Як скасаваць беларуска-расейскі саюз?

Саюз з Расеяй ня вечны. Ці прадугледжваюць заключаныя ўрадамі Лукашэнкі дамоўленасьці юрыдычныя працэдуры ягонага скасаваньня?

Першы інтэграцыйны дакумэнт – дамова аб утварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі – быў падпісаны 6 год таму, меў чыста прапагандысцкі характар і не ўсталёўваў ніякіх узаемных абавязацельстваў. Таму, хоць ён і быў ратыфікаваны законным Вярхоўным Саветам, яго спыненьне наўрад ці спатрэбіцца.

Падпісаная праз год дамова аб саюзе Беларусі і Расеі ўжо больш грунтоўна вызначала структуру новаўтварэньня. Каб яе скасаваць, трэ было, паводле дакумэнту, у пісьмовым выглядзе паведаміць аб гэтым другую дзяржаву-ўдзельніцу. У дакумэнце ўпершыню ўзьнікаюць часавыя тэрміны: паведамляць аб выхадзе неабходна за 12 месяцаў. Значна больш ускладняе скасаваньне дамоўленасьцяў акт аб утварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, падпісаны ў снежні 1999 г. Каб выйсьці з саюзу, неабходны ўжо рэфэрэндум, прычым дамова перастае дзейнічаць толькі праз 18 месяцаў пасьля яго. Між тым, саюзныя законы і дэкрэты абавязковыя да выкананьня і ў гэты час. Нават калі ўзьнікнуць супярэчнасьці паміж саюзным і нацыянальным заканадаўствамі, перавага будзе на баку першага.

У выпадку перамогі апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах скасаваць саюзную дамову было б вельмі проста: Лукашэнка падпісваў яе ўжо пасьля сканчэньня, у адпаведнасьці з канстытуцыяй 1994 г., свайго тэрміну.

Цяпер жа актыўна рыхтуецца канстытуцыйны акт, прыняцьце якога пасьля рэфэрэндуму выкліча зьмены ў канстытуцыі. Адпаведна, апошнія саюзныя дамоўленасьці можна будзе скасаваць таксама толькі праз працэдуру ўнясеньня зьменаў у канстытуцыю, г.зн. праз Канстытуцыйны суд. Пра неабходнасьць гэтага кажа і былы судзьдзя канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў: “Цяперашнія саюзныя дамоўленасьці прадугледжваюць выхад з саюзу толькі праз паўтара году пасьля рэфэрэндуму, калі за гэта прагаласуе большая частка насельніцтва. Пытаньне аб скасаваньні саюзьніцкіх адносінаў уваходзіць у кампэтэнцыю Канстытуцыйнага суду. Яно вырашыцца станоўча, калі будзе прызнана, што саюзныя дамовы ня цягнуць ніякіх абавязацельстваў у адносінах да беларускага народу. Аднак для пачатку такой працэдуры неабходна вярнуць Канстытуцыю 1994 г. ці прыняць новую. Павінны адбыцца новыя прэзыдэнцкія, парлямэнцкія выбары. Бяз гэтага разьлічваць на выхад з саюзнай дзяржавы не даводзіцца. Правесьці рэфэрэндум папросту нерэальна”.

В.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0