Навіны за тыдзень

 

ВУП і да ВУПу

Сёлета ў першым квартале ВУП Беларусі вырас на 3,2% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году (у студзені-лютым 2002 г. гадавы рост склаў 3,1%). Прамысловая вытворчасьць павялічылася на 2%. Аб’ём сельскагаспадарчай вытворчасьці вырас на 1,8%. Інвэстыцыі ў асноўны капітал узрасьлі на 7%. Уведзена ў эксплюатацыю 634 тыс. кв.м жыльля — гэта на 6% менш, чым у першым квартале 2001 г. Грузазварот транспарту павысіўся на 8,9%, у тым ліку чыгуначнага — на 9,9%. Розьнічны таваразварот у студзені-сакавіку павялічыўся на 15,7%.

Штрафы скасавалі

Вярхоўны суд Беларусі скасаваў пастановы суду Ленінскага раёну Берасьця ў дачыненьні да Васіля Барболіна і Раісы Антанюк, аштрафаваных за ўдзел у акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей” 9 сьнежня 2001 г. Вярхоўны суд прыйшоў да высновы, што берасьцейцы, якія стаялі з партрэтамі зьніклых людзей, “не адлюстроўвалі грамадзка-палітычных, групавых ці асабістых інтарэсаў ці пратэсту, а канстатавалі факт зьнікненьня выяўленых на партрэтах”. Спыненая і справа У.Вялічкіна.

За новую Беларусь

15 красавіка ў Маскве быў створаны беларуска-расейскі фонд “За новую Беларусь” — спадкаемца аднайменнай грамадзкай арганізацыі, заснаванай перад выбарамі. На ўстаноўчым сходзе былі абраныя апякунскі савет і праўленьне фонду. Старшынём апошняга стаў Уладзімер Някляеў. У апякунскі савет увайшлі Васіль Лявонаў, Міхаіл Чыгір, Аляксандар Ярашук, Станіслаў Багданкевіч і Ўладзімер Хілько. Фонд створаны, кажа Лявонаў, каб выправіць памылкі беларускіх палітыкаў, якія занадта спадзяваліся на краіны заходняй дэмакратыі і мала працавалі з Расеяй. Тады як адносіны зь ёй, мяркуе ён, нельга аддаваць “на водкуп аднаму чалавеку”. Усе заснавальнікі фонду выступаюць за сувэрэннасьць Беларусі. А з расейскага боку сузаснавальнікамі выступілі шэраг праваабаронцаў і правых палітыкаў.

А Леанід Сініцын і былы кіраўнік РАТ “Адзіныя энэргасыстэмы Расеі” Анатоль Дзьякаў зарэгістравалі ў Маскве “Фонд сацыяльна-эканамічнага партнэрства”. Арганізатары фонду маюць дапамагчы разьвіцьцю сувязяў бізнэсоўцаў дзьвюх краінаў.

Б.Т.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0