погляд зь Вільні

Акт беларускай драмы

На расейскім тэлеканале НТВ 12 красавіка адбылося ток-шоў з удзелам Лукашэнкі. Расейская палітычная й культурная эліта выявілі сваю недасьведчанасьць, а беларускія апазыцыянэры — нямогласьць.

 

Усё пайшло ня так ад пачатку. Дзень касманаўтаў. Вузкагруды вядучы, апрануты, як сутэнэр каўкаскага паходжаньня. Прыпылены Менск і прымарожаная Масква. Дэманстратыўна падзеленая публіка: налева — за Лукашэнку, направа — супраць. Што ў той расейскай студыі, што на “вуліцы” Менску. Тым ня менш, спадзеў заставаўся. Прынамсі, калі не на шчырыя адказы, дык хоць бы на шоў...

Лукашэнка трымаўся, наколькі мог, годна. Закочваў вочы, цяжка ўздыхаў, разводзіў рукамі, стукаў сябе ў грудзі. Пакуль не папаўзьлі па экране разьвітальныя тытры, спрабаваў нават не хаміць. Ён хлусіў. Хлусіў шмат. Пра свабоду слова й пра заробкі. Пра тое, што ў Беларусі жыве 12 мільёнаў чалавек, а “з гасьцямі” — 15. Пра “два дзясяткі прадацеляў”. Пра тое, што галоўная мэта беларускае апазыцыі — вярнуць у Беларусь свае этнічныя абшары, перарабіць мапы. Сыпаў аднаму яму ведамымі лічбамі. Зрэшты, для беларусаў гэта не навіны. А вось расейская аўдыторыя збольшага ўспрымала гэтую плынь сьведамасьці за праўду.

І было адно адкрыцьцё: што істэблішмэнт, што звычайныя грамадзяне — усе ў Расеі маюць пра Беларусь вельмі цьмянае ўяўленьне. Як з “лукашэнкаўскага”, гэтак і з “антылукашэнкаўскага” боку. Татальную недасьведчанасьць расейскае публікі зразумець няцяжка, зважаючы на заангажаванасьць іхных мэдыяў.

Так, сакратар Саюзу пісьменьнікаў Расеі, назваўшы Эдуарда Скобелева “найбуйнейшым інтэлектуалам”, баяў, што беларускія пісьменьнікі й сяляне падтрымліваюць Лукашэнку, а ён іх. Павал Барадзін, назваўшы японцаў “свалачамі”, а амэрыканцаў — “поскудзьдзю”, сыпаў прыкладамі, як выдатна працуе беларуская эканоміка й наколькі яна апярэджвае расейскую. Намесьніца думскага камітэту па адукацыі ўпэўненая, што беларускія настаўнікі атрымліваюць у два разы больш за расейскіх. Старшыня расейскага ПЭН-цэнтру наракаў на “выгнаньне” Быкава, Някляева й Алексіевіч, на тое, што “Пагоню” судзяць за прыпеўкі. Дэпутат і журналіст наракалі, што ў Беларусі няма як купіць даляраў. І ўсе з аплёмбам цьвердзілі, што беларусы сьпяць і бачаць сябе, нарэшце, у Расеі. Тэрмін “воссоединение” гучаў несупынна. Маўляў, праблема толькі адна: ці Беларусь далучыцца з Лукашэнкам, ці безь яго.

Здавался б, вось і шанец для ўдзельнікаў перадачы зь Менску: у жывым этэры давесьці сваю рацыю й выправіць уяўленьні расейцаў пра сябе. Але гэтага не адбылося.

Вельмі прафэсійна падзеленая на “за” і “супраць” менская публіка жыла адно сваім прыватным клопатам. Чалавек сталага веку прысягнуў у любові да Расеі, але згадаў, як ягонаму сыну там цяжка. Нейкая кабета папрасіла свайго прэзыдэнта яе прыняць. Яна зазначыла таксама, што ня мае дачыненьня да газэтаў, а таму ёй няма чаго сказаць пра свабоду слова. Ну а што ж беларуская эліта?

Дырэктар Беларускага ліцэю Ўладзімер Колас, папярэдне зазначыўшы, што ён, можа быць, толькі пакуль кіруе ліцэем, намякнуў на тое, што “прыгожыя фразы” — гэта толькі фразы, а ён хацеў бы застацца грамадзянінам Беларусі, бо “сутнасьць таго, што адбываецца”, на ягоную думку, у іншым, а ў чым, распавядзе за яго хто-небудзь іншы... Вінцук Вячорка, як сапраўдны настаўнік, заўважыў, што ў яго пытаньняў да Лукашэнкі няма, бо “ён тое, што робіць, робіць сьведама”... Ну, заставалася б толькі дадаць, як на бацькоўскім сходзе, што да ўсяго той яшчэ й задзіра. Валянцін Голубеў нагадаў Лукашэнку пра ягоныя абяцанкі сямігадовае даўніны. Студэнт Паўловіч зазначыў, што яго засудзяць па артыкуле 368-м, частцы першай, пра што, відаць, гледачы таксама мусілі б ведаць. А прафэсар Юры Хадыка, выйшаўшы з чарговага зьняволеньня, скарыстаўся мікрафонам, каб давесьці да ўсеагульнага ведама, што заробкі ў Акадэміі навук скарацілі. Спадар Лявон Баршчэўскі ў ролі простага настаўніка сказаў, што ў настаўнікаў заробкі меншыя за 100 даляраў. Андрэй Клімаў, які толькі выйшаў зь вязьніцы, проста ўсьміхаўся ў кадры. Падумалася: рыхтык як аўганскія дзеці, якія цікаўна зазіраюць у тэлекамэры, ня ведаючы, што гэта такое. Нехта махаў бел-чырона-белым сьцягам, а нехта — партрэтамі зьніклых палітыкаў. Пра апошніх ніхто нічога й не сказаў. Ні па той бок, ні па гэты.

Пра што яшчэ не было сказана ў той перадачы на НТВ? Ніхто ня ўзьняў пытаньня пра лёс беларускае мовы. Не сказана было, што за выкарыстаньне нацыянальнае сымболікі людзей штотыдзень перасьледуюць. Што парушаюцца не абстрактныя, а канкрэтныя правы беларускіх грамадзянаў, напрыклад права на сходы. Каму ж, як не апазыцыянэрам перад камэрай, было пра тое казаць?

Нічога не было сказана пра беларускую вёску. Пра паўтары тысячы стратных гаспадарак, колькасьць якіх расьце на вачох. Якія ня могуць дазволіць сабе набыцьцё новае тэхнікі. Тае тэхнікі, экспартам якое гэтак казырае Лукашэнка.

Ні слова ніхто не замовіў за “чарнобыльскія” зоны. За тысячы хворых і пакінутых сам-насам са сваім болем людзей.

І ніхто не прамовіў слова “незалежнасьць”. Адзін Лукашэнка падкрэсьліў, што ні пра якае “паглынаньне Беларусі Расеяй размовы быць ня можа...”. Тут бы яго і падтрымаць!..

Дзеячы апазыцыі ўдавалі (і ўдала!) людзей з вуліцы. А ці гэтак мусяць гаварыць палітычныя лідэры са сваім асноўным апанэнтам? Можна, вядома, дараваць ім недасьведчанасьць, неспрактыкаванасьць у тэлевізійных тэхналёгіях. Можна зразумець жаданьне скарыстацца трыбунаю для вялізарнае аўдыторыі. Але па выніках ніхто не зразумеў, навошта яна ім. І гэты чарговы акт беларускае драмы, што быў разыграны на вачох шматмільённае аўдыторыі 12 красавіка, пакіне па сабе куды болей наступстваў, чым можна было чакаць ад заштатнае тэлевізійнае праграмы замежнага тэлеканалу. Бо справа не ў Лукашэнку й ягоных дзікіх ляпах (кшталту вершаў Быкава), а ў расчараваньні, зь якім адварочваліся беларусы ад тэлевізара. Нічога новага ў нашай старонцы.

Гары Куманецкі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0