ПРА-СЬВЕТ

 

Маленькая краіна віна

Насуперак распаўсюджанаму ўяўленьню, Малдова — краіна ня столькі горная, колькі ўзгорыстая зь велізарнай колькасьцю малых рэчак. Вядомыя горы Кодры займаюць невялікую, але цэнтральную частку краіны, таму беларускаму воку, звыкламу да адкрытага або лясістага краявіду, Малдова падаецца бадай высакагорнай. І ад таго — больш маляўнічай і рамантычнай.

 

Помнік “малдаўскаму Вітаўту”

Рамантыка — гэта ня толькі пастаральныя вёскі, зарослыя вінаграднікамі пагоркі й вялізныя палі сланечнікаў. Рамантыка — гэта ў першую чаргу гісторыя і культура. Першых вядомых гісторыі пасяленцаў на зямлі Малдовы — гетаў і дакаў — у V—VI ст. замянілі славяне. Потым прыйшла чарга вандроўных плямёнаў — полаўцаў, печанегаў, торкаў. У сярэдзіне XIII ст. край апанавалі мангола-татары, якіх у 1345 г. выгналі вугорцы. І толькі паўстаньне 1359 г. дазволіла мясцовым жыхарам стварыць уласную дзяржаву — княства на чале з ваяводам Багданам. Зрэшты, найбольшай павагай карыстаецца ня ён, а гаспадар (князь) Штэфан ІІІ Вялікі — пры ім у другой палове XV ст. незалежная Малдаўская дзяржава дасягнула найбольшага росквіту. Помнік гаспадару Штэфану, створаны ў 1927 г., стаіць у кішынэўскім парку Штэфан чэл Марэ.

Пабачыць рэчы колішніх насельнікаў Малдовы, адчуць водар мінуўшчыны зараз у Кішынэве можна ў Рэгіянальным музэі гісторыі й ведаў — архітэктурным комплексе, збудаваным у турэцкім стылі. Ёсьць тут і Нацыянальны музэй гісторыі з асобнымі залямі сучаснага мастацтва.

Сталіца, не падобная
да сталіцы

Кішынэў, як і Рым, паважна разьлёгся на сямі ўзгорках. Адно што цячэ тут ня Тыбр, а Бык — прыток Днястра. Горад быў заснаваны ў 1436 г. Пра тыя часы цяпер нагадваюць рэшткі 13 былых сыгнальных пастоў у цэнтры Кішынэва (у старадаўнія часы яны былі за гарадзкою мяжой) ды руіны крэпасьцяў. Кішынэў — зялёны, з мноствам дрэваў — больш нагадвае нейкі правінцыйны горад, чым сталіцу эўрапейскай краіны. Зрэшты, хто сказаў, што сталіца абавязкова мусіць быць мэгаполісам?..

Другая сусьветная вайна не пашкадавала гораду, але ўсё ж тут захавалася больш старых будынкаў, чым, напрыклад, у Менску. На пагорках “старога Кішынэва” стаяць Мазаракіеўская (1752 г.), Рышканаўская (1777 г.) і Дабравешчанская (1807 г.) цэрквы, пабудаваныя па канонах малдаўскага сярэднявечнага дойлідзтва. Праўда, скіраваныя ў нябёсы сьпічакі храмаў і непаўторныя старыя будынкі гораду суседзяць зь невыразнымі шэрымі квадратамі паваеннай эпохі. Вока, стомленае такім мільгаценьнем архітэктурных стыляў, можа адпачыць хіба ў парках — пагатоў, іх у Кішынэве шмат. Гэта і сквэр каля Катэдральнага сабору, і парк Валя Трандафірылёр з каскадам штучных азёраў, злучаных пратокамі, і парк Валя Марылёр з тэатрам Тэатрул дэ Варэ, і згадваны ўжо парк Штэфан чэл Марэ, каля якога знаходзіцца самы вялікі кінатэатар краіны “Патрыя” (Радзіма), пабудаваны ў 1947 г. нямецкімі ваеннапалоннымі.

Памяць і гісторыя малдаўскай сталіцы — гэта ня толькі старыя будынкі ды музэі. Гэта і старыя могілкі — Армянскія ды Жыдоўскія (вядомыя як месца пахаваньня ахвяраў кішынэўскага пагрому 1903 г.). Да нашага часу старадаўнія пахаваньні датрывалі ня цалкам: у 1960-х ніжэйшая частка жыдоўскіх могілак была зруйнаваная. Праўда, да сынагогі, разьмешчанай у цэнтры Кішынэва, у камуністаў рукі не дайшлі. Яна і цяпер дзейнічае. А вось былую харальную сынагогу ператварылі ў Чэхаўскі тэатар драмы. Ведаючы гісторыю менскага Расейскага тэатру, можна толькі зьдзівіцца: фантазіі камуністам не ставала ці гэта мода такая была — ператвараць сынагогі ў тэатры?..

Апрача Кішынэва, у Малдове ёсьць яшчэ дзьве сталіцы — Камрат (на поўдні), сталіца аўтаномнай рэспублікі Гагаузіі, і сталіца непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі Тыраспаль, дзе месьціцца вядомы каньячны завод “Квінт” — вытворца найлепшага каньяку “Квінт”, раней вядомага як “Белы бусел”. Самыя дарагія каньякі маюць вытрымку 40 гадоў і каштуюць у Тыраспалі 200 даляраў за пляшку.

З вуліцы Кабэрнэ
на вуліцу Піно

Малдова традыцыйна была галоўным пастаўшчыком царкоўных вінаў для ўсіх усходнеславянскіх краінаў. Вінаграднікі на паўднёвых схілах Кодраў — найлепшыя ва Ўсходняй Эўропе.

Трапіць на бальшыню вінаробных заводаў можна толькі праз афіцыйна арганізаваныя экскурсіі, а вось у Крыкаву можна заехаць і сваім ходам. Гэты невялічкі гарадок за 15 км на поўнач ад Кішынэва славіцца сваімі падземнымі тунэлямі, якія цягнуцца больш чым на 60 км. Гэтыя сапраўдныя вуліцы, па якіх можна праехаць нават на аўтамабілі, знаходзяцца пад абаронай ЮНЭСКА. Усе яны маюць назвы гатункаў віна — вуліца Савіньён, вуліца Кабэрнэ, вуліца Алігатэ, бульвар Ізабэлы.

З калекцыяў Герынга

Найлепшыя вырабы крыкаўскіх вінаробаў папаўняюць тамтэйшую вінатэку, запачаткаваную яшчэ партайгеносэ Германам Герынгам, якая ў якасьці трафэю дасталася савецкім войскам. Цяпер у гэтай калекцыі вінаў налічваецца больш за мільён бутэлек розных часоў і народаў. Самыя старыя ўзоры калекцыі датуюцца пачаткам ХХ ст. — “Габрэйскае велікоднае” 1902 г. (адзіны ў сьвеце асобнік, які спэцыялісты ацэньваюць у 150 тысячаў даляраў) і лікёр “Ян Бэхер” таго ж самага 1902 г.

Марачныя малдаўскія віны карыстаюцца высокім аўтарытэтам. Так, чырвонае віно “Нэгру дэ Пуркар” вытворцы пастаўляюць у Вялікую Брытанію — на стол каралеве Лізавеце ІІ. Спаміж заводаў-вытворцаў адмыслоўцы нахвальваюць прадукцыю Тараклійскага віннага камбінату (тут працуюць французы), Кішынэўскага нацыянальнага каледжу вінаградарства і вінаробства, а таксама Пуркарскага вінаробнага заводу. Ня дзіва, што малдаўскія віны падрабляюць. Падробкі вызначаюцца стракатымі этыкеткамі, а таксама празьмерным асадкам віннага каменю на донцы бутэлькі.

Да віна трэба што-небудзь зьесьці. Шмат якія стравы з малдаўскае кухні беларускаму страўніку звыклыя: фаршаваныя перцы й памідоры, халадзец са сьвініны… Але ёсьць чым зацікавіцца і гурману: мамалыга з брынзай, сьмятанай і часночнай поліўкай, галубцы на вінаградных лістах, мучныя пляцынды й кулічы. Гагаузы “падарылі” малдаўскай кухні шорпу (пікантны суп зь мясам маладога ягняці), баўгары — манджу (поліўку зь мясам).

…А самае ўсьцешнае для беларускага сэрца — велікодныя пісанкі. Як і ў нас, у Малдове яны сталіся сапраўднымі мастацкімі творамі.

А.Воршыч

 

Самая малдаўская банда

Zdob si zdub” — найцікавейшы на сёньня малдаўскі рок-гурт. Ён жа — адзіны вядомы ў Беларусі. Ягоны апошні альбом “Agroromantika” ёсьць практычна ў кожнай прыстойнай музычнай краме. Пашукаўшы, можна знайсьці і ранейшыя запісы — “Hardcore Moldovenesk” і “Tabora noastra”. Больш распаўсюджаным малдоўскім прадуктам у Рэспубліцы Беларусі зьяўляецца хіба віно — даволі якаснае і адносна недарагое.

 

Дзьве гэтыя зьявы і фармуюць нашае ўяўленьне пра Малдову. Іншых крыніцаў інфармацыі папросту няма: у малдаўскі Інтэрнэт бязь веданьня румынскае мовы лепей ня сунуцца: ангельскае там мізэр, а па-расейску выстаўленыя хіба маргінальныя прыднястроўскія сайты. “Zdob si zdub” ад “моўнага пытаньня” ратуе самастойнае музычнае мысьленьне: нават той жорсткі гардкор, які дамінаваў у іхных першых альбомах, – гэта перадусім малдаўская музыка. Раман Ягупаў і Міхай Гынку – мазгавы цэнтар гурту – здолелі глянуць на гардкор па-свойму, не капіюючы тупа стандартныя гітарныя рыфы. Тэксты ж расейскамоўныя, якіх, дарэчы, у “Здубаў” чым далей, тым меней, складаюцца не з садраных у Шаўчука вобразаў. Людзі думаюць самі, па-свойму і пра сваё, “как и все цыгани”... Таму гурт і пазнавальны сярод удзельнікаў разнастайных максыдромаў ды EuroSonic’аў. Альбом “Agroromantika”, зроблены амаль бяз драйвавай гітары і “замалотаў” рытм-сэкцыі, чапляе ня менш за ранейшыя цяжкія праграмы гурту. Зьмена стылю “Здубам” толькі на карысьць: разгону для рэалізацыі музычных ідэяў яны цяпер маюць болей, чым раней, калі гралі гардкор.

“Здубы” робяць стаўку на малдаўскую культуру, прычым прымаюць яе цалкам, не абмяжоўваючыся прасторай, адваяванай андэграўндам за апошнія 10–15 гадоў. Яны могуць зрабіць душэўны рэмікс на “Смуглянку-малдаванку”, зьняць кліп, вытрыманы ў духу 70-х, і абсалютна натуральна ў ім глядзецца. Навошта высмоктваць з пальца канцэпцыі, калі вось яна, культура, ляжыць пластамі, бяры яе, кампілюй, сам такога ўсё адно не прыдумаеш, хоць сто гадоў жыві. Этнічнасьць “Zdob si zdub” – натуральная, прыроджаная, а не накінутая з камэрцыйнымі ці іншымі якімі мэтамі, як у нашага “Пастскрыптуму”. Таму і выяўляецца яна гэтак разнастайна: ці то манумэнтальна-гераічна (“Песьня гайдукоў”), ці то зь бязьмежным жыцьцялюбствам (“Бачылі ноч”, кавэр “Кіно”), ці то папросту сьцёбна (“Мамалыгаманія”).

Такі самы струмень чыстае этнічнае энэргетыкі адчуваецца ў музыцы гомельскага гурту “Бан Жвірба”, які ставіць публіку на вушы фантастычнай гітарай і экстрэмальна-крывіцкім жаночым вакалам. Праўда, працуюць яны збольшага з фальклёрным матэрыялам.

Як і беларускія каманды, малдаване маюць на выбар тры рынкі: мясцовы, усходні й заходні. Толькі, у адрозьненьне ад нашых, “Zdob si zdub” не замыкаецца на нейкім адным напрамку. Яны направа й налева называюць сябе касмапалітамі, гатовыя граць для ўсіх – гэтага патрабуе шоў-бізнэс і неабдымная цыганская душа. Нягледзячы на сталыя кантакты з расейскімі шоў-мэнамі (з маскоўскага фэстывалю “Вучыцеся плаваць” пачалася раскрутка групы, дый “Agroromantika” пісалася на маскоўскай студыі), музыкі не замыкаюцца на Ўсходзе – здымаюць кліпы для румынскіх каналаў, канцэртуюць ў Будапэшце. Але на ролю “прарокаў без Айчыны” яны не прэтэндуюць. Папулярнасьць “Zdob si zdub” у самой Малдове папросту шалёная. Таму, відаць, што “Здубы” не арыентуюцца на пэўную аўдыторыю. Іхны канцэрт натуральна глядзеўся б і на стадыёне, і на вясковай дыскатэцы, і ў вайсковай часьці, і ў доме адпачынку пэнсіянэраў. Гэта музыка для ўсіх.

Васіль

Каля малдаўскай амбасады, што на вуліцы Беларускай, насупраць “Дынама”, няма стэндаў з інфармацыяй пра краіну (у адрозьненьне ад іншых амбасадаў). Беларускія турфірмы ня ладзяць паездак у Малдову. І ходзіць туды зь Менску ўсяго адзін цягнік (хуткі №72 “Менск—Кішынэў”) двойчы на тыдзень — у чацьвяргі й нядзелі. Пляцкартны ад Менску да Кішынэва каштуе 22510 рублёў, а купэйны — 34946 рублёў. Суткі ў дарозе — час невялікі, але дастатковы, каб падрыхтавацца да сустрэчы з новай краінай.

Хоць віза для грамадзянаў краінаў СНД не патрэбная, усе замежнікі ў Малдове мусяць зарэгістравацца ў паліцыі цягам трох дзён пасьля прыбыцьця. Увозіць валюту ў краіну можна неабмежавана (грошы лепей задэкляраваць), але вывозіць — ня больш, чым было прывезена.

Мытныя правілы Малдовы дастаткова часта зьмяняюцца, таму наконт нормаў таго, што можна ўвезьці без аплаты мыта, лепей спытацца ў амбасадзе перад паездкай.

Валюта Малдовы называецца лей (раўняецца 100 бані). Ходзяць купюры вартасьцю ад 1 да 200 MDL, а таксама манэты. Суадносіны даляра і лея — 1:13,1. Валюту можна памяняць у абменных пунктах. Як і Беларусь, Малдова — краінай з “наяўнай” эканомікай: выкарыстаньне крэдытак і турыстычных чэкаў абмежаванае. Зь імі ў Кішынэве працуюць толькі тры банкі.

Афіцыянту ў рэстарацыі тут прынята “накідваць” 10—15% ад сумы рахунку. У таксоўцы лепей адразу дамаўляцца на пэўны кошт, бо кіроўцы могуць браць плату за час паездкі альбо за ейную адлегласьць. Гадзіна паездкі звычайна абыходзіцца прыкладна ў 2,3 даляра, а за кілямэтар бяруць 0,3 даляра.

Калі пададзенай інфармацыі выявіцца замала, каб даць сабе рады ў чужой краіне, можна зьвярнуцца ў беларускую амбасаду. Вось ейны адрас: Малдова, МД 2001, Кішынэў, вул.Матэевіча, 35, т.: (10373-0422) 23-83-02, 22-82-50 (консульскі аддзел); факс: (10373-0422) 23-83-00.

 

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0