З садка ў войска

Сямігадоваму менчуку Алесю Стафейчуку прыйшла позва з ваенкамату. Здарылася гэта ў канцы лютага, а нагода расказаць пра нечаканую позву зьявілася ў Алесевых бацькоў напярэдадні 1 красавіка: у санаторных ясьлях-садку, куды ходзіць хлопчык, папрасілі прынесьці якія-небудзь забаўныя экспанаты для сьвяточнай насьценгазэты.

Афіцыйную паперу, што ўпрыгожыла саматужнае выданьне, падпісаў райваенкам Маскоўскага раёну Менску палкоўнік Яфрэмаў. У гадаванца ясьляў-саду запрасілі пашпарт, чатыры фатаграфіі, даведку зь месца работы або вучобы, характарыстыку, даведку з ЖЭСу і мэдыцынскую кніжку з прышчэпкамі. Усе гэтыя дакумэнты прадставіць было немагчыма, таму, нягледзячы на шчырае жаданьне Алеся адправіцца паслужыць у войска, паход у ваенкамат давялося адкласьці да лепшых часоў.

Неўзабаве пасьля таго, як справа набыла розгалас, прычыну памылкі высьветлілі. Несапраўдныя зьвесткі ў ваенкамат дала адна зь лячэбных устаноў, паслугамі якой карыстаўся Алесь. Зрэшты, памылка галоўдоктара была не такая ўжо і грубая: ён схібіў усяго з адной лічбай, указаўшы ў якасьці году Алесевага нараджэньня 1985-ы замест 1995-га. А прачуханку праз гэта атрымалі работнікі ваенкамату, якія паленаваліся праверыць атрыманую інфармацыю ў ЖЭСе.

Паводле “Советской Белоруссии”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0