Гульня ў замяталіна

наш камэнтар

Адыёзнага дэпутата Касьцяна паставілі кіраваць холдынгам дзяржаўных літаратурных выданьняў. Некаторыя пісьменьнікі адразу ўдарылі ў званы: “Гэтае прызначэньне — сьмерць беларускае літаратуры!”

Лукашэнкавы іміджмэйкеры ўмела лепяць вобраз цара-бацюхны. Толькі калі народу вінаватымі ў эканамічных правалах падносяць чыноўнікаў, апазыцыянэраў і іншых шкоднікаў, дык для інтэлігенцыі, якой найбольш баліць абхамленьне і русіфікацыя грамадзтва, ахвярным казлом выстаўлялі Замяталіна. Лёгка і зручна сьпісваць усе беды краіны не на эгаізм і безадказнасьць кіраўніка, а на беларусаедзтва ягонага лёкая.

Касьцян — гэта сапраўды новы замяталін. Аднак гэта наш замяталін. Не маскоўскі наглядчык, а мясцовы заходнерусіст, па-свойму беларускі да мозгу касьцей. Мясцовая пародыя расейскага прататыпа. Прызначылі ж гэтага заходняруса на зьдзек — паказваць Законьнікаву, як кіраваць “Полымем”, а Мацяш — пра што пісаць. Раней русафілаў падстаўлялі пад агонь, цяпер іх кідаюць пад ногі, у самы бруд. Прызначэньне Касьцяна можна параўнаць са спробай выпіхнуць Ярмошына ў кантору Барадзіна, кліента Даніэля Дэво.

Прызначэньне Касьцяна можна толькі вітаць. Значэньня ягоная пасада ня мае ніякага, затое шпілек ад савецкіх пісьменьнікаў ён атрымае пад бок і пад галаву. Гэтае прызначэньне яшчэ раз сьведчыць, што час Касьцянаў і Замяталінаў мінуўся, што Беларусь іх перарасла.

А літаратура — яна ня там, куды прызначаюць Касьцянаў.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0