Будзінас заняўся мэдыцынай

Пісьменьнік і журналіст Яўген Будзінас адкрыў у Вільні клініку ананімнага лячэньня мужчынскіх праблем.

Будзінас, які жыў у Менску, а працаваў карэспандэнтам часопісу “Дружба народов” ды друкаваўся найбольш у Маскве, цяпер пераехаў у Літву, патлумачыўшы свой ад’езд “беспэрспэктыўнасьцю змаганьня зь беларускім чынавенствам за сваю фірму й музэй”. Нагадаем, што сп.Яўген узначальваў выдавецкую фірму “Паліфакт”, якая ў першай палове 90-х атрымала шмат выгадных падрадаў ад ураду і менскага муніцыпалітэту. У 1990 г. Будзінас не пабаяўся кінуць пальчатку мітрапаліту Філарэту на выбарах у Вярхоўны Савет у адной са сталічных акруг, але прайграў. Будзінас таксама стварыў Музэй беларускай культуры ў Дудутках — частае месца збору менскага сьвецкага таварыства ды замежных дыпляматаў. Там дзейнічалі майстэрні традыцыйных рамёстваў, лазьня і адзіны ў краіне афіцыйна зарэгістраваны самагонны апарат. Летась Будзінас выдаў кнігу, у якой у алегарычнай форме высьмеяў існуючы ў Беларусі палітычны лад.

У інтэрвію “Белорусской газете” Будзінас заявіў, што за 7 тыдняў у Літве пасьпеў зрабіць больш, чым за 12 гадоў у Беларусі.

Паводле нашай інфармацыі, ён заснаваў у Вільні клініку для мужчынаў, якія маюць праблемы з патэнцыяй і хацелі б лячыцца ананімна паводле стандартаў міжнароднае сыстэмы “on cliniс”. Для гэтага ён выкупіў збанкрутаваную краму на віленскім Зарэччы і разбудаваў яе. Лякарня ўжо працуе. Яна разьлічаная на кліента са звышдаходамі. Новы бізнэс Будзінаса стварае ўражаньне, што ён пераехаў зь Менску ў горад свайго маленства не з пустымі рукамі. Паводле прыкладнай ацэнкі, агульны кошт інвэстыцый у новую клініку можа дасягаць мільёна даляраў.

Гэта ня першы выпадак перамяшчэньня беларускім бізнэсмэнам сваёй справы ў Літву, Чэхію ці Польшчу.

Мікола Бугай

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0