Хаджаньне пчол

Летась увосень мне пашчасьціла трапіць ва ўлюбёную маю палескую вёску — Аздамічы. Чакалі мяне там добрыя знаёмыя і магчымасьць узяць удзел у падглядзе пчолаў. У мінулыя стагодзьдзі чалавек вышукваў у лесе дуплы зь дзікімі пчоламі, каб выдзіраць адтуль мёд. Пасьля пачаў даглядаць і ахоўваць знойдзеныя раі ды саматужна вырабляць калоды, імітуючы дуплы дрэваў, развозіць і ўсталёўваць іх па палёх і лясох вакол вёсак. На пачатку XVI ст. у Беларусі тагачасныя падаткавікі налічвалі больш за мільён борцяў, што прыносілі з паўмільёна пудоў мёду штогод. Сёньня клясычнае калоднае пчалярства амаль зьнікла. Каб пасьпець запісаць ды сфатаграфаваць гэты рэліктавы занятак ужывую, я — у Аздамічах.

 

На досьвітку па мяне заходзіць дзядзька Хведар. Мінулае лета было зусім сухое, і да борцяў мы выпраўляемся не на чаўне, як часта бывае тут, на Палесьсі, а на звычайнай падводзе. Па дарозе заяжджаем яшчэ па двух бортнікаў, бацьку і сына Васіля ды Юр’я. Яны кладуць на воз драбіны, што сёньня заменяць остроў, якім у старыя часы карысталіся, каб узьлезьці на дрэва, да борці. Остроў нагадвае шкілет рыбіны з коратка абсечанымі косткамі. “Я з дому драбіны не вазіў, стараўся ў лесе сьсекці сукаватае дзерва і гэтыя сучкі на ім пакінуць. Па-нашаму такое дзерва называецца остроў. Каля кожнай калодкі павінна быць остроў. Не насіў іх з сабою, бо яны цяжкія, вялікія. Вясною пабудую остроў і аднясу куды-небудзь у бок, у які куст палажу”, — казаў колісь дзед Андрэй, самы стары аздаміцкі бортнік. Борці, да якіх мы едзем, належаць яму. Але ён ужо ня можа сам даць рады пчолам і папрасіў Юру й Васіля падгледзець іх.

За вялікай дамбай, што ратуе вёску ад веснавых патопаў, пачынаецца неабсяжнае Палескае поле. Абапал дарогі чырванеюць дубы. Амаль на кожным шарэюць борці.

Робяць іх з хаўтны — сасновага ці дубовага ствала, што мае ў сярэдзіне прыродную пустату. З дапамогаю мэталёвае пешні дрэва вычышчаюць — што бочку. У баку калоды, адступіўшы траціну вышыні ад верху, праразаюць вэртыкальную дзірку шырынёю з кулак — яна й завецца борць. Празь яе можна дабрацца да сотаў. Закрываецца борць дзьвюма шчыльна падагнанымі накрыўкамі. Побач зь ёй сьвідруюць ляток для пчолаў. Верхняя частка калоды завецца галава. У ёй жыве рой, і мёду адтуль не выбіраюць — пакідаюць пчолам на зіму. Дах пчолам робяць шматслойны: шчыльна заганяюць у калоду круглую накрыўку, абмазваюць глінай, закрываюць бяростай ці толем, а зьверху прыбіваюць паўкруглую стрэшку. Узімку, калі замярзаюць балоты, калоду вязуць да выбранага дрэва, а з надыходам вясны ўсьцягваюць наверх. Калоды цяжкія, амаль пад тону кожная. З дапамогай адмысловага кола ці лябёдкі калоду ўсьцягваюць на падрыхтаваную на галінах пляцоўку — адзёр — і прывязваюць да ствала дротам, ланцугамі ці вяроўкамі. Яшчэ борці ставілі на могілках, бо лічылі, што пчолы наносяць больш мёду з дапамогаю душаў памерлых.

Падскокваючы на возе, мы едзем, як тут кажуць, хаджаць пчолаў, абыходзіць, ці аб’яжджаць. Хаджаюць пчолаў двойчы на год — вясною ў траўні й восеньню перад Узьвіжаньнем. Увосень бортнікі ня толькі рыхтуюць калоды да зімы, але й зьбіраюць мёд.

Вясной Прыпяць шырока разьліваецца па навакольных палёх і лясох. Скарыстаўшыся паводкаю, бортнікі робяць веснавы аб’езд сваёй гаспадаркі на чаўнах. Плывуць ад дрэва да дрэва, вымятаюць з калодаў сьмецьце і адмор, правяць стрэшку і мацаваньне. Борць, дзе памерла сям’я ці дзе яе не было зь мінулага году, твораць — робяць прывабнай для новых раёў: “Штоб яны садзіліся, нада калоду вясной вычысьціць, каб ні павуці, ні чаго іншага не было. Там, у сярэдзіне вульля, е такія шпенікі — то на іх трэба начапіць воску і пакрапіць вадою салодкай, на розных травах запаранай. І на дно пакласьці багуну”, — расказвае Хведар. Шпенікі — гэта адмысловыя зачэпкі, падобныя на грабеньчыкі й крыжавіны, на якія мацуюць кавалачкі вашчыны.

За размовай мы пад’ехалі да першае калоды. Яна — на дубе, што стаіць на ўзьлесьсі. Воддаль навязваем каня, каб яго ня спудзілі разьвярэджаныя пчолы. Васіль апранае маску, узлазіць на дрэва па драбінах і, прыладзіўшыся бліжэй да борці, на вяроўцы падымае вядро, у якім ляжаць сякера, нож і дымар. Сякерай ён адкаркоўвае шчыльна падагнаныя накрыўкі. Адчыняецца борць, у якой бачныя шэрагі сотаў. Дымаром Хведар абкурвае вашчыны, каб сагнаць пчолаў. Бо тыя, што прыліпнуць да сотаў, — загінуць. Даўжэзным нажом ён падразае ўзятак да верхняга краю адтуліны. Усё, што вышэй, у галаве, застанецца пчолам на зіму.

Мякаць, ці крытыя (запоўненыя мёдам) соты, кладуцца ў вядро. Пустая вашчына — сухары — у плеценую зь бярозавай кары шаню. Зачыніўшы ўсе дзьверцы, Хведар апускае на вяроўцы інструмэнт і ўраджай, потым аглядае калоду, правіць страху і правярае мацаваньне.

Мы ўехалі глыбока ў лес, спыніліся каля дуба з наступнай калодай. Пчаляры трывожна на яе паглядалі: летам пчолы тут лёталі актыўна, а цяпер не відаць ніводнай. Дрэнныя прадчуваньні пацьвердзіліся, калі калоду адчынілі: нейкія зладзеі выдралі ўсе соты, і пчолы, не пасьпеўшы нанасіць новага мёду, загінулі. Шмат ворагаў у раскіданых па навакольлі безабаронных борцяў. Але самым небясьпечным застаецца чалавек...

Цэлы дзень мы пераяжджаем ад калоды да калоды. Нашы шані і вядро патроху напаўняюцца крытымі сотамі й вашчынай. Дзядзька Хведар скардзіцца, што ўзятак вельмі малы: “У майго бацькі быў вулей, 40 год стаяў, і не було году, каб не було пчол, і мэду нахаджвалі по два вядры. А цяпер даўным-даўно няма мэду, гады сухія, а ў лесе красак няма — адна сасна. Вось і мэду няма, адзін воск, а раней напакуюць борць так, што і палец ня ўсунеш”.

Вечарэе. Праглядаем апошнюю калоду і выяжджаем на бераг ракі Сьцьвігі. Насустрач на ровары едзе мясцовы рыбак. Спыняецца, паказвае нам ладнага шчупачка. Бортнікі па старой традыцыі частуюць яго мёдам. Які б ні быў малы ўзятак, любога сустрэтага падчас хаджаньня абавязкова частуюць. Тады пчолы будуць. Ведаюць бортнікі й як навесьці шкоду на чужыя калоды: “Калі зьняць шапку, вывернуць і пацерці ёй борць — пчолы ня сядуць”, — распавядае Хведар.

Стомленыя вандроўкай, мы спыняемся на беразе ракі, раскладаем на плашч-палатцы хлеб, сала, цыбулю. Пасярэдзіне ставім вядро з сотамі. Не забыты і “божы дар” — так дзядька Хведар заве самагонку. Напаўняем чаркі. Выпіўшы, мае спадарожнікі пачынаюць разважаць пра мёд — амаль адзіную слодыч мінулых часоў: “На адно вясельле прыйшоў хросны бацька, а ў таго хадзяіна багата було мёду. Вясельлі ў нас цяпер робяць у цяпліцах, а, каб було крыху культурней, падлогу хадзяін засыпаў пірсаю. І от гэты хросны бацька плотна напіўся, сядзеў, сядзеў за сталом, а тады бац — галавою ў міску зь мёдам, дый вымазаўся ўвесь. А тады адвярнуўся, хацеў вылезьці ды трах галавою ў пірсу, дык яго двое сутак адмывалі. То адна баба кажа: от пашэнціла — жонка цэлую ноч лізаць будзе…” Кароткі восеньскі дзень сканчаецца. Дапіўшы апошнюю пляшку, мы рушым дахаты, дзе нас чакае яшчэ вячэра.

Раніцай наступнага дня я іду на сустрэчу з старымі аздаміцкімі бортнікамі. Дзед Навум сёлета зусім не паехаў хаджаць. Ягоная жонка моцна хварэе і ня можа дапамагчы, а прасіць чужога ён ня хоча: “Не да гэтага стала, быў бы хлеб, да картошка, да сала — такая цяпер жытка, бяз сладасьці. Лепш мяшок цукру купіць, дык баба якога варэньня зробіць”. Дзед Андрэй таксама сумны: “Раней гэта было выгадна, а цяпер не аплачваецца. Каля іх работы многа, а толку няма”. — “Старыя займаюцца, а маладыя ня хочуць”, — дадае Юра.

Сканчаецца мая этнаграфічная вандроўка. З жалем пакідаю дарагія Аздамічы. Разам са смакам і водарам барцявога мёду вязу дахаты сумныя думкі. Апошнія бортнікі дажываюць свой век, валяцца з дрэваў недагледжаныя калоды, зьнікаюць дзікія пчолы. Іх замяняюць пасечныя, а бортнікаў — пчаляры. Увушшу зьвіняць разьвітальныя словы дзеда Навума: “Рана ці позна з гэтым трэба разьвітвацца, а там і з гэтым сьветам”.

Дзяніс Раманюк

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0