Людміла Рублеўская

Храм абарончага тыпу

У беларускага Храму заўсёды намагаліся забраць імя, як і ў беларусаў. Будынкі пераходзілі ад адной канфэсіі да другой, са стану сховішча ўгнаеньняў — у стан Боскага дому… Традыцыйны беларускі Храм — “абарончага тыпу”. Царква-крэпасьць — гэта пра нас. Асабліва калі за мурамі — сьвінарнік.

 

Храмам ёсьць і чалавек, бо ў ім жыве Бог… Але ж у чалавеку жыве і зьвер. Храм і зьвярынец — спалучэньне, якое не абяцае спакойнага жыцьця.

У чалавеку генэтычна закладзеная “прага Бога”. Наблізіцца да Яго, зразумець, што Ён ад цябе хоча, і выканаць гэта… Самае пэўнае — збудаваць Храм. Па дарозе на Івянец мне паказалі драўляную цэркаўку, зробленую адным умельцам-вернікам. Падчас працы той зваліўся з рыштаваньняў, паламаўся... І ўсё адно, яшчэ ў гіпсе, будаваў далей.

У царкве на бэрлінскай Курфюрстэндам ля ўваходу — талерка зь вялізнымі чырвонымі яблыкамі. Хто ахвяруе на Храм пару марак, ва ўзнагароду можа ўзяць яблык. І, напэўна, спажываючы яго, адчуць перамогу над тым грэшным плодам ды наблізіцца да страчанага Эдэму.

Канец 80-х. Еду па Маскве на тралейбусе. Зьлева — клубы белага дыму, быццам адкрылася пекла. Месьцічы тлумачаць: гэта басэйн на месцы ўзарванага Храму Хрыста Збаўцы.

Аднакурсьніца па Літінстытуце, таўсматая чарнявая масквічка, хваліцца, што плавае ў тым басэйне штотыдня... Вада, кажа, гнілаватая.

Мне шаснаццаць. Сьпякотны чэрвень. У нас практыка па малюнку. Мы разьмясьціліся на зялёным пагорку ля Менскага катэдральнага сабору і робім акварэльныя накіды. Вада ў слоіках хутка мутнее. Выкладчык раіць нам ісьці па ваду… у царкву. Самыя сьмелыя ідуць і хутка вяртаюцца з поўнымі слоікамі і гумарыстычнымі камэнтарамі наконт убачанага. Нарэшце і мы зь сяброўкай, узяўшыся за рукі, нясьмела заходзім у прахалоду. Набіраем у прытворы вады са звычайнага латуннага крану, але сыходзіць не сьпяшаемся — цікава. Прыхаджанаў мала — чалавек дзесяць разам са сьвятарамі. Цісьнемся да мармуровай калёны са сваімі слоікамі, у дэкальтаваных сарафанах. Крыжыкаў на нас няма. Чарнявая цётка з вусамі, якая басам сьпявае малітву, зіркае на нас усё пільней і замест малітвы пачынае апантана паўтараць: “Госпадзе, пазбаў ад спакусы!” Цётка пазірае на нас так страшна, яна хістаецца, голас яе грыміць усё гучней, і мы выбягаем з Храму, як гандляры ад Хрыстовага бізуна.

Малюнкі, выкананыя на сьвятой вадзе, асядаюць дзесьці ў лябаранцкай, каб пасьля паслужыць палітрамі для наступных навучэнцаў.

Храм павінен быць вышэйшы за іншыя будынкі. Ацалелыя ў савецкім Менску Храмы ўмуроўвалі ў бэтонныя шэрагі квадратных дамоў, сьсякалі крыжы і купалы, і побач абавязкова ўзводзілі вышэйшае, ідэалягічна праверанае збудаваньне.

У Расеі калісьці існаваў закон “празораў” — каля Храму належала пакідаць незабудаваныя месцы, каб яго можна было бачыць здалёк і з усіх бакоў. А першыя хрысьціянскія Храмы былі ў катакомбах, глыбока пад зямлёй. Тамсама хавалі памерлых сьвятароў і прыхаджанаў. Але, можа быць, адтуль, ад цёмных сырых пячораў, было бліжэй да неба, чым ад гіганцкіх раззалочаных купалаў, збудаваных на сродкі высокапастаўленых зладзеяў…

Практыка па малюнку ў Вільні. Вечарамі мы блукалі па вузкіх брукаваных вулках, заходзілі ў Храмы… Праваслаўныя цэрквы былі збольшага занядбаныя, з пабітымі вокнамі, размаляваныя зьдзеклівымі надпісамі. У адным з такіх Храмаў я ўпершыню паставіла сьвечку. І ўпершыню перахрысьцілася, усхвалявана разумеючы, што стала на бок пакрыўджаных і зьняважаных.

У гэты час у віленскім касьцёле наша аднакурсьніца Сьветка, найлепшая сяброўка тэхнікумаўскіх мурынаў, “зьняла” маладога прыгожага літоўца. Прыйшла да нас у пакой пахваліцца… І нечакана высьветліла, што падчас цёплага разьвітаньня кавалер выцягнуў з задняй кішэні ейных нагавіцаў-штроксаў (мурынскага падарунку) сорак рублёў.

Сьляды Сьветкі губляюцца ў Партугаліі, куды яна, пасьля кар’еры валютнай прастытуткі, патрапіла, акруціўшы дзесьці ў Расеі супрацоўніка пасольства краіны піратаў і рыбакоў, дзе ёсьць масіўныя Храмы вэстготаў і Храмы “мануэліна” з маўрытанскімі каменнымі карункамі.

Да Храму трэба ісьці. І нават не заўсёды па зямлі. Храмы Новай Гвінэі, плеценыя з прутоў, будуюцца проста ў моры. Шлях да іх — па вадзе.

Зазвычай усе дарогі краіны сыходзіліся да яе галоўнага Храму — і ў Рымскай імпэрыі, і ў дзяржаве інкаў. Нашы дарогі сыходзяцца да якогась адміністрацыйнага будынку. Ён найчасьцей квадратны і шэры, як ахвярны камень.

З акна тралейбуса добра відаць на беразе Сьвіслачы, дзе ў яе ўпадае паланянка Няміга, белы камень на месцы старажытнага Храму. Дарожкі, засыпаныя бітай цэглай, пазначаюць контур сьценаў. Падмурак — глыбока ў зямлі… Гэта — наш Храм і сэрца гораду, але ніхто не зьвяртае на яго ўвагі. А ён стаіць, толькі нябачны — бо Храм зруйнаваць нельга. Можна зруйнаваць ягонае цела зь зямнога праху, а духоўная сутнасьць Храму — несьмяротная.

А побач, у падземным пераходзе мэтро, безьліч кветак і вянкоў ахвярам, што загінулі на Тройцу. Ці зайшлі іхныя душы ў нябачны нам Храм?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0