Рэфэрэндум па прыватызацыі

Нафтахімічны комплекс — самая прыбытковая галіна вытворчасьці, якая працуе на экспарт. Ён дае дзяржаве жывую валюту, гарантуючы эканамічную незалежнасьць. Ці ж ня мусіць у такім разе пытаньне пра ягоную прыватызацыю вырашацца шляхам усенароднага рэфэрэндуму? Такое пытаньне задалі мы экспэртам.

 

Аляксандар Класкоўскі, рэдактар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН:

— Я не лічу, што такія пытаньні варта вырашаць на рэфэрэндуме. Рэй тут мусяць весьці кіраўнікі й спэцыялісты. Калі б большасьцю галасоў вырашаліся пытаньні эканамічных пераменаў, краіна была б у стагнацыі. Але перамены ў нас мусяць адбыцца. Павінен прыйсьці капітал. І неістотна, што ён будзе расейскі: капітал ёсьць капітал. Ня трэба думаць, што гэта абавязкова будзе нейкі крымінальны капітал. Продаж прадпрыемстваў ня будзе продажам Радзімы. Вунь японцы валодаюць паловай Амэрыкі, і гэта не ідзе на шкоду краіне — Амэрыка толькі багацее.

Міхаіл Кавалёў, дэкан эканамічнага факультэту БДУ:

— Я адмоўна стаўлюся да такой ідэі. Канстытуцыя дае прэзыдэнту ўсе падставы й правы праводзіць прыватызацыю. Але гэтыя заводы — беларускае “фамільнае срэбра”, якое распрадаюць толькі ў самы апошні момант.

Трэба прадаваць спачатку тыя прадпрыемствы, зь якімі мы ня ведаем, што рабіць. Але ўсё ж наважыліся на такі крок. Чаму? Па-першае, трэба было пераламаць інвэстыцыйную сытуацыю. Па-другое, бяз нафты гэтыя заводы ня маюць каштоўнасьці. Нават Літва ў Мажэйкяі перапрацоўвае расейскую нафту, а не амэрыканскую. Аднак хацелася б, каб прыватызацыя прайшла не цішком, а праз адкрыты тэндэр. Трэба, каб уся працэдура была галоснай і празрыстай для ўсіх грамадзянаў Беларусі. Каб былі абвесткі ў газэтах, каб усё праходзіла ледзь не па тэлевізары.

Міхась Чарняўскі, гісторык:

— Рэфэрэндум не патрэбны, бо тады ледзь не па кожным пытаньні трэ будзе ладзіць рэфэрэндумы. А прыватызаваць гэтыя заводы трэба як найхутчэй. І ня дужа важна, чый там будзе капітал. Іншая рэч, што да нас ідзе капітал толькі з адной краіны.

Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік БСДГ:

— Калі вырашаць гэтае пытаньне на рэфэрэндуме, будзе падобна на больніцу, дзе хворыя праводзяць галасаваньне, як лячыць іншага хворага. Але пытаньне прыватызацыі нафтахімічнага комплексу павінна вырашаць сапраўдная беларуская ўлада. Мусяць быць аднолькавыя ўмовы для ўсяго замежнага капіталу — расейскага, ангельскага, нямецкага... Прэфэрэнцыі могуць існаваць толькі для беларускага капіталу.

Рыгор Барадулін, народны паэт:

— Усё ідзе да таго, што рана ці позна Расея ў нас скупіць усё, што захоча. Гэтыя комплексы ў свой час былі нам навязаныя. Але ўжо цяпер, калі яны ў нас сядзяць, як скула, дык хай застаюцца. Я думаю, што паставіць пытаньне на абмеркаваньне варта. Аднак жа ў нас няма законаў, яны ня дзейнічаюць. Таму карысьць ад рэфэрэндуму сумнеўная.

Радзім Гарэцкі, акадэмік:

— Рэфэрэндумам такія пытаньні вырашаць нельга. Там улады як захочуць, так і зробяць: мы ўжо ведаем, як праходзяць рэфэрэндумы. Трэба, каб эканамісты разабраліся з гэтым і растлумачылі людзям. У нас жа большасьць слаба разьбіраецца ў такіх пытаньнях. Але трэба, каб вырашалася гэта галосна, а ня нейкай невялічкай кучкай.

Алесь Гуркоў, уласьнік фірмы “Сотвар”:

— Калі прадпрыемства працуе й прыносіць прыбытак, дык і прыватызацыя не патрэбная — хай працуе на карысьць дзяржавы. А калі стратнае — дык трэба прадаваць. І тады лепей гэта вырашаць рэфэрэндумам, чым кулюарна. Але рэфэрэндум можа быць карысным, толькі калі даць людзям дакладную, праўдзівую інфармацыю пра гэтыя прадпрыемствы.

Апытваў Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0