Бабуля брытанскае нацыі

 

На Вялікдзень у Вялікай Брытаніі памерла каралева-маці Лізавета І, маці цяперашняй каралевы Лізаветы ІІ, праўдзівы сымбаль Злучанага Каралеўства. Упершыню пасьля сьмерці Чэрчыля загулі ўсе 12 званоў сабору Сьвятога Паўла.

 

Яна памерла ў суботу ва Ўіндзарскім замку падчас сну. Пахаваньне адбудзецца 9 красавіка, каб усе ахвотныя пасьпелі разьвітацца з каралевай. Лізавеце І быў 101 год, і пры яе жыцьці на брытанскім пасадзе зьмянілася 6 манархаў, на Даўнінг-стрыт — 16 прэм’ер-міністраў. Брытанія выйграла дзьве сусьветныя вайны і страціла імпэрыю, каб вярнуцца ў Эўропу роўнай сярод роўных. Яна амаль на паўстагодзьдзя перажыла свайго мужа караля Георга VІ. Яе жыцьцё — адбітак гісторыі Брытаніі.

Лізавета паходзіла з шатляндзкага графскага дому Стрэтмараў. Яна нарадзілася 4 жніўня 1900 г. і таму добра памятала нават першую сусьветную вайну, у часы якой працавала мэдсястрой ва ўласным замку, ператвораным у шпіталь. Па вайне зь ёй хацелі ажаніцца сэрбскі прынц Павал і брытанскі прынц Альбэрт. Двойчы Лізавета адхіляла прапанову Альбэрта, бо бацька дзяўчыны лічыў, што жаніх займае занадта высокае становішча. Урэшце, на трэці раз Лізавета згадзілася, і ў 1923 г. яны павянчаліся. Праз тры гады зьявілася першае дзіця — прынцэса Элізабэт, сёньняшняя каралева.

Альбэрт быў малодшым сынам Георга V і аб кароне ня марыў. Але 11 сьнежня 1936 г. ягоны старэйшы брат Эдуард VIII, які правіў імпэрыяй менш за год, адрокся ад трону са словамі: “Я ня бачу магчымасьці несьці ўскладзеныя на мяне абавязкі без кабеты, якую кахаю”. Тагачасныя законы забаранялі каралю шлюб зь некаранаванай асобай. Каханкай караля была не шляхцянка, а разьведзеная амэрыканка Ўоліс Сымпсан, а таму шлюб быў немагчымым. Эдуард зрабіў выбар на карысьць каханьня і адмовіўся быць каралём.

12 траўня 1937 г. адбылася каранацыя Альбэрта, які стаў Георгам VI. Кажуць, што Лізавета так і не даравала Эдуарду, які разбурыў іх з Альбэртам спакойнае шчасьце, і таму колішні кароль усё жыцьцё мусіў правесьці на чужыне.

Многія сумняваліся, ці здолее нясьмелы і хваравіты Альбэрт быць каралём. Але яму дапамагла жонка, якая, трапіўшы на пасад, разгарнула актыўную дзейнасьць. Праблемаў было шмат — ёй нават удалося самой адвучыць мужа ад заіканьня.

Праўда, калі жонкі побач не было, ён зноў бянтэжыўся і пыкаў-мыкаў.

Неўзабаве пачалася другая сусьветная вайна. Калі ўзьнікла пагроза нямецкага ўварваньня на Брытанскія астравы, паўстала прапанова вывезьці дзяцей у Канаду, дзе ўжо знайшлі прытулак нашчадкі дацкай і нарвэскай каронаў. Каралева не дазволіла: “Дзеці не паедуць безь мяне! Я не магу пакінуць караля, а яго Каралеўская Вялікасьць ніколі нікуды не паедзе”. Яна навучылася страляць зь вінтоўкі і рэвальвэру ды асабіста выступіла з заклікам да французаў супраціўляцца. Гітлер называў яе “самай небясьпечнай жанчынай Эўропы”, а суайчыньнікі — “лэдзі Сьмеласьць”.

У верасьні 1940 г. на Букінгемскі палац, калі там знаходзіліся кароль з каралевай, упалі шэсьць нямецкіх бомбаў. Каралева не напалохалася: “Я радая, што нас бамбілі. Цяпер я магу сьмела глядзець у вочы жыхарам Іст-энду”. Яна насамрэч часта зьяўлялася ў руінах бедных кварталаў, якія нярэдка пападалі пад бамбёжкі, бо асы люфтвафэ цэлілі ў разьмешчаныя там заводы, вайсковыя часьці, шпіталі. Разам з жонкай Чэрчыля Лізавета зьбірала дапамогу для Сталінграду. У валгаградзкай абласной больніцы №2 дагэтуль карыстаюцца інструмэнтамі, дасланымі каралевай.

Скончылася вайна, а неўзабаве скончылася і шчасьце каралеўскай пары, бо 6 лютага 1952 г. кароль памёр ад раку лёгкіх. Правіць Брытаніяй пачала старэйшая дачка Георга Лізавета ІІ. Удава Георга захавала ўсе вонкавыя атрыбуты, але стала ўжо “каралевай-маці”.

Нейкі час яна шукала новы сэнс існаваньня. Нехта прапанаваў паслаць яе генэрал-губэрнатарам у Аўстралію. Яна гатовая была падпарадкавацца дзяржаўнай патрэбе, але запярэчыла каралева-дачка, якая абвесьціла, што бяз маці правіць ня зможа.

Дзякуючы разьмеранаму ладу жыцьця каралева-маці да ста гадоў захавала цудоўнае здароўе, жалезны характар і выдатнае пачуцьцё гумару. Яна не цярпела пытаньняў накшталт “як Вы?”, заўжды адмаўлялася ад мыліцаў ды кійкоў (хаця ў яе двойчы быў пералом шыйкі сьцягна) і ад акуляраў (хаця чытала толькі з лупай). Зламаўшы тры гады таму другае сьцягно, яна моўчкі сядзела ў фатэлі, чакаючы дактароў.

Лізавета І не сумавала. Калі адна састарэлая фройліна прыйшла да каралевы-маці прасіць аб адстаўцы, тая сказала: “Віншую! Правільна! Пасьля 80-ці жыцьцё ператвараецца ў сапраўдную асалоду!” Яна сама цешылася жыцьцём як магла. Аб выдатках каралевы-маці хадзілі легенды, бо да сваіх фінансаў тая нікога не падпускала. Перарасходы складалі мільёны фунтаў. Але ў доме пастаянна было шмат гасьцей, безьліч лёкаяў і кухараў. Казалі, што ў Кларэнс-хаўс (лонданскай рэзыдэнцыі нябожчыцы) “файв-о-клок” (піцьцё чаю а пятай вечара) такі багаты, што падобны да абеду, а тамтэйшы пікнік нагадвае банкет. Старая каралева любіла паесьці па-каралеўску.

Яе дзень пачынаўся з кубка гарбаты “Эрл Грэй”, пасьля чаго Лізавета зьядала свой сьняданак — тост, варанае яйка і садавіну — і займалася ранішнім туалетам. Гардэроб каралевы-маці займаў сама меней цэлы паверх Кларэнс-хаўсу. Шмат увагі каралева надавала твару, карыстаючыся толькі касмэтыкай “Элізабэт Ардэн”. Нават у адзіноце каралева ніколі ня сьнедала, не апрануўшыся і не надзеўшы адпаведных сану ўпрыгожаньняў. Яна была сама веліч і кансэрватызм брытанскае манархіі!

Лізавета І была ахвотніцай і выпіць. Адзін з прыдворных каралевы назваў яе найлепшай хадзячай рэклямай джыну, які тая патроху ўжывала штодня. Аднойчы нехта падараваў ёй 20 бутэлек шампанскага, дадаўшы, што, маўляў, будзе чым пачаставаць гасьцей. Старая не разгубілася і адказала, што такой малой колькасьці і такому добраму гатунку яна й сама дасьць рады.

Увесь каляндар старой каралевы арыентаваўся на дні скачак. Коні зь ейнай стайні выйгралі 440 забегаў. Каралева-маці ніколі не прадавала сваіх скакуноў — яны заўжды дажывалі свой век на стайні. Яе жарсьць да скачак была проста неверагоднай. Нават хворая, з тэмпературай пад 40, яна не прапускала ніводнага забегу. Маладых жарэбчыкаў і кабылак для сваёй стайні яна да сьмерці адбірала сама. Любоў да коней яна перадала і сваёй дачцэ Лізавеце ІІ. Аднак, у адрозьненьне ад прынцэсы Маргарэт, яна ніколі не апускалася да раманаў з жакеямі. Ня тое пакаленьне, ня тое выхаваньне, ня тыя прынцыпы.

Кансэрватарка да мозгу касьцей, яна працівілася любым новаўвядзеньням: каб Бэкінгемскі палац быў адкрыты для наведваньня публікі, каб у каралеўскую гвардыю прымалі нашчадкаў чорных эмігрантаў, каб каралева сустракалася з рок-музыкамі.

Калі б яна не была каралевай, якія мэмуары яна магла б пакінуць! Аднак яна не дазваляла сабе літаратурных або газэтных вольнасьцяў. Апошняе радыёінтэрвію яна дала ў 1922 годзе! Яна, дарэчы, так да сьмерці і не пагадзілася сустрэцца з Камілай Паркер — каханкай свайго любімага ўнука, прынца Чарльза. Дзіва што і выбрыкі прынцэсы Дыяны выклікалі ў яе сумнеў. Тым ня менш, гэта менавіта яна навязала Чарльзу Дыяну. Кажуць, проста каб насаліць лорду Маўнтбатэну, які спадзяваўся ажаніць нашчадка трону з сваёй пляменьніцай. Маўнтбатэну яна не магла дараваць “бяздарную страту Індыі”.

Афіцыйна яна ніколі не выходзіла за рамкі сваіх прадстаўнічых функцый. Аднак у глыбіні свайго палацу яна заўсёды заставалася жанчынай з уласьцівымі жанчыне сымпатыямі і антыпатыямі. У 1975 г. яна асабіста выступіла супраць далучэньня Брытаніі да эўрапейскага “супольнага рынку” і да скону выступала супраць любой інтэграцыі. Пры гэтым, у адрозьненьне ад большасьці брытанцаў, яна не адчувала ніякай непрыязнасьці да французаў, і перамогу французаў над бразыльцамі на апошнім футбольным чэмпіянаце сустрэла “Марсэльезай”. Затое сярод яе непрыяцеляў быў, напрыклад, Уінстан Чэрчыль. Хто ведае, як павярнулася б вайна, калі б прэм’ерам стаў тагачасны фаварыт каралевы лорд Галіфакс, якому прыпісвалі пранямецкія настроі.

Нягледзячы на свае дзівацтвы і дзякуючы ім, каралева-маці Лізавета І была сымбалем трывалай манархіі, бабуляй усіх брытанцаў, чалавекам старой рамантычнай віктарыянскай Брытаніі. “Queen Mum” любілі болей за ўсіх астатніх членаў каралеўскай сям’і. Англія асацыюецца з падобнымі да яе бабулькамі, што вечна сядзяць з кубкам гарбаты над чарговай крыжаванкай з “The Times” з коцікам на руках, а пасьля абмяркоўваюць надвор’е. Цяпер брытанцы апошні раз могуць жалобай засьведчыць сваю адданасьць. Зь Лізаветай адышло цэлае стагодзьдзе.

Сяргей Рак

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0