Навіны гаспадарскія

 

ПАЗЫКІ НА БЕЛАРУСКІЯ ТАВАРЫ пачнуць даваць камэрцыйныя банкі. Найперш — сталым укладнікам, дзеля заахвочваньня. З пачатку году рублёвыя ўклады ў банках вырасьлі на 38,4%, а валютныя — на 4,7%. Агулам у банках беларусы трымаюць 451,8 млрд. рублёў і 329,5 млн. даляраў.

БЕЛАРУСКІЯ ЦЫГАРЭТЫ падаражэюць. Гарадзенская фабрыка ўздыме цэны на 7%, а менскі “Тытунь-Інвэст” – на 2,5%.

23 НОВЫЯ ВАГОНЫ набудуць сёлета для менскага мэтро. Абыдуцца яны ў 7 млн. даляраў. У кожнага цягніка зьявіцца дадатковы пяты вагон.

ПАЛЯЎНІЧЫЯ З ЗАМЕЖЖА летась купілі ў беларускіх лясгасах ліцэнзіяў на 138 тыс. нямецкіх марак. Найчасьцей замежнікі палявалі на аленяў, ласёў, дзікоў і глушцоў.

4100 БЕЛАРУСАЎ працавалі летась за мяжой па афіцыйных кантрактах. Палова зь іх — у Расеі. Аднак у Міністэрстве працы кажуць, што насамрэч гастарбайтэраў было ў некалькі разоў болей.

БЕЛАРУСКІ ГАНДЛЁВЫ ЦЭНТАР адчыніўся ў Рызе. Прадаваць у ім будуць тэлевізары, халадзільнікі і абутак.

500 ТРАКТАРАЎ аддамо сёлета Малдове за насеньне кукурузы. За грошы трактары МТЗ малдаване купляць ня хочуць.

КАРТЫНГАВАЯ ТРАСА зьявіцца ў Магілёве. Каля яе будзе зона адпачынку з рэстарацыямі, кавярнямі й крамамі. Фінансуюць праект бізнэсоўцы з Партугаліі.

Сяржук Іваноўскі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0