КУЛЬТУРА

 

Ратуша з падкопам

Мэр Менску Паўлаў паабяцаў, што ўжо сёлета на пляцы Волі пачнецца аднаўленьне гарадзкой ратушы — сымбалю Магдэбурскага права і гарадзкой самастойнасьці, разбуранай па загадзе цара Мікалая І. Пра значэньне і небясьпекі гэтае адбудовы — камэнтар гісторыка і знаўцы Менску Ўладзімера Дзянісава.

Ратуша была адным з самых старажытных помнікаў менскае архітэктуры. Збудавалі яе ў 1600 г. на плошчы Высокага рынку. Мураваная ратуша з гадзіньнікам на вежы зьяўлялася кампазыцыйным цэнтрам усяго ансамблю Верхняга гораду. Гадзіньнік, дарэчы, сьведчыў аб багацьці Менску, бо яны былі мала ў якіх беларускіх гарадах у XVI—XVII ст.

Ратуша шмат разоў цярпела падчас войнаў ды пажараў, і ў 40-я XVIII ст. яна была адноўленая намаганьнямі менскага войта Станіслава Буржынскага. А пры канцы XVIII ст. яе перабудавалі ў стылі клясыцызму паводле праекту менскага губэрнскага архітэктара Тэадора Крамэра.

У ХІХ ст. яна ператварылася ў своеасаблівы культурны цэнтар. Гарадзкая заля ратушы была рэканструяваная ў 40-х ХІХ ст. пад тэатар, а на верхнім паверсе знаходзіўся менскі гарадзкі аркестар і музычная школа, якой кіраваў вядомы музыка-пэдагог Вікенці Стафановіч.

Ратуша была зьнішчаная ў 50-я ХІХ ст., і не таму, што знаходзілася ў дрэнным стане, а таму, што нагадвала гораду пра былыя вольнасьці і магдэбурскае права. Разбураная яна была згодна з простым указаньнем расейскага імпэратара Мікалая І.

Калі ў 80-я ХХ ст. распрацоўваліся першыя праекты адбудовы гістарычнага цэнтру Менску, паўстала пытаньне аб аднаўленьні ансамблю плошчы Свабоды (колішняга Высокага рынку). Былі праведзеныя грунтоўныя гісторыка-архіўныя і архэалягічныя дасьледаваньні, выяўленыя старажытныя красьлюнкі і малюнкі і ўдакладненае месца, дзе знаходзілася менская ратуша. Менавіта тады ўзьніклі першыя прапановы па яе аднаўленьні.

Вельмі добра, што гарадзкія ўлады нарэшце вырашылі пайсьці на аднаўленьне сымбалю гарадзкога самакіраваньня. З гэтай нагоды ў пачатку 2001 г. Таварыства па ахове помнікаў спэцыяльна зьвярталася да старшыні Менгарвыканкаму Паўлава з адмысловым лістом, які падпісалі вядомыя спэцыялісты і навукоўцы, што займаюцца гісторыяй культурнай спадчыны нашага гораду.

Аднак ААТ “Стары Менск”, якому перададзеныя каштоўныя помнікі нашага гораду, адначасова з аднаўленьнем будынку вырашыла стварыць велізарны комплекс падземных памяшканьняў. Дзеля гэтага давядзецца зьнішчыць старажытны сквэр ХІХ ст., які знаходзіцца пад аховай дзяржавы і зьяўляецца помнікам садова-паркавага мастацтва і ляндшафтнай архітэктуры, у тым ліку і фантан у цэнтры сквэру, пабудаваны ў 30-я мінулага стагодзьдзя паводле праекту менскага архітэктара Георгія Якушкі. Фантан — вельмі цікавы помнік архітэктуры малых формаў, якіх болей нідзе не захавалася на тэрыторыі Менску.

Запісаў Э.Л.

 

Сьлінко ўганараваны “Вялесам”

“Урачыстасьць з нагоды ўручэньня літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” адбудзецца 29 сакавіка ў Полацкім музэі беларускага кнігадрукаваньня. Пачатак а 16-й. Уваход вольны”. Гэтай аб’явай на сайце Таварыства вольных літаратараў www.knihi.com скончылася абмеркаваньне кандыдатаў на атрыманьне прэміі за найлепшую мастацкую кнігу 2001 г. Ляўрэатам стаўся Віктар Сьлінко. Уганараваная ягоная кніга паэзіі “Штольні вясны” (“Беларускі кнігазбор”). Сярод прэтэндэнтаў былі “Ўдог” Франца Сіўко, “Нашэсьце поўні” Міхася Скоблы, “Прыкры крык” Віктара Жыбуля, “Пляц Волі” Алеся Пашкевіча.

 

Некалі Сомэрсэт Моэм пісаў, што веліч літаратуры вызначаецца ня колькасьцю геніяў, а агульным ціскам яе культурнай масы. І хоць слова “маса” выглядае даволі сумнеўна ў адносінах да нешматлікіх сяброў ТВЛ, іхныя спробы ўціснуцца й перайначыць арганізаваную СП гіерархію беларускіх пісьмень-нікаў выклікаюць павагу. У той час як афіцыйныя літаратары ў чарговы раз счапіліся ў барацьбе за маёмасьць, вольныя распачалі першае ў гісторыі айчыннай літаратуры інтэрнэт-апытаньне.

Інтэрнэт-форум, створаны летась у лістападзе старшынём ТВЛ Алесем Аркушам, нягледзячы на ўсе абвесткі пра завяршэньне акцыі, працягвае абнаўляцца, зьдзіўляючы пэсымістаў, якія прадказвалі беларускай літаратуры заўчасную сьмерць ад Сеціва. І той факт, што выказваньні пераважна ўяўляюць сабой скаргі на тое, што няма з чаго выбіраць, не адмаўляе значнасьці падзеі — першага масавага вылучэньня на літаратурную прэмію.

Сыстэма вылучэньня, прадугледжаная Саюзам пісьменьнікаў, таксама задумвалася як дэмакратычная. Кнігі абмяркоўваюцца спачатку на сэкцыях, дзе выбіраюцца адзін-два намінанты, а пасьля — на паседжаньні Рады СП. Калі гаворка ідзе пра Дзяржаўную прэмію, кнігу яшчэ чакае шлях “наверх”. Нягледзячы на пашыраную думку, што лёс прэміі вырашаецца на самым высокім узроўні, усё адбываецца рыхтык наадварот. Тры-чатыры ўдзельнікі сэкцыйнага вылучэньня могуць пралабіраваць “свайго” кандыдата.

А вось пацьверджаньнем дэмакратычнасьці “Глінянага Вялеса” можа служыць той факт, што Алесь Аркуш асабіста нават не знаёмы з новым ляўрэатам.

“Гліняны Вялес” — прэмія прынцыпова безграшовая. Ейная прэстыжнасьць трымаецца на прэзэнтатыўнасьці сьпісу папярэдніх ляўрэатаў (Ігар Бабкоў, Людка Сільнова, Алесь Разанаў, Славамір Адамовіч, Лявон Вашко, Уладзімер Арлоў, Мікола Папека, Сяргей Астравец), на аўтарытэце самога Алеся Аркуша ды на тым, што апошняе слова застаецца за экспэртамі-крытыкамі. Сёлета гэта былі Ірына Багдановіч, Пятро Васючэнка, Леанід Галубовіч ды інш.

“Калі згадваеш “Гліняны Вялес”, то першымі на памяць прыходзяць імёны Вашка і Папекі, калі велесаваньне само мадэлявала сытуацыю, а не вялося паляваньне на модныя імёны. Апытаньні апытаньнямі, але хацелася б, каб Вялес заставаўся суб’ектыўным, правакацыйным і наступальным”, — выказаўся на форуме наваполацкі пісьменьнік Сяргей Шыдлоўскі. Хочацца далучыцца да гэтага пажаданьня і павіншаваць новага героя — Віктара Сьлінка.

Ганна Кісьліцына

 

Мінімалізм і паліткарэктнасьць

Узнагароды Амэрыканскай кінаакадэміі дасталіся ня тым, на каго думалі

Сёлетнім фаварытам была карціна “A Beautiful Mind” (“Ідэальны розум”) пра хворага на шызафрэнію матэматыка Джона Нэша, які атрымаў у 94-м Нобэлеўскую прэмію за распрацоўку “тэорыі гульняў”. Напярэдадні “Оскара” сапраўднага Джона Нэша, які дагэтуль выкладае ў Прынстанскім унівэрсытэце, абвінавацілі ў хаваньні фактаў сваёй амаральнасьці й антысэмітызму (гэты антысэмітызм калісьці спалучаўся ў яго са сьцьверджаньнем: “Я — Ісус Хрыстос і імпэратар Антарктыды”). Нэш быў вымушаны абараняцца.

А Расэл Кроў, які граў геніяльнага матэматыка, нібыта з кімсьці пабіўся і нават кагосьці пакусаў напярэдадні “Оскара”. Нягледзячы на такую рэклямную кампанію, карціна атрымала ня восем намінацыяў, як плянавалася, а толькі чатыры: найлепшы фільм, найлепшы рэжысэр, найлепшая актрыса другога пляну (Джэніфэр Канэлі — яна сыграла жонку матэматыка) ды найлепшы адаптаваны сцэнар (паводле аднайменнай кнігі Сыльвіі Назар).

“Ідэальны розум” натуральна выглядае то трылерам — з пагонямі, перасьледам і змовамі, калі герой заглыблены ў сваю хваробу, то мэлядрамаю — калі ён змагаецца з хваробаю і кахае.

На цырымоніі быў яшчэ адзін падобны фільм — “Айрыс”, пра пісьменьніцу Айрыс Мэрдак, што пакутавала на хваробу Альцгеймэра. Актрыса Джудзі Дэнч, якая сыграла Мэрдак у старасьці, разьлічвала на прэмію, але фільм атрымаў “Оскара” за мужчынскую ролю другога пляну (Джым Бродбэнт).

Рэжысэр “Ідэальнага розуму” Рон Говард зьняў фільмы “Кокан”, “Усплёск”, “Вілаў”, “Як Грынч скраў Каляды”, у якіх дзейнічалі фантастычныя і казачныя істоты, але ўзнагароду атрымаў, толькі калі пераключыўся на больш рэальных матэматыкаў.

У адрозьненьне ад Говарда, Расэл Кроў ужо мае аднаго “Оскара” — за фільм “Глядыятар”. Герой “Ідэальнага розуму” розьніцца ад глядыятара: нягеглы, непрыстасаваны, цельпукаваты, матэматыка для яго больш рэальная за рэчаіснасьць.

Адметнасьцю сёлетняга “Оскара” сталася трыюмфальнае ўганараваньне афраамэрыканцаў. Невядома, ці паспрыяла гэтаму акцыя фэміністычнай групоўкі “Дзяўчынкі-партызанкі”, якая расклеіла ў Галівудзе 15-мэтровыя плякаты з выяваю напаўлысага белага таўстуна, які закрывае далонямі сваю мужчынскую годнасьць, і подпісам: “Анатамічна карэктны “Оскар”.

За ўсе 74 гады існаваньня Амэрыканскай кінаакадэміі толькі 6 чарнаскурых актораў атрымалі “Оскар”, зь іх 5 — за ролі другога пляну. Адзіным чарнаскурым акторам, якога ўзнагародзілі за найлепшую галоўную мужчынскую ролю, да сёньняшняга дня заставаўся Сідні Пуат’е, (фільм “Палявыя лілеі”, 1963 г.). Сёлета да яго далучыўся Дэнзэл Вашынгтан, які атрымаў узнагароду за ролю карумпаванага паліцыянта ў фільме “Training Day” (“Трэніровачны дзень”). Пуат’е ж Акадэмія прысудзіла ганаровую ўзнагароду.

“Оскарам” за найлепшую жаночую ролю адзначылі 33-гадовую афраамэрыканку Холі Бэры (“Баль пачвараў”). Уражвае сцэна, калі гераіня Холі Бэры распавядае незнаёмаму, у якога яна закахалася, пра сваю сям’ю, ня ведаючы, што перад ёй той турэмны афіцэр, які забіў ейнага мужа.

Галоўнай канкурэнткай Бэры лічылася Ніколь Кідман (фільм “Мулен Руж”). Але Кідман, хоць і сьпявала, засталася ўдалай маскай у нястрымным мюзыкле-відэакліпе Бэза Лурмана. “Мулен Руж” узнагародзілі за найлепшага мастака і касьцюмы. “Гары Потэр” застаўся ані з чым.

Казачным фільмам сёлета ўвогуле не пашанцавала. Знакаміты “Валадар пярсьцёнкаў” выстаўляўся па 13 намінацыях, але атрымаў толькі чатыры: за візуальныя эфэкты, грым, апэратарскую працу і арыгінальную музыку. Сьцвярджаць, што гэты фільм удалы, будуць толькі зацятыя талкіеністы (яны ж, аднак, зацята аспрэчваюць слушнасьць расейскага перакладу, зь якім фільм зьявіўся ў менскім пракаце), але адмысловыя эфэкты, на якіх толькі і трымаецца фільм, на вышыні.

Узнагарода за найлепшы арыгінальны сцэнар дасталася фільму “Gosford Park” (“Госвардзкі парк”), які таксама прэтэндаваў на галоўны прыз, але не атрымаў яго.

Тэму сьмерці, вайны і міру закранае басьнійскі фільм “Нічыйная зямля”. Ён атрымаў “Оскара” ў намінацыі “Найлепшы замежны фільм”, абышоўшы вытанчаную і чароўную “Амэлі”. Фільм можа быць прыкладам для беларускага кіно: рэжысэр Даніс Таніч, здымаючы баявыя дзеяньні, абышоўся адным акопам, адным танкам і адным гелікоптэрам.

Андрэй Расінскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0