Этгар Керэт

Мары ўяўнага тэрарыста

апавяданьне

Часам, калі я сяджу ў нашай новай гасьцёўні, а па тэлевізары паказваюць тэракты і ахвяраў з раскінутымі рукамі-нагамі, уяўляю на іхным месцы сябе. Мая кроў літрамі выліваецца на ходнік за некалькі мэтраў ад усходняга рэстарану. Вопратка набракла ад крыві, цеплыню якой я, нібы ў сьне, пасьпею адчуць, перш чым сыду ёй. Я аглядаю сябе і не магу зразумець, адкуль ліецца кроў. Мне ж нічога не баліць. Майму спакою надыходзіць канец, калі санітар, кладучы мяне на насілкі, крычыць у вуха: “З вамі ўсё будзе ў парадку! Вы ачомаецеся, верце мне!” Я пазіраю на яго, невялікага, прыгожага, з прыжмуранымі вачыма і маленькім шнарыкам. Тып, якому я ня здолеў бы збыць патрыманае аўто. Ён падміргвае, і я трачу прытомнасьць.

“Калі ты ўяўляеш, што прысутнічаеш пры тэракце, ці не спрабуеш часам уявіць сябе тэрарыстам?” — пытаецца сяброўка з удаванай наіўнасьцю. Яна вельмі цікавіцца палітыкай, мая сяброўка. Сапраўды вельмі. “Ці не спрабуеш тады ўявіць сабе тое блуканьне па пакутах, пасьля якога той тэрарыст ператварыў цэлы раён у тысячы кавалкаў мяса й мэталу?”

“Не”, — трохі прысаромлена адказваю я.

“Я магу думаць толькі пра яго, — кажа сяброўка. — Для мяне гэтае блуканьне — галоўны герой, яно — актор. Астатнія — толькі статысты”. Мая сяброўка лупіць ківі. “Якая нягода, якія пакуты, якія страхі штурхаюць чалавека на такую жудасьць?”

Я спрабую адшукаць новы пункт гледжаньня: “Магчыма, ён усяго толькі недалёкі ідыёт. У рэшце рэшт, іншыя людзі пакутавалі гэтаксама, як ён, можа, нават яшчэ больш. Яны змагаюцца, не забіваючы кабет і дзяцей, ня робячы сабе сьмерці. Можа, ён проста вар’ят, як гэныя пілёты-камікадзэ, што ўзрывалі сябе ў Пёрл-Харбар?”

“Хвілінку, — мая сяброўка абуджаецца ад трапічнага раю, які засеў паміж ейных моцных зубоў. — Такім чынам, ты называеш японскіх жаўнераў другой сусьветнай вар’ятамі? У параўнаньні з кім? У параўнаньні з амэрыканцамі, чые мазгі тэлебачаньне ўжо даўно ператварыла ў ліпкую кашу, пазбавіўшы іх усялякай індывідуальнасьці?”

“Тым ня менш, — пачынаю я, — яны гінулі разам са сваімі самалётамі…”

“І, магчыма, акурат гэта даказвае іхную мужнасьць, — агрэсіўна выгукае мая сяброўка. — Ты ня лічыш іх за людзей толькі таму, што яны японцы?”

Я маўчу. Тэракт скончыўся, цяпер на экране студыя. Пустыя навіны. Я спрабую ўявіць сябе вайсковым карэспандэнтам, але не атрымліваецца. Сяброўка парушае цішыню: “Ты расіст. Ты ненавідзіш арабаў і японцаў. Як я магу жыць з такім, як ты?” Мы яшчэ на колькі хвілін замаўкаем. Яна йдзе на кухню і надзвычай шумна й патэтычна кідае талеркі ў пасудамыйную машыну. Заўсёдная фэміністка, яна заўжды, калі мы пачынаем сварыцца, тут жа зьнікае ў кухні.

“Любая… — кажу я, спыняючыся побач зь ёй, перад пасудамыйнай машынай. — Дазволь мне посуд памыць, добра?” Яна не зьвяртае на мяне ўвагі, працягвае ставіць кубкі і талеркі ў машыну акуратнымі шэрагамі кшталту вайсковых. “Мне шкада, — кажу я і гладжу ейныя валасы. — Я павінен пазбыцца перадузятасьці. Усе гэтыя сьмерці й паведамленьні ў СМІ, гэта ж таксама ўплывае, сама разумееш”. Яна мые посуд далей, але марудней і менш злосна. “Пры наступным тэракце, — кажу я і цалую ейнае плячо, — я паспрабую ўявіць сябе ня толькі тэрарыстам. Абяцаю табе, што паспрабую ўявіць сабе і страх, і пакуты, і ўсё такое іншае”.

“А японцы?” — яна пазірае на мяне вільготнымі вачыма. Я не адказваю, а толькі абдымаю яе. “Як шмат пакутаў, — шэпча яна. — Як шмат пакутаў у гэтым паганым сьвеце.”А я ўяўляю самога сябе, тут, у гасьцёўні, як я на руках нясу яе ў спальню і кахаю.

Пераклад з габрэйскай

Этгар Керэт (нар. у 1967 г.) — празаік, зорка маладой ізраільскай літаратуры, выкладчык кінаінстытуту ў Тэль-Авіве. Ягоныя бацькі прыехалі ў Ізраіль з Польшчы. Стаў вядомым па напісаньні (пасьля забойства прэм’ера Іцхака Рабіна) апавяданьня “Рабін памёр”, якое распавядала пра ката па мянушцы Рабін, якога пераехаў матацыкл. Запраграмаваны інфантылізм гэтага апавяданьня знайшоў водгук у маладых чытачоў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0