Адам Глёбус

Мае сучасьнікі

 

2001. Тарлецкі і пярсьцёнак

Гей-патрыёт Эдзічка Тарлецкі дзень і ноч адстойвае правы сэкс-меншасьцяў у Беларусі. Станоўчасьць адстойваньня не выклікае й каліва сумневу. Толькі ў запале рэвалюцыйнай дзейнасьці Эдзічка, сам таго не заўважаючы, захворвае. Загульваецца, блытаць пачынае ноч з днём, свае рэчы з чужымі. У рэвалюцыянэраў такое здараецца: усё навокал наша, усё вакол маё. Пачынае Тарлецкі чужыя рэчы ў свае кішэні класьці. Касмэтыку там розную, цацкі, біжутэрыю… Ну, як дзіця неразумнае. Вось бярэ срэбны пярсцьёнак маёй дачкі, я той пярсьцёнак з Барсэлёны прывёз. Ён срэбны, ня вельмі каштоўны, але стыльны і дарагі як памяць. Эдзік тую памяць крадзе і сяброўцы сваёй дорыць. Тая, нічога ня ведаючы, ходзіць па Менску з чужым пярсьцёнкам на пальцы. Непрыстойна выходзіць. Ды што зь дзяцей узяць? Але пальцам перад напудранымі насамі памахаць даводзіцца.

2001. Вішнёў і крытыка

Шура Астраўцоў намякае, што Зьміцер Вішнёў латэнтны гомасэксуаліст, адсюль, маўляў, і незадаволенасьць, неўраўнаважнасьць, агрэсіўнасьць… Памыляецца Шура, хоць і кліча ў дарадцы Фройда зь Юнгам. Серабракоў (якое цудоўнае прозьвішча для мастака! Тут і Серабракова, і Брак, і Сэра, які Сёра…) таксама аблівае Вішнёва гразёю — называе раман нудным. Каб не застацца ў баку ад брудных працэсаў, скажу, што Вішнёў і ў жыцьці, і ў пісаніне падобны да непрыгожай цёткі, якая страшэнна баіцца састарэць.

2001. Разанаў і словы

Часам, чытаючы вэрсэты Алеся Разанава, бачу, як ён выварочвае словам суставы, каб уставіць у верш.

2001. Акудовіч і прыём

Крытык Валянцін Акудовіч прымяняе нечаканы для літаратуры прыём. У выяўленчым мастацтве яго выкарыстоўвае графік Фаварскі, які можа маляваць пустоты вакол рэчаў, і гэтыя рэчы вымалёўваюцца нібыта самі. Так і Акудовіч: апісвае спачатку сваю адсутнасьць у эсэ “Мяне няма”, а потым займаецца групоўкай “Бум-бам-літ”, якая для Валянціна ня што іншае, як пустата вакол уласнага эгацэнтрызму. Толькі бумбамлітаўцы хутка падрастаюць, пачынаюць праяўляцца і засьмечваюць пустэльню, сканструяваную Акудовічам. Разумны эгаіст сыходзіць да студэнтаў і студэнтак. “Мне цікава гаварыць толькі з маладымі людзьмі”, — прызнаецца Валянцін. А мне ўсё яшчэ цікава з рознымі пакаленьнямі працаваць і размаўляць.

2002. Васілеўская і спадчына

Пачынаецца гэтая містычная гісторыя ў часе другой сусьветнай вайны. Маці Галіны Васілеўскай хавае ад немцаў габрэек. Вайна канчаецца. Габрэйкі — маці з дачкой — жывуць у галечы. Старэйшая хварэе і, зьбіраючыся памерці, кажа: “Дачушка, мы так пакутавалі, што, калі я сустрэну Бога, папрашу ў яго шчасьця для цябе”. Пасьля пахаваньня і году не праходзіць, як маладая габрэйка выходзіць замуж за генэрала. Калі ж занядужала Галіна мама, яна гаворыць: “Ну, калі ўжо наша жыдоўка выпрасіла багацьце сваёй Сарачцы, то і я, Галя, папрашу грошай для цябе”. Жарты жартамі, а Галіна Васілеўская атрымлівае спадчыну з Амэрыкі. Грошай столькі, што можна купіць кватэру і дзьве “волгі” — за савецкім часам сума фантастычная. Літаратарка Галіна Васілеўская так і робіць — набывае кватэру і машыны, а вось апісаць гісторыю з Богам не наважваецца, адно пераказвае яе.

22 жніўня 2001 — 26 студзеня 2002

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0