой знаходзіўся вірус невядомага паходжаньня. Такіх успышак віруснай інфэкцыі на тэрыторыі Беларусі раней не было.

Пакроўскі

Бараны ня пройдуць

Баранавіцкі райвыканкам, ствараючы герб раёну, зьвярнуўся ў беларускую Геральдычную службу. Там прапанавалі шчыт з 4 галовамі бараноў. У райвыканкаме, аднак, палічылі бараноў непрымальнымі і загадалі мясцовай архітэктурнай службе тэрмінова распрацаваць герб, які б меў больш шляхетны выгляд.

Руслан Равяка, Баранавічы

Даляры ў прэзэрватыве

На берасьцейскай мытні ў цягніку “Масква-Бэрлін” затрымалі расейца, які спрабаваў правезьці празь мяжу звыш 31 тыс. даляраў, схаваўшы іх пад штанамі ў прэзэрватыве. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа.

Насеньне ружаў

З надыходам вясны вулічныя гандляры пачалі прадаваць танныя пакуначкі з розным насеньнем. Сярод іх часам сустракаюцца й падробкі. Так, адна гаспадыня-берасьцейка набыла насеньне ружаў, хоць ружы заўжды садзяць флянсамі.

Цёмныя за 60, сьветлыя за 40

У ружанскіх пунктах прыёму шклатары невядома чаму за цёмныя піўныя бутэлькі даюць па 60 рублёў, а за сьветлыя — па 40.

Хочуць праваслаўную гімназію

У Берасьці з блаславеньня ўладыкі Сафронія, галавы Берасьцейска-Кобрынскае япархіі, пачаўся збор подпісаў за будаўніцтва ў горадзе праваслаўнай гімназіі. Хто падпісваецца, а хто й не.

І.Хведаровіч, Берасьце

Бывай, зброя

Ідзе расфармаваньне 1146-га гвардзейскага зэнітна-ракетнага палка, які з 1956 г. стаяў у Воршы ды ахоўваў буйны вайсковы аэрадром у Балбасаве. Пасьля вываду авіяпалка стратэгічных бамбавальнікаў у Расею патрэба ў ракетчыках зьнікла. Цяпер ужо ня будзе для мясцовых хлопцаў халяўнай службы пад бокам у бацькоў, а афіцэрам давядзецца працаўладкоўвацца. Расфармаваная і брыгада мабільных сілаў, што стаяла ў Баравусе. Нязвольненых афіцэраў перавялі ў дэсантныя часьці Віцебску й Берасьця.

Віктар Лютынскі, Ворша

 

Асуджаныя міліцыянты

26 сакавіка судзьдзя Кастрычніцкага раёну Менску Маргарыта Рыштоўская пакарала пазбаўленьнем волі пяцёх міліцыянтаў з РУУС Першамайскага раёну. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Уладзімер Крамсаеў, Сяргей Бурдыка, Алег Данчанка, Аляксандар Ерафееў і былы ўчастковы Мікалай Ліпскі прызнаныя вінаватымі ва ўжываньні фізычнага ўзьдзеяньня да падазроных і атрымалі, адпаведна, 6, 4,5, 3 (з адтэрміноўкай), 3 (гэтаксама) і 4,5 году пазбаўленьня волі. Суд кваліфікаваў іхныя дзеяньні як перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў і прымяніў да іх ч.2 арт.167 КК 1960 г. Апрача таго, Крамсаеў прызнаны вінаватым у злоўжываньні ўладай і службовым становішчам (арт.424 ч.1 КК 1999 г.), а Мікалай Ліпскі — у злачынствах, прадугледжаных арт.205, ч.1 (крадзеж) і арт.210, ч.2 КК Беларусі 1999 г. Па арт.295, ч.2 КК 1999 г. Ліпскі апраўданы ў сувязі зь недаказанасьцю віны. 5 год асуджаныя ня змогуць працаваць у праваахоўных органах.

Б.Т.

 

 

з усіх старон

Наркаман з зэніткай

У Расеі ў Пецярбургу супрацоўнікі транспартнай міліцыі канфіскавалі ў 26-гадовага наркамана, затрыманага ў пад’езьдзе свайго дому, зэнітную ўстаноўку “Іголка”, прыдатную для стральбы. Наркаман кажа, што знайшоў яе на ваенным палігоне каля станцыі Аляксандраўская, доўга хаваў на лецішчы, а потым прывёз у горад — паказаць сябрам.

Небясьпека праляцела міма

Касьмічны аб’ект дыямэтрам больш за 70 м прайшоў на вельмі малой адлегласьці ад Зямлі — 461 тыс. км (для параўнаньня: радыюс месяцавай арбіты складае 384 тыс. км). Астэроід рухаўся з боку Сонца і быў выяўлены, толькі калі пачаў аддаляцца ад Зямлі. У выпадку сутыкненьня з нашай плянэтай ён выклікаў бы разбурэньні, эквівалентныя выбуху ядравай бомбы магутнасьцю 4 мэгатоны — г.зн. большыя, чым Тунгускі мэтэарыт.

Больш за 10 тысячаў забітых і параненых

З пачатку контратэрарыстычнай апэрацыі на Паўночным Каўказе ў жніўні 1999 г. фэдэральныя сілы страцілі забітымі 3220 вайскоўцаў, параненымі — 8972. Гэтыя лічбы тычацца толькі асабовага складу Мінабароны і ўнутраных войскаў Расеі.

Паводле Інтэрнэту


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру