Зоська Верас: Я помню ўсё

 

І сама яна ведала нямала, і муж ейны — Тамаш Грыб — стаяў ля вытокаў БНР. Што-кольвек чула і Ларыса Александроўская, і акадэмік Гаўрыла Гарэцкі, а Міхась Ганчарык на адным зь вечароў у Доме літаратара згадваў пра якісьці беларускі зьезд зь сямнаццатага году, удзельнікам якога ён сам быў. Але агаварыўся: быў малады і ня ўсё разумеў. “Усю ноч, — казаў, — прагаварылі пра беларускія клопаты, начуючы на якімсь гарышчы”. Не заікнуўся я ні словам пра БНР і з Канстанцыяй Буйлай. Нават з Зоськай Верас, найшчырэйшым чалавекам, непасрэднай удзельніцай тых падзеяў, і то не парушылі мы глыбока згаданай тэмы. А калі верыць зьвесткам часопісу “Шляхам жыцьця”, Зоська Верас працавала ў Радзе БНР. У сваім сямейным архіве яна як дарагую рэліквію перахоўвала здымак сяброў Вялікае беларускае рады і Беларускае вайсковае рады, зроблены ў кастрычніку 1917 г. Гэты здымак яна даверліва паказвала кожнаму, давала да яго свой камэнтар. Аднак ня ведаю, ці запісаў хто зь яе наведнікаў тыя камэнтары. З памяці ж іх перадаваць нельга. Можна наблытаць. Адзінай крыніцай могуць цяпер быць толькі запісы, зробленыя ейнай рукой. Колькі згадак пра падзеі таго часу ёсьць у яе лістах да мяне. Зазірнуць у іх падказаў мне ўсё той жа Віталь Скалабан. Неяк раз тэлефануе і кажа: “Паглядзі, ці няма якіх згадак у лістах Зоські Верас пра той гістарычны здымак?” Зазірнуў. У лісьце за 12 чэрвеня 1977 г. прачытаў:

“Паважаны Ўладзімер Ільліч!

...Учора Зяць прынёс здымкі: фатакопіі Багушэвічавых вершаў, беларускіх і польскіх, фатакопію групы са Зьезду. Так, гэты здымак гістарычны і хіба вельмі рэдкі. А калі дзе ёсьць, то, напэўна, глыбока схаваны ад людзкога вока... Праўда, я бачыла гэты здымак, зьмешчаны ці не ў календары — ня помню, там быў подпіс: “Паседжаньне Зьезду”. А гэта не паседжаньне, а проста пасьля Зьезду фатаграфаваліся на памятку. Шмат каго няма. Няма: Т.Грыба, Серады, Цьвікевіча, Захаркі, Ф.Шантыра... і іншых”.

Паводле слоў Зоські Верас, згаданы зьезд праходзіў у доме губэрнатара. Там і фатаграфаваліся. Зоська Верас казала, што на гэты зьезд, ці на нейкі іншы, прыходзіў і Янка Купала. Аднак актыўнага ўдзелу ня браў. Пасядзеў на падаконьні, паслухаў і пайшоў. Такая Купалава пазыцыя вельмі зьдзівіла Зоську Верас, тады маладую сакратарку розных беларускіх зьездаў і кангрэсаў — панну Людвіку Сівіцкую. У лісьце да Эўфрасіньні Андрэевай за 4 сьнежня 1976 г. Зоська Верас пісала: “Ня ведаю чаму, але ні Купала, ні Яго жонка не прымалі ніякага ўдзелу ў працах Таварыства помачы ахвярам вайны, хоць каля яго гуртаваліся ўсе беларускія сілы таго часу...”

Удзельнікам шматлікіх тагачасных беларускіх зьездаў разам з Зоськай Верас быў і Алесь Чарвякоў. На здымку яны побач. То я пацікавіўся, што яна можа расказаць пра Чарвякова, ці выпадкова яна зь ім на здымку побач. Зоська на мае запытаньні паведаміла: “Пытаецеся пра Чарвякова? Я яго ведала тады, калі праходзілі зьезды — Усебеларускі ды Вайсковы. Былі паседжаньні, нарады, гутаркі, выступленьні… Цэлыя вечары дапазна. Я, на сваю бяду, была сакратаркай. Апрача штодзённай, ад раніцы працы ў камітэце Таварыства помачы ахвярам вайны…

Канчаліся паседжаньні позна. Заўсёды хто-небудзь праводзіў. Вельмі часта Чарвякоў... Да таго былі змучаныя паседжаньнямі, дыскусіямі, а я — пісанінай пратаколаў, што, ідучы, ужо стараліся адпачыць і гаварыць на самыя “лёгкія” тэмы... Так што цікавага з гэтых гутарак нічога ў памяці не засталося…”

Зусім нечакана ў нашым ліставаньні паўсталі эпізоды падрыхтоўкі зьезду. Неяк пры стрэчы Зоська Верас, расказваючы пра тагачаснае жыцьцё ў Менску, прыгадала, што аднаго разу яна з кімсьці і чагосьці позна ўвечары пераносіла лямпу зь “Беларускай хаткі” ў “Беларускую кнігарню”, якая была поблізу. З кім жа? Вырашыў перапытаць лістоўна, з кім яна пераносіла тую лямпу і зь якой нагоды. Адказ атрымаў даволі падрабязны:

“6.ІІ 1988

Вільня

Дарагі Ўладзімер Ільліч!

Люблю адказваць на Вашыя пытаньні — усе яны ясныя, усе канкрэтныя...

...Што да “спацыраў” зь лямпай у кнігарню зь “Бел. хаткі”, то Вы ўсё пераблыталі! Мы туды не з Максімам Б. хадзілі, а зь Міколам Шылам — вайскоўцам. Ён павінен быў намаляваць надпісы ці, лепей, апаскі на рукавы тым, хто меў ісьці на вакзал спатыкаць дэлегатаў на Вайсковы Зьезд. Ён прыгатаваў кватэры для дэлегатаў, наладзіў харчаваньне. А як, па якіх знаках дэлегаты пазнаюць на вакзале тых, хто іх спатыкае? да каго ім падысьці? — забыўся... Прыйшоў у “Бел. хатку” пахваліцца, што ён усё зрабіў і што заўтра пойдуць спатыкаць дэлегатаў. А тут я яго перапыніла: “І што — станеце і будзеце крычаць: хто на зьезд — хадзіце да мяне!” А Шыла сядзіць і глядзіць на мяне: “Праўда, як жа я не падумаў? І што рабіць?” Я папрасіла ў сваёй мамы палатна, сшылі адпаведныя апаскі на рукавы — і кажу Шылу: цяпер рабіце — малюйце надпіс: “Зьезд дэлегатаў Заходняга Фронту”. — “А чым?” — пытаецца Шыла. Я яму дала сьвежа купленыя акварэлі ў цюбіках.

Работы было хіба на цэлую ноч... Пастанавілі, што пойдзем працаваць у кнігарню. Ключ якраз Ядвігін пакінуў у “Бел. хатцы”, але там, у кнігарні, не было сьвятла... Прыйшлося мне зь ім пайсьці, памагчы нясьці лямпу і ўсё астатняе. Тут мама мая і пажартавала: “Каб вас толькі паліцыя не затрымала за спацыр зь сьвятлом...”.

Зоська Верас уважліва сачыла за ўсім, што публікавалася ў нашым друку пра падзеі 1916—18 гадоў, як яны падаваліся нашымі сучасьнікамі-інтэрпрэтатарамі. 7 лютага 1988 г. яна, прыкладам, пісала мне: “Заснула пасьля сямі раніцы... Дрэнныя мае справы. Не магу спаць, галава баліць. А ўсё найбольш з таго, што нэрвуюся. У нашай літаратуры-публіцыстыцы штораз больш друкуецца недарэчнасьцяў, а то проста хлусьні. Каму, нашто гэта патрэбна, каб так перайначыць усё, што было, што рабілася перад рэвалюцыяй? Ганьбіць усіх і ўсё... Маю на ўвазе “твор” Г.Далідовіча ў “Маладосьці” №11, 12—1987 г. — “Пабуджаныя”. Усё пераблытана, усё перайначана. Можа, хто скажа, што я ня помню... Не, я ўсё помню да дробязяў, у дадатку ў мяне ёсьць друкаваныя “Пратаколы Зьезду. Сакавік 1917 г.” — гэтага нідзе няма. Трэба б зрабіць ксэракопію (пратаколы друкаваныя)... Але каму надзейнаму я магу гэта даручыць? А з рук матэрыялу ня выпушчу... Параіцца-расказаць мушу, але з тым чалавекам, якога добра ведаю, якому веру...

А ці толькі ў адным Далідовічу справа? Шмат і ў чым іншым дапускаюцца памылкі... Часам шкадую, што мяне, як іншых у старасьці, ня зьелі склерозы, не адабрала памяці ды сьвядомасьці... Такім жыць лягчэй...”

Зосьцы Верас рупіла расказаць усю праўду пра беларускіх дзеячаў, якія да самазабыцьця ахвяраваліся на алтар Беларусі. Ды не знайшлося сярод нас рупліўца, які б пасядзеў зь ёй дзень-другі і занатаваў увесь яе расказ пра Ўсебеларускі кангрэс, пра БНР і шмат чаго іншага з тае пары. Не было сярод нас людзей, якія верылі, што гэтыя згадкі можна будзе калі-небудзь данесьці да людзей. Калі гаварылі пра рэвалюцыю 1917 г. у Беларусі, называлі Кнорына, Мясьнікова, Ландара. Але ж мы ведалі, што гэта ўсё залётныя людзі. А хто ж зь беларусаў, апрача Чарвякова, браў удзел у падзеях 1917 г.? Іхных імёнаў партыйная гісторыя нам не называла, быццам іх і не было. Усіх іх абвясьцілі нацдэмамі, ворагамі народу. Іхныя імёны не заўсёды адважваліся згадваць нават колішнія паплечнікі. Зоська Верас не была выключэньнем. Яна не адзін раз трывожылася, каб мая пільная цікаўнасьць да нацыянальнай гісторыі не павярнулася да мяне якім-небудзь ліхам. Часта ў ейных лістах прарываліся і такія словы: “Вы мяне шмат аб чым пытаецеся — я як магу адказваю. Але ці гэтыя мае адказы маюць вартасьць?.. Нешта ня верыцца...” — 27.11.1988. І на такія пэсымістычныя ноткі ў яе былі ўсе падставы. Узялася яна чытаць ды перачытваць Максіма Гарэцкага. Чытала зь цікавасьцю. Але вось дайшла да разьдзелу “Беларуская літаратура пасьля “Нашай Нівы”. І тут неспадзяванкі: недакладнасьці пра 1916 г. у Менску. Тое самае і ў разьдзеле пра Заходнюю Беларусь. І гэта пры тым, што ўкладальнікі кніжкі мелі ў руках машынапіс ейных успамінаў, у якім яна падрабязна апісала, хто жыў зь беларускіх адраджэнцаў у Менску і што рабілася ў Вільні і ва ўсёй Заходняй Беларусі. “Які вывад? — пытаецца Зоська Верас. — Мае словы-ўспаміны ня маюць ніякай вартасьці. Вось я і пастанавіла — маўчаць і ўсё. Бо калі ня вераць таму, што я ведала — пісала шмат раней, — то як жа павераць цяпер? Калі мне пяць месяцаў на 96-ты год пайшло? Мне ўжо гадоў дзесяць адзін пісьменьнік сказаў (ну, ня ў вочы, а за вочы): “Што яна там можа помніць...” А Зоська Верас магла нам расказаць пра Язэпа Лёсіка і Аляксандра Ўласава, Фабіяна Шантыра і Аркадзя Смоліча... Усе яны вартыя народнай памяці. Але іхныя імёны былі пад забаронай. Зоська Верас прыгадвала: калі ў “ЛіМе” выходзілі ейныя ўспаміны “Пяць месяцаў ў Менску”, ледзь іх з друкавальнай машыны не зьнялі толькі за тое, што там згадвалася імя Аркадзя Смоліча. Хітрасьцю здолелі адратаваць матэрыял. Я спытаўся, чым гэткім правініўся Аркадзь Смоліч, што нават ягонае імя нельга было згадваць. Зоська Верас адказала 11 студзеня 1985 г.: “І я таксама хацела б ведаць, якая віна была Аркадзя С-ча... Хоць ня так даўно чытала (дзе, у чым і хто пісаў — ня помню) вельмі злосную крытыку яго. А што я Вас перасьцерагала — гэта з уласнай практыкі... А я што магу мець проці Яго? Мы ж зь ім так добра пасябравалі. Называў мяне “сястронкай”. Маю шмат Яго лістоў, Яго жонкі яшчэ больш...”

Паміж іншым зь ліста за 27 лютага 1988 г. дазнаемся, што ў працы Беларускага зьезду 25—27 сакавіка 1917 г. браў удзел і Максім Гарэцкі. Пра гэта Зоська Верас напісала так: “...Я М.Гарэцкага і ня ведала асабіста. Бо трудна лічыць за знаёмства той адзін раз на Зьезьдзе 25—27 сакавіка 1917 году. Я з сваёй маці сядзела ў ложы насупраць сцэны із прэзыдыюмам, а Гарэцкі ўвайшоў да нас і стаяў увесь вечар...”

На здымку, пра які мы згадвалі на пачатку, сябры Вялікай беларускай рады і дзеячы Беларускай вайсковай рады сфатаграфаваліся на фоне харугвы з палымянымі словамі “Няхай жыве вольная Беларусь!” Словы гэтыя вышыла Зоська Верас.

Магла яна расказаць што-кольвек і пра гісторыю бел-чывона-белага сьцяга, калі б хто спытаўся. Распавядаючы пра Ўсебеларускі кангрэс, прыпамінала, як бальшавікі, разганяючы яго, ганьбілі наш нацыянальны штандар. Гэта ўзрушыла ўсіх дэлегатаў, а генэрал Алексяеўскі прыпаў на калені і пацалаваў зганьбленую беларускую сьвятыню.

Віталь Скалабан, прачытаўшы гэтыя згадкі Зоські Верас, сказаў: “Я прымаю і такі жанр. Але тут можа быць сумяшчэньне, перамяшчэньне ўражаньняў з адных падзеяў на другія. Розныя кангрэсы ды зьезды ў 17-м годзе гэтак часта адбываліся, што ў сталым веку ўражаньні пра іх маглі сумясьціцца і нават накласьціся адно на адно. А так агульны гістарычны малюнак вельмі яскравы. Некаторымі сваімі дэталямі дапаўняе нашы веды пра бурлівыя падзеі 1917 г. у Беларусі”.

А Генрых Далідовіч прызнаўся быў у “ЛіМе”, што пра БНР ён пісаў ня так, як бы гэта ён мог цяпер: “Каб ведаў, што будзе перабудова і бесцэнзурнасьць, то не выдумляў бы псэўданімаў, пісаў бы так, як і было, пра людзей БНР і БССР, але тады мусіў манэўраваць, каб пра тых жа Луцкевіча, Ластоўскага і іншых не пісаць толькі чорнымі фарбамі: іншых фарбаў пра іх проста не дазволілі б ужыць”.

Уладзімер Содаль

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0