10 мяхоў беларускай гісторыі

Бацька Бухаловіч

Палымяны патрыёт Беларусі й нязломны змагар за ейнае шчасьце Стась Бухал-Бухаловіч нарадзіўся ў 1883 годзе ў маёнтку Мейшты на Браслаўшчыне, часова акупаванай фэдэральнымі войскамі Расейскай Імпэрыі. Амаль адразу па нараджэньні ён адчуў сябе беларускім генэралам і пачаў чакаць свайго часу.

Ішлі гады, Стасевы сябры з суседніх фальваркаў выбіваліся ў людзі — хто па-ступаў у маскоўскі ўнівэрсытэт імя Лулумбы па квотах для Віленскага краю, хто, пасьля вайсковай вучэльні, трапляў у марскую пяхоту на японскі фронт. Дзеля маскіроўкі Бухал-Бухаловіч таксама скончыў 4-гадовыя курсы аграноміі пры грамадзкім фондзе “Бяльмонты”. Але з дыплёмам агранома яму нічога не сьвяціла, і Стась за-фрахтаваўся бухгальтарам у будаўнічую фірму, што аднаўляла Каўкаскі хрыбет пасьля антытэрарыстычных апэрацыяў царскага войска. У вольны ад перастрэлкі з падатковай інспэкцыяй час Стась апантана чытаў успаміны Франца Савіча, а таксама вершы Лермантава ў перакладзе Багушэ-віча. Скончылася тым, што хлопец закахаўся ў прыгожую чачэнку, якая, на ягоную бяду, мела зь дзясятак братоў і зусім яшчэ не старога бацьку. Стась не пасьпеў нават слова сказаць сваёй пасіі: адзін неасьцярожны погляд — і дзікія горцы гналіся за ім аж да Дзісенскага павету, пакуль не прасадзілі апошнія грошы ў Мёрскім казіно. На Каўказ Бухал-Бухаловіч вырашыў не вяртацца — уладкаваўся аканомам у маёнтку графа Плятэра. Усе Стасевы спробы стаць на шлях прагрэсу й зладзіць на базе маёнтку першы экспэрымэнтальны калгас сканчаліся сялянскімі хваляваньнямі: тут яшчэ добра памяталі паншчыну. Тады хлопец пачаў змаганьне з карупцыяй. Ён вы-крываў мафіёзныя структуры, перасьледаваў местачковых габрэйскіх алігархаў, выступаў на кірмашы з прамовамі, зачытваючы ўсё новыя й новыя сьпісы галоўных зладзеяў. За гэта народ яго любіў і называў “бацькам”.

Як кожны прафэсійны змагар з карупцыяй, Стась меў асабістую ахову. Ягоныя хлопцы наводзілі парадак ва ўсім павеце: разганялі несанкцыянаваныя вячоркі; арыштоўвалі памешчыкаў, што кіравалі фурманкамі ў нецьвярозым стане; правяралі пашпарты й кішэні ў асобаў небеларускай нацыянальнасьці. Па дакумэнтах гэтае незаконнае абы-чым узброенае фармаваньне праходзіла як дзісенская пажарная дружына.

Калі выбухнула першая сусьветная вайна, Бухал-Бухаловіч пайшоў на яе шараговым добраахвотнікам. Па дарозе ў ваенкамат ён уступіў у партыю (БСГ), а таксама ўзяў у палон групу эстонскіх турыстаў — падумаў, што гэта ўжо немцы...

Ня дзіва, што на фронце Стасю не далі агняпальнай зброі — узброілі сапёрнай рыдлёўкай ды запісалі ў кавалерыю. Вайна зацягнулася, перайшла ў пазыцыйную. Седзячы ў акопах разам з коньмі, жаўнеры захапіліся азартнымі гульнямі. Асаблівага посьпеху тут дасягнуў Стась. У часе чарговага братаньня з кайзэраўцамі ён выйграў у іх у даміно акоп, што выклікала адступленьне нямецкіх войскаў на значным участку фронту. Бухаловіч адразу атрымаў афіцэрскія пагоны і з радасьці так гульнуў, што ачомаўся ў глыбокім варожым тыле, паблізу Нясьвіжу, на чале дывэрсійнай кавалерыйскай групы. Каб трапіць да сваіх, давялося скарыстацца радзівілаўскім падземным ходам. Выйшлі, пасьля двухдзённага рэйду, аж пад Будславам.

З тае пары рэйды па нямецкіх тылах зрабіліся спэцыялізацыяй Бухаловіча. Звычайна ягоную групу разам з коньмі дэсантавалі ў тыл ворага, дзе ён здабываў інфармацыю, языкоў і харчы для Магілёўскай стаўкі. Кожную ноч ягоныя сувязныя выходзілі на сувязь з цэнтрам. З Магілёва прылятаў аэраплян, і партызанскі махальшчык запальваў паходні й махаў азбукай Морзэ ў паветры, перадаючы каштоўныя зьвесткі пра перамяшчэньні варожых войскаў, а таксама пра стан здароўя і настрой “бацькі” Бухаловіча.

Пасьля Кастрычніцкага путчу Стась паверыў быў бальшавікам, але пасьля некалькіх харчразьвёрстак, якія больш нагадвалі зачысткі, зразумеў, што з камуністамі савецкай улады не збудуеш, і перайшоў да белых. Разам з генэралам Юдзенічам яны рушылі на Петраград.

Чырвоныя некалькі разоў прызначалі ўзнагароду за галаву “бацькі” Бухаловіча. Стась зазвычай зьяўляўся па грошы асабіста, на чале сваёй дывізіі. З часам ён са-браў немалы капітал. Да Бухаловіча пацягнуліся людзі. Чырвоныя пераходзілі да яго палкамі.

Ваюючы на Пскоўшчыне, “бацька” вырашыў зрабіцца кіраўніком мясцовай адміністрацыі — з таемнай думкай далучыць край да Беларусі. На восень 1919 г. былі прызначаны выбары. Бухаловіч зарэгістраваўся адзіным кандыдатам і разаслаў па Пскоўшчыне агітацыйныя казацкія загоны. Нечакана, прыкрываючыся ідэямі дэмакратыі й правоў чалавека, вылучыў сваю кандыдатуру стары прафсаюзны манархіст Радзянскі. Каб пазьбегнуць расколу ў белым руху, генэрал Юдзеніч заклікаў кандыдатаў сабрацца на каардынацыйную нараду: белыя хацелі схапіць “бацьку” ды пазбавіць яго кандыдацтва. Але Бухаловіч адразу ўсё зразумеў і, прыехаўшы на нараду, арыштаваў Юдзеніча, пабіў бутэлькі, перакуліў стол ды ўцёк у лес. Белы рух пры-знаў “бацьку” нелегітымным гэнералам.

Расчараваўшыся ў чырвоных і ў белых, Бухал-Бухаловіч нарэшце зразумеў сутнасьць бруднай расейскай палітыкі. У ягонае сэрца вяртаюцца зацярушаныя пылам вайны сьвятыя беларускія сымбалі й ідэі. Бухаловіч пачынае змагацца за вольную незалежную Беларусь.

На грошы эміграцыйнага ўраду БНР выпускаюцца маркі з выявай Бухаловіча і рэклямай беларускага войска. У Эўропе спрабуюць пра-біць грант пад мабілізацыйную кампанію ў “бацькаву” дывізію. На станцыю “Менск-Таварны” прыходзіць эшалён з шынялямі, анучамі і споднім з вышытай на іх сымболікай “уступай”.

Аднак польскі Фонд Пілсудзкага прафінансаваў толькі частку гранту. Калі ж Стась разам са сваім войскам прыехаў у Берасьце, выявілася, што фундатары могуць аплаціць толькі квіткі. “Бацьку” прапанавалі распачаць партызанку ў бальшавіцкіх тылах, а пасьля, па выніках дзейнасьці, будзе й фінансаваньне.

Але не пасьпеў Бухаловіч правесьці і пару сваіх знакамітых рэйдаў з арганізацыйнымі сэмінарамі па беларускіх гарадах, як урады Польшчы і Расеі падпісалі дамову ў Рызе. Фінансаваньне Фонду Пілсудзкага было спыненае. Апошні здолеў перадаць гатоўкаю мільён аргентынскіх пэса, на якія Бухаловіч зладзіў дэмакратычныя выбары прэзыдэнта Беларусі й аднагалосна перамог. Аднак Савецкая Расея і прэзыдэнт БССР Чарвякоўскі прызналі выбары несапраўднымі, антыканстытуцыйнымі й праведзенымі з парушэньнямі. Агітацыйныя рэйды Бухаловіча здолелі ахапіць толькі Мазыр, Калінкавічы і Рэчыцу. У Тураве адбылося заключэньне дамовы з аб’яднанай апазыцыяй, якая прызнала “бацьку” кіраўніком Беларусі й абвясьціла нелегітымнымі БНР Ластовіча і БССР Чарвякоўскага.

У той час у Слуцку на польскія грошы ствараецца рэсурсавы цэнтар, які адцягнуў частку сродкаў і валанцёраў ад арміі Бухаловіча.

Чырвоныя ж, спарадкаваўшы Ўрангеля, нападаюць на сталіцу Бухаловіча — Мазыр. Безграшоўе вымушае “бацьку” з рэшткамі арміі выехаць у Польшчу па групавой візе. Тамака ўсе яны трапляюць у лягер палітуцекачоў.

Атрымаўшы палітычны прытулак, “бацька” купіў хатку ў Белавескай пушчы, павесіў на сьцяну шаблю, зашпурнуў на гарышча свой буйнакалібэрны агнямёт Макарава й адышоў ад справаў. Але ненадоўга. У Гішпаніі пачалася мабілізацыйная кампанія генэрала Франка, і “бацька” паехаў туды назіральнікам ад АБСЭ. Там Бухаловіч закладае “Баскаў рух” (тубыльцы ня здолелі па-людзку вымавіць слова “бацька”)…

Зьнік Бухал-Бухаловіч падчас акупацыі Варшавы нямецкімі войскамі. Шмат хто казаў, што ён загінуў. 2541 паляк сьцьвяр-джае, што сьмяротна паранены “бацька” памёр менавіта на ягоных руках. Аднак сакрэтныя дакумэнты сьведчаць, што Бухаловіч, паранены ў баёх, вярнуўся ў Беларусь ствараць партызанку. Расказы пра Вітушку — гэта расповеды пра Бухаловіча… Іншыя крыніцы кажуць, што гэта ён, пераапрануўшыся ў жаночую вопратку, падклаў бомбу пад гаўляйтэра Кубэ, а пасьля доўгія гады жыў у Менску з пашпартам на імя А.Мазанік, падпольна рыхтуючы глебу для нацыянальнага адраджэньня, у якое верыў да апошніх дзён.

Руслан Равяка, Баранавічы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0