Дзе Корбан?

Юрась Корбан зьнік 19 студзеня. Пасьля гэтага ён колькі разоў тэлефанаваў з свайго сотавага маці й сябрам, абяцаючы хутка зьявіцца. Размовы зазвычай доўжыліся менш за хвіліну. Маці Юры патлумачыў прычыну свайго нечаканага зьнікненьня тым, што сустрэў “аднаго чалавека” і мусіў паехаць зь ім. Голас Корбана ў часе тэлефонных размоваў быў не зусім натуральны. Маці кажа, што ён гучаў так, нібы ў Юрася ці то быў перабіты нос, ці то яму нехта сьціскаў горла. У часе апошняй гаворкі ён папрасіў маці падрыхтаваць вялікую суму грошай (20 тыс. даляраў) — і тэлефанаваньні на гэтым перапыніліся. Зьнікненьне адказнага сакратара віцебскага моладзевага цэнтру “Контур” Юрася Корбана па-ранейшаму застаецца вялікай загадкай. Некаторыя з раней абнародаваных прэсай фактаў выявіліся непраўдзівымі. Сьледзтва дакладна вызначыла, што ён не тэлефанаваў маці й сябрам ані зь Берасьця, ані з Варшавы — толькі з Полацку, Наваполацку і Менску (з раёнаў Серабранкі й Чыжоўкі). Сябры й бацькі таксама адмаўляюць наяўнасьць у Корбана асабістай аховы: падчас выбарчае кампаніі яго ахоўвалі маладафронтаўцы. Сьледчы Аляксандар Харытановіч, які займаецца справай Корбана, ніякіх камэнтароў ня даў: уся інфармацыя зьяўляецца таямніцай сьледзтва. У пракуратуры ж кажуць, што 13 красавіка, калі дагэтуль ня выявяцца новыя факты, справа будзе спыненая — да іх зьяўленьня. Мы паспрабавалі правесьці сваё расьсьледаваньне: сустрэліся з бацькамі Юрася Корбана, ягонымі сябрамі й паплечнікамі, зь ягонымі віцебскімі знаёмцамі. Зь іхных расповедаў выразна вымалёўваюцца тры вэрсіі.

Вэрсія 1: крымінальны “наезд”

Чуткам пра крымінальнае зьнікненьне Юрася спрыяў… ён сам. Корбан неаднаразова расказваў, як удала адбіўся быў ад рэкету, што “наяжджаў”, патрабуючы грошай. Аднак Віктар Шляхцін, кіраўнік віцебскага “Маладога фронту”, кажа, што Юрась любіў пахваліцца, таму веры гэтым словам даваць ня варта. Сябры Корбана нічога ня чулі пра такія выпадкі, а маці рашуча адмаўляе гэты факт...

У папярэдняй публікацыі ў “НН” (№7 ад 15 лютага) гаварылася пра бізнэс, які нібыта меў Корбан. Ніна Корбан, маці Юрася, такі факт таксама адмаўляе. Старшыня аршанскага цэнтру падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў “Крывіч” Алесь Шутаў, сябар Корбана, зазначае: “Бізнэсу сапраўднага ў Юрася не было — была толькі ідэя”. Віктар Шляхцін удакладніў, што Корбан меў намер адчыніць музычную краму. Але ці быў у фронтаўца нейкі пачатковы капітал? Барыс Хамайда кажа, што быў: “Калі актывізаваліся гаворкі пра прыватызацыю, Корбан прыйшоў да мяне і кажа: хутчэй бы ўжо тая прыватызацыя пайшла. Я яму ў адказ: хлопча, тая прыватызацыя адбудзецца безь цябе, беларускія грошы туды ня пусьцяць… Ну згадзіцеся, калі б не было грошай, навошта было б так прагна чакаць пачатку прыватызацыі?” Уладзімер Плешчанка, старшыня Віцебскай гарадзкой рады КХП БНФ, таксама кажа, што грошы ў Юрася вяліся: “Корбан сядзеў на грашах, але грошы яго і сапсавалі. Ягоныя ж хлопцы часта наракалі, што Корбан, маўляў, купіў сабе машыну”. Блізкі да “Контуру” сябар БСДП (НГ) Васіль Ігнаценка адкрыта кажа, што Корбан рана “зажыраваў”, заеўся…

Ці ня з грантаў, атрыманых на выкананьне разнастайных праектаў, былі ў Корбана тыя сродкі? Алесь Шутаў пэўны, што “ўцечкі” грантавых грошай у “Контуры” не адбывалася. Але Віктар Шляхцін зазначае, што пасьля зьнікненьня кіраўніка цэнтар займеў значныя праблемы — у тым ліку й фінансавыя: “Корбан быў вельмі амбітнай асобай. І ён шмат інфармацыі трымаў пры сабе, не пускаючы да яе іншых. Пасьля ягонага зьнікненьня мы мелі праблемы з справаздачнасьцю, бо нават ня ведалі, перад кім і за што мы павінны адказваць”. А выканаўчы дырэктар “Контуру” Кастусь Смолікаў кажа, што найбольшая праблема — нават не блытаніна з дакумэнтамі, а немагчымасьць доступу да кампутара арганізацыі: абсталяваньне захоўваецца на кватэры Корбана, а ягоная маці адмаўляецца аддаваць тэхніку да зьяўленьня сына.

Зрэшты, словы Корбана пра ўласны бізнэс маглі быць чарговай “бурбалкай”, якая так і не знайшла б рэальнага ўвасабленьня. Але агучаныя пляны ды яшчэ ў спалучэньні з чуткамі пра вялікія грошы, якія круцяцца ў трэцім сэктары, маглі выклікаць увагу крымінальных колаў да віцебскага фронтаўца. Уладзімер Плешчанка згадвае, што да яго падчас выбарчае кампаніі 2001 г. падыходзіў нейкі падазроны чалавек: “Ён назваўся Віктарам, сказаў, што баксёр, што адседзеў за ненаўмыснае нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. А цяпер, маўляў, хоча займацца з маладымі, трэнэраваць іх. Я яму сказаў: ідзі да Корбана, у яго ёсьць людзі й грошы. Потым я прааналізаваў размову з тым чалавекам, і нейкім ён мне падаўся падазроным: дужа добра ведае зброю, разьбіраецца ў тэхніцы. Пасьля я бачыў яго ў канцы Маскоўскага праспэкту, дзе ў Віцебску жывуць крымінальнікі. Але тамтэйшыя крымінальнікі гэтага чалавека ня ведаюць. Значыць, ён спэцыяльна паказаўся мне там. Хто ён — я так і ня ведаю”.

 

Вэрсія 2: акцыя запалохваньня

Корбанам мог актыўна цікавіцца ня толькі крымінальны сьвет, але і спэцслужбы. “Гэта вельмі падобна да працы спэцслужбаў, — зазначае Ўладзімер Плешчанка. — Для крымінальнікаў такая праца выглядае занадта вытанчана: даць чалавеку некалькі разоў затэлефанаваць! Яны б далі затэлефанаваць толькі раз і запатрабавалі б грошы.” Тое, што выпадак Корбана не выглядае на клясычнае выкраданьне дзеля выкупу, адзначае й Алесь Шутаў, і бацькі Юрася Корбана. “Крымінальнікам было б нявыгадна трымаць у сябе Юру, — кажа Ніна Корбан. — Яны б даўно выпусьцілі яго і наклалі б нейкую даніну”. Бацькоў вельмі насьцярожвае той факт, што кватэру Юрася Корбана, у якой была сыгналізацыя, самавольна ўскрыла служба “Ахова”. Паводле кантракту, пасьля сыгналу трывогі прадстаўнікі службы мусяць паведаміць гаспадарам і чакаць іхнага прыезду. Насуперак гэтаму, служба “Ахова” адчыніла кватэру самачынна: “Я ня ведаю, якія ў Юры маглі быць дакумэнты”.

Ці быў віцебскі фронтавец асобай такога ўзроўню, каб ім сур’ёзна заняліся якія-небудзь “эскадроны сьмерці”? Алесю Шутаву гэтая вэрсія падаецца беспадстаўнай: “Гэта асоба не таго маштабу”. Пагаджаецца зь ім і Васіль Ігнаценка: “Цяжка паверыць, што яго зьнішчылі ўлады. І цяжка паверыць, што яго забілі”. Сябры Корбана Віктар Шляхцін і Кастусь Смолікаў таксама пэўныя, што аналёгіі са зьнікненьнямі вядомых апанэнтаў рэжыму тут недарэчныя: віцебская апазыцыя — ня той узровень, на які ўзьдзейнічаюць такімі мэтадамі.

Апроч бацькоў, “палітычную” вэрсію зьнікненьня падтрымлівае Ўладзімер Плешчанка: “Маглі выбраць спэцыяльна асобу, ня дужа вядомую ў краіне, асобу сярэдняга пляну. Да таго ж асобу, запэцканую фінансавымі махінацыямі. Выбраць, каб паказаць, што і сярэдніх дзеячоў чакае тое самае, што і вядомых. Гэта можа быць акцыя запалохваньня”.

Вагі “палітычнаму” сьледу надае й тое, што за Корбанам сачылі падчас перадвыбарнае кампаніі. Сяброўка Корбана Вольга Старасьціна кажа, што часам хадзілі нават людзі ў форме. Віктар Шляхцін такіх зьвестак не пацьвярджае, але кажа, што Корбан пасьля выкліку ў Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў быў зьдзіўлены наяўнасьцю ў КФР мноства ягоных фатаздымкаў, зробленых на вуліцы, калі сам Юрась пра гэта нават не падазраваў. Алесь Шутаў згадвае, што падчас выбарчае кампаніі ў будынку насупраць офісу “Контуру” была ўсталяваная нейкая апаратура: “Не скажу, што для сачэньня ці падслухоўваньня, — ня ведаю. Але апаратура надта падазроная”...

Зьнікненьне Юрася Корбана нанесла магутны ўдар па віцебскіх моладзевых арганізацыях: спыніўся выхад газэты “Віцебская трыбуна” (ейны наклад сягаў да 3000 асобнікаў), фактычна адсутнічае каардынацыйны цэнтар моладзевых суполак, ролю якога выконваў “Контур” на чале з Корбанам.

Маці занепакоеная тым, што ўлады валаводзяць з пошукамі Юрася. Магчыма, прычына ня толькі ў палітычным падтэксьце справы, але і ў тым, што яе саму ледзь не падазравалі ў суўдзеле: казалі, што яна недзе хавае сына.

 

Вэрсія 3: уцёкі

Трэцюю вэрсію адпрэчваюць і бацькі Корбана, і ягоныя сябры. “Навошта яму гэта было патрэбна?” — пытаюцца яны. Ці былі ў Юрася Корбана прычыны для ўцёкаў?

Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў сапраўды вёў справу супраць Корбана, але па максымуме яму пагражаў штраф у 20 базавых адзінак (200 тыс.) Сума не настолькі значная, каб з-за гэтага недзе хавацца. Алесь Шутаў, адмаўляючы варыянт уцёкаў па фінансавых матывах, зазначыў, што “Контур” якраз меў шанцы атрымаць вялікі грант, выканаўцам якога быў аформлены Корбан. А цяпер атрыманьне гранту — пад вялікім пытаньнем.

Вэрсію ўцёкаў абвяргае і той факт, што ў Корбана былі бліскучыя палітычныя пэрспэктывы. У Віцебску, дзе актывістаў дэмакратычных арганізацый, па словах Кастуся Смолікава, усіх разам недзе 800—1000 чалавек, фігура Корбана была вельмі заўважнай. Ён ужо сёлета зьбіраўся прэтэндаваць на пасаду кіраўніка абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне”.

Аднак ёсьць факты, якія сьведчаць на карысьць такой вэрсіі. Віктар Шляхцін кажа, што яшчэ пры канцы 2001 г. Юрась Корбан прапаноўваў яму пераяжджаць у Бэльгію (адну з 12 краінаў, што даюць уцекачам зь Беларусі статус палітычных): маўляў, перабярэшся сам, падрыхтуеш месца, а там і я прыеду.

Пэўны час была ў сяброў думка пра ад’езд Корбана за мяжу. Якраз 19—20 студзеня за мяжу выехала вялікая група віцебскіх палітэмігрантаў (дарэчы, дакумэнты, якія сьведчылі, што гэтых людзей улады перасьледуюць па палітычных матывах, падпісваў сам Корбан). Маці, як сьведчыць Віктар Шляхцін, спрабавала шукаць Юрася паміж іх…

Сама Ніна Корбан цяпер пэўная, што ейны сын за мяжу не зьяжджаў. Яна зазначае, што ягонае зьнікненьне было вельмі раптоўным: ён ня ўзяў з сабой нават зубной шчоткі. “Дый грошай у яго не было, максымум тысяч 20—30 беларускімі рублямі й даляраў 10—20. Хіба так за мяжу зьбіраюцца? Тым болей, ён не зрабіў бы з намі, з бацькамі, вось так, а абавязкова папярэдзіў бы загадзя: калі што пачуеце незвычайнае, не хвалюйцеся...”

Дзе цяпер Юрась Корбан — невядома. Але сама “справа Корбана” сьведчыць, што ў беларускай палітыцы застаецца актуальнай праблема зьнікненьня людзей. Выпадкі зьнікненьня перасталі быць унікальнымі. У Віцебску яшчэ ня пішуць на сьценах “Дзе Корбан?” Мабыць, дарма: мы мусім ведаць, куды падзеўся ўдзельнік нацыянальнага руху і палітычнай апазыцыі. Мы мусім ведаць праўду. Бо гэта праўда ня толькі пра Корбана, але і пра тое, у якой краіне мы жывём, якую Беларусь мы ствараем і чыімі рукамі.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0