Пераемнік экзарха

Ельцын беларускага праваслаўя прызначыў сабе Пуціна?

У Беларусi адноўленыя ўсе гiстарычныя праваслаўныя япархii i пачынаюць утварацца новыя: у сан япіскапа Барысаўскага і вікарыя Менскай япархіі высьвечаны сакратар Менскага епархіяльнага ўпраўленьня архімандрыт Іван (у сьвеце Леў Хама). Гэта сьведчыць пра ўмацаваньне Беларускай праваслаўнай царквы.

 

Хіратонія адбылася 31 сакавіка падчас літургіі ў Менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы. Блаславеньне на гэта даў 13 сакавіка Сьвяты сынод РПЦ. Вікарны япіскап мусіць дапамагаць Філарэту кіраваць Менскай япархіяй, колькасьць прыходаў у якой з 1989 г. павялічылася ў шэсьць разоў і перавысіла трыста.

Япiскап Iван — правая рука Фiларэта. Ён, фактычна асабісты сакратар экзарха, быў памочнiкам мітрапаліта па япархii і да высьвячэньня ў ярархі. Казаць пра тое, што менавіта Івана Філарэт хацеў бы бачыць сваім наступнiкам, зарана. Па-першае, уладыка Іван пакуль не самастойны япiскап. Па-другое, найбольш верагодным пераемнiкам дагэтуль лічыўся архiяпiскап Вiцебскi й Аршанскi Дзiмiтры. Акрамя таго, высокі аўтарытэт у царкве мае япіскап Гарадзенскі Арцемі. Тым ня менш, “чалавек з манерамі Хамы і хваткаю Льва”, як назваў яго карэспандэнту “НН” адзін з супрацоўнікаў епархіяльнага ўпраўленьня, які не пажадаў, каб ягонае імя прагучала ў газэце, ужо цяпер, у свае 39 гадоў, зьяўляецца адным з самых уплывовых у БПЦ.

Непрыяцелі ў япіскапа Івана ёсьць. На думку адных, ён занадта любіць матэрыяльны дабрабыт. Іншыя папікаюць яго “залішняй блізкасьцю” да Філарэта. Хадзілі таксама чуткі, што і вучоба ў Тройца-Сергіевай лаўры не далася б Ляву Хаму гладка, каб не дапамога менскага мітрапаліта. У Івана ёсьць і цалкам афіцыйная “хіба” біяграфіі: ён родам з Заходняй Украіны (ягонага бацьку завуць Даніла, а маці — Магдаліна), значыць, патэнцыйна нядобранадзейны для праваслаўных фундамэнталістаў. Між тым, беларускамоўныя пасланьні Філарэта на вялікія сьвяты традыцыйна зачытвае Іван. Філарэт нарадзіўся ў Маскве і беларускай мовай валодае кепска. Аднак відавочна, што Іван мае досыць здольнасьцяў, каб павесьці за сабой царкву. Ёсьць і свая сымболіка ў тым, што гэты чалавек нарадзіўся 25 сакавіка, на Дзень Волі.

Адразу пасьля высьвячэньня Івана адбылася сустрэча мітрапаліта з Лукашэнкам, на якой, калі верыць афіцыйнаму камунікату, гаварылася пра травеньскі візыт Аляксія і стан спраў у Магілёўскай япархіі. Размова магла ісьці і пра хіратонію, што прайшла напярэдадні. Выбар наступніка Філарэта будзе залежаць ня толькі ад волі епіскапату БПЦ, але і ад пазыцыі Маскоўскага патрыярхату і настойлівасьці ўладаў Беларусі.

Наступнік Філарэта ў ідэале мусіць быць здольны на вырашэньне нялёгкай задачы: дасягнуць поўнае самастойнасьці Беларускае праваслаўнае царквы ад Расейскае такім чынам, каб пры гэтым абысьціся без расколу і падрыву аўтарытэту праваслаўя, як было ва Ўкраіне.

Праваслаўныя цэрквы ў Сэрбіі і Баўгарыі маюць свае патрыярхаты, хоць насельніцтва гэтых краінаў і іх тэрыторыя меншыя, чым у Беларусі, а колькасьць беларускіх праваслаўных парафіяў імкліва здаганяе іхную. Беларускую праваслаўную царкву не назавеш і менш годнай перад Богам. У беларускай зямлі зазьзялі многія сьвятыя — ад Кірылы і Эўфрасіньні да пакутнікаў за веру ў 30-я гады ХХ ст.

У адрозьненьне, напрыклад, ад Румынскае царквы, якая доўгі час ня мела ўласных сьвятых. Несамастойнасьць беларускае царквы цяжка вытлумачыць ва ўмовах, калі нават нешматлікія Польская і Эстонская праваслаўныя цэрквы болей ня скутыя залежнасьцю ад Масквы.

Патрэбу ў самастойнасьці праваслаўнае царквы для трывалае стабільнасьці незалежнай Беларусі ўсё ясьней разумеюць беларускія эліты. У прыватнасьці, непакой у іх выклікаюць пэрыядычныя антыкаталіцкія паходы артадоксаў, што падрываюць нацыянальнае адзінства краіны. Супраціў маскоўскага кліру замінае арганізацыі візыту папы ў Беларусь, г.зн., жывейшаму міжканфэсійнаму дыялёгу і традыцыйнай адкрытасьці нашага праваслаўя да сьвету.

У настаўленьні новапастаўленаму япіскапу мітрапаліт Філарэт, сярод іншага, наказаў “захоўваць еднасьць Царквы Хрыстовай у сэрцы сваім і аберагаць яе ад падкопаў духу лукавага”. А вось новы япіскап, зьвяртаючыся 30 сакавіка падчас усяночнае, у часе якой адбываецца чын “нарачэньня”, з належным, паводле рытуалу, Словам да ўсіх прысутных, гэтай тэмы не закранаў. “І калі недастоінствы і слабасьці чалавечае натуры стрымліваюць мяне ад прыняцьця архіярэйскага подзьвігу, дык у гэтым рашэньні… я знаходжу сабе падтрымку і апору ў словах Госпада, сказаных прароку Ісаю: “Я абраў цябе і не адкіну цябе: ня бойся, бо Я з табою”, — сказаў ён.

Зрэшты, мітрапаліт Філарэт, якому 67 гадоў, мае выдатнае здароўе і зусім не зьбіраецца адыходзіць ад справаў. Прыклад яму падае кардынал Сьвёнтак, якому ў кастрычніку споўніцца 88. Так што пытаньне выбару новага кіраўніка БПЦ і, разам зь ім, будучага курсу царквы застаецца пакуль чыста тэарэтычным.

Мікола Бугай


Япіскап Іван

Япіскап Іван (у сьвеце Леў Хама) нарадзіўся 25 сакавіка 1963 г. на захадзе Ўкраіны. Пасьля школы і службы ў войску вучыўся ў Маскве — у духоўнай сэмінарыі і ў акадэміі. 15 сьнежня 1992 г. пастрыжаны ў манахі з імем Іван у гонар прападобнага Івана Дамаскіна. 3 студзеня 1993 г. узьведзены ў сан ерадыякана, а 20 чэрвеня — у сан ераманаха з назначэньнем на пасаду сьвятара Дамавой царквы пры Менскім епархіяльным упраўленьні. Зь ліпеня 1994 г. ён сакратар МЕУ і настаяцель Дамавой царквы. У саны ігумена і архімандрыта ўзьведзены ў 1995 г. З жніўня 1992 г. выкладае ў Менскай духоўнай сэмінарыі на катэдрах сэктазнаўства і літургікі. Вучоная ступень “кандыдат багаслоўя” прысуджаная яму радай Маскоўскіх духоўных школ 9 чэрвеня 1995 г. за дысэртацыю “Сьвяты праведны Іван Кранштацкі і ягоная духоўная спадчына”. Зь верасьня 2001 г. зьяўляецца дацэнтам Менскай духоўнай акадэміі па катэдры царкоўнай гісторыі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0