Абразкі і абрэзкі

 

Злачынства — помста, помста — злачынства. Менавіта так рухаецца старажытны ківач гісторыі і жыцьця. Беларускі гістарычны ківач застыў на адзнацы “злачынства”. Але помсьце ёсьць хрысьціянская альтэрнатыва — пакаяньне, і пакуль яно не адбудзецца, нашаму грамадзтву не скрануцца зь мёртвага пункту. Вось таму Курапаты — гэта ня проста лес і могілкі, а сакральнае, лёсавызначальнае месца сёньняшняй беларускай гісторыі.

Чытаньне штодзённых газэт — чорны хлеб для розуму, тэлевізія — бясконцая жуйка-цягнучка, мастацкія тэксты — сьвяточныя булкі, паэзія ж — далікатэс для гурманаў. А “Наша Ніва” — слоены пірог, дзе можна пакаштаваць і кіслай палітычнай капусты, і праснакоў будзённага жыцьця, і паэтычных разынак, а часам нават патачыць зубы аб інтэлектуальныя сухары. Аднак, якімі б смачнымі ні былі тыя “пірагі”, разгрузкі патрабуе ня толькі страўнік, але й галава: не забывайцеся хоць раз на тыдзень рабіць “інфармацыйна-посныя” дні.

Па зальдзелым ходніку на хворых, пакручаных артрозамі нагах ідзе бабулька. Кожны крок даецца ёй нялёгка: ступакі падкручваюцца, калені падгінаюцца. Страшна — каб не пасьлізнуцца, не забіцца… Ёсьць героі вядомыя, што ходзяць на Джамалунгму ці скачуць ў вышыню на два з паловай мэтры, а ёсьць невядомыя. Для такой бабкі ўскараскацца на сёмы паверх, калі раптам ліфт сапсуецца, — тое самае, што альпіністу ўзысьці на Эвэрэст…

Адзін у гэтым сэзоне паваліўся — у ціхім месцы, бязь сьведкаў пасьлізнуўся і мякка прызямліўся на бок. А бывала і горш, калі на люднай вуліцы з усяго маху лясьнешся патыліцай аб лёд: шапка ляціць у адзін бок, рэчы з расчыненага партфэлю ў другі, а сам ляжыш і думаеш — што ж гэта адбылося? І сорамна, і няёмка, асабліва калі нехта яшчэ кінецца дапамагаць… Жыцьцё — цікавы, непрадказальны рэжысэр, але ў асобных сцэнах лепш быць гледачом, чым галоўным героем.

Думка — голая ідэя — усяго толькі шкілет. Словы — мускулы, што вымушаюць яго рухацца, жыць, красавацца. Але калі словаў зашмат, яны ператвараюцца ў тлушч, у якім тонуць думкі і губляюцца ідэі. Сачыце за фігурай сваіх думак, не давайце ім атлусьцець.

Васіль Аўраменка, Магілёў

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0