Пакаленьне незалежнасьці

 

Траецкая царква

Сёлета грамадзкая арганізацыя “Беларускi зялёны крыж” ладзіла сярод школьнікаў конкурс “Нам засталася спадчына”, удзельнікі якога прэзэнтавалі свае праекты адраджэньня занядбаных помнікаў гісторыі й культуры Беларусі. Ад іншых конкурсаў сачыненьняў гэты розьніўся тым, што не даваў магчымасьці абстрагавацца й сьпісаць з хрэстаматыі па беларускай літаратуры агульныя словы пра любоў да роднага краю, патрабаваў больш канкрэтных і мэтанакіраваных сьцьвярджэньняў і дзеяньняў. Патрабаваў адказнасьці. Агульнай рысай усіх дасланых праектаў было спалучэньне яшчэ-наіўнасьці й ужо-прагматызму: дзеці, якія пайшлі ў школу пры незалежнасьці, самі меркавалі, дзе і якім чынам можна зарабіць грошы, каб укласьці іх у культуру. Яны вучыліся думаць сваёй галавой. Прываблівае й скіраванасьць конкурсу на мясцовыя праблемы. Дзеці вучыліся ўсьведамляць значнасьць і каштоўнасьць кожнага лапіка беларускай зямлі. У сёньняшняга школьніка няма грэблівага стаўленьня да цэркаўкі ў ягонай вёсцы, у параўнаньні са Сьвятадухаўскім саборам ці, па старой памяці, з храмам Васіля Блажэннага. Бо няма тае старой памяці.

Да ўвагі чытачоў “НН” прапануюцца тры праекты з дасланых на конкурс.

Летась у чэрвені на базе нашай гімназіі адбыўся рэспубліканскі пленэр юных мастакоў, прысьвечаны 500-годзьдзю стылю барока ў беларускай архітэктуры. Цэнтрам увагі пленэру сталася Траецкая царква ў вёсцы Белая Царква, што ў Чашніцкім раёне, — адзіны ў Беларусі помнік уніяцкай культавай архітэктуры, створаны за 100 год да афіцыйнага ўвядзеньня уніі ў ВКЛ. Цяпер унікальны гісторыка-культурны аб’ект знаходзіцца ў паўразбураным стане.

 

Мы не жадаем, каб наша краіна згубіла яшчэ адзін цікавы помнік архітэктуры. Сродкі на ягонае аднаўленьне можна было б сабраць, зрабіўшы тыя мясьціны прывабнымі для айчынных і замежных турыстаў. Апроч Траецкае царквы, там у мястэчку Чарэя можна пабачыць праваслаўную царкву XVI ст., па дарозе да Чарэі — наведаць Цяпіна, дзе колісь месьціўся маёнтак Цяпінскіх (на тэрасаваным схіле дагэтуль захаваліся падваліны дому беларускага асьветніка XVI ст.), на беразе Чарэйскага возера знаходзяцца габрэйскія могілкі, дзе можна пабачыць рэшткі склепу роду Мілашаў — продкаў Оскара Мілаша.

Выгоднае геаграфічнае становішча Чарэі паблізу шляхоў Віцебск—Менск, Ворша—Менск і Полацак—Менск дае магчымасьць скіраваць сюды турысцкія патокі.

Гэты край можа быць цікавы ня толькі для нас: імёны Ф’яраванці й Мілаша здольныя прыцягнуць увагу італьянцаў, палякаў і французаў, у тым ліку інвэстараў.

Базыльянскі кляштар у Чарэі трэба адбудаваць і вярнуць уніяцкай канфэсіі. Тамсама можна стварыць музэй гісторыі ўніяцтва ў Беларусі, які будзе складаць адзіны комплекс з Траецкай царквой і кляштарнымі пабудовамі. Траецкая ж царква мусіць быць закансэрваваная ў сёньняшнім выглядзе — ня толькі таму, што поўная рэстаўрацыя вымагае вялікіх выдаткаў. Яна мусіць зрабіцца сьведчаньнем пэрыяду бездухоўнасьці і барбарскага стаўленьня да свайго мінулага. А для адпраўленьня набажэнстваў можна збудаваць іншую царкву, якая ў агульных рысах (бязьвежавы варыянт, контуры вежы на галоўным фасадзе пазначаныя пілястрамі) была б падобная да Траецкай.

Зарыслава Камінская, Марыя Крупнова, Марыя Навумкіна, Надзея Ужэгава, Наваполацак

Траецкая царква, збудаваная ў пачатку XVI ст. у стылі раньняга барока, увасабляла ўніяцкія ідэі, абвешчаныя на Фэрарскім аб’яднаўчым саборы. Царква ня мае традыцыйных для праваслаўных храмаў падкупальных слупоў, тонкае цаглянае скляпеньне абапіраецца непасрэдна на сьцены (няма ніводнай бачнай мэталёвай сьцяжкі), а самі сьцены разрэзаныя высокімі вокнамі. Гэта была б звычайная аднанэфавая базыліка, але на ўсходзе разьмешчаны тыповы для праваслаўя аднаапсыдны алтар. Цэнтральны фасад замкнёны масіўнай трох’яруснай вежай-званіцай, якая прызначалася для абарончых мэтаў. Таўшчыня ейных сьценаў 1,75 м, а паўночнай, у якой зробленая каменная лесьвіца, – 2 м. Завершаны храм шматгранным купалам з чатырма люкарнамі. Асноўны – прастакутны ў пляне аб’ём храму большы за аб’ём званіцы. Бакавыя сьцены разрэзаныя масіўнымі пілястрамі, дзьве сярэднія зьвязаныя пэрспэктыўнай аркай і ўтвараюць шырокі партал. Аздабленьне інтэр’еру не захавалася. Фундаваў храм прадзед Лява Сапегі Багдан. Крыху раней ён “удзелаў” у недалёкім мястэчку Чарэі базыльянскі кляштар. Шэраг простых і ўскосных сьведчаньняў дае падставы казаць, што ў будаўніцтве Траецкай царквы браў удзел інжынэр-архітэктар з Балоньі – Арыстоталь Ф’яраванці, якога італьянцы называлі “геніем, чые пабудовы зьдзіўляюць”. У Італіі ягоныя шэдэўры не захаваліся.

 

Аўгустоўскі канал

Сучасная беларуска-польская мяжа падзяляе Аўгустоўскі канал на дзьве часткі. Польшчы належыць 80 км, нам — 22 км. У Польшчы канал дзейнічае, па ім плаваюць турысцкія чаўны і катэры. Нашая частка — закінутая, з разбуранымі шлюзамі і зьдзічэлым рэчышчам. Ім ніхто не карыстаецца, ніхто яго не рэстаўруе…

 

Выкапаны канал быў у ХІХ ст., дзеля таго каб атрымаць гандлёвы шлях да Балтыкі ў абход Прусіі. Бо тая, кантралюючы вусьце Віслы, увяла высокія мытныя пошліны. Ініцыятыва стварэньня каналу належала князю Друцкаму-Любецкаму — міністру фінансаў Каралеўства Польскага. Спраектаваў канал і кіраваў працай генэрал Ігнат Прандзінскі. Будаўніцтва пачалося 27 ліпеня 1824 году сіламі інжынэрнага корпусу генэрала Малецкага. Спынялася яно толькі на час паўстаньня 1830—31 г. За 15 гадоў была збудаваная рэдкай прыгажосьці штучная водная артэрыя працягласьцю 101,2 кілямэтра, глыбінёй да двух і шырынёй да чатырох мэтраў. Канал быў суднаходным дзякуючы сыстэме шлюзаў. Але з разьвіцьцём чыгуначнага транспарту ў канцы XIX ст. ён паступова страціў сваю ролю і на яго зусім забыліся.

Пасьля другой сусьветнай вайны палякі адрэстаўравалі сваю частку каналу. “Польскі” Аўгустоўскі канал можна заслужана лічыць аб’ектам міжнароднага экалягічнага турызму. За адзін сэзон па ім праходзіць да 35 тысяч чаўноў і катэраў. Турысты падплываюць упрытык да польска-беларускай мяжы, разварочваюцца і плывуць назад у Аўгустаў. Грошы, затрачаныя на аднаўленьне каналу, акупіліся за некалькі гадоў. Канал — дзяржаўная ўласнасьць, і прыбытак ад яго папаўняе скарб. У 1999 г. польская частка Аўгустоўскага каналу была ўнесеная ў Сьпіс культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

Беларускую частку каналу ніколі цалкам не рамантавалі. Аднак сказаць, што нашыя 22 кілямэтры ніяк не выкарыстоўваюцца, будзе няпраўдай. На дне каналу можна вырошчваць бульбу: шлюзы і дамбы парушыліся, і вады ў некаторых месцах амаль не засталося. А парушыліся яны не самі па сабе: людзі паступова разьбіраюць іх на цэглу.

У 1993 г. Беларускі інстытут праектаваньня аб’ектаў будаўніцтва воднай гаспадаркі распрацаваў праект рэканструкцыі каналу. Разьлікі паказалі, што на ўсю рэканструкцыю трэба 10 млн. даляраў. Спрабавалі рамантаваць частку каналу: вакол паўтаракілямэтровага адрэзку сьпілавалі лес, прыбралі тэрыторыю, разабралі шлюз для рэгуляваньня ўзроўню вады, паглыбілі і пашырылі фарватэр. На гэта пайшло 40 тыс. даляраў. На большае грошы знайсьці не ўдалося. Цяпер тая адрамантаваная дзялянка выглядае не нашмат лепш, чым да рэстаўрацыі, бо 9 апошніх гадоў яе ніхто не даглядаў.

А ніхто зь беларусаў не адмовіўся б адпачыць у экалягічна чыстай зоне, прайсьціся Аўгустоўскай пушчай ці, плывучы па канале на чаўне, паўзірацца ў дно праз крыштальную ваду. Тут няма чыгункі і буйной прамысловасьці, мітусьні і тлуму гарадзкога жыцьця. Тут ёсьць некранутая цывілізацыяй прырода і гаючая чысьціня.

Польскі досьвед пераконвае: адрамантаваны канал будзе карыстацца вялікай папулярнасьцю ў турыстаў. Але канал мала толькі адрэстаўраваць — ён патрабуе пастаяннага дагляду й паднаўленьня. А на гэта патрэбны вялікія грошы. Рэгулярныя інвэстыцыі можна забясьпечыць толькі шляхам бесьперапыннага выкарыстаньня каналу. Гэта і экалягічны, і спартовы, і этнаграфічны турызм, літаратурныя сустрэчы і музычны фэстываль “Аўгустоўская восень”. Палякі, а таксама госьці зь іншых краінаў змогуць плыць праз увесь канал ад пачатку да канца. Насустрач ім ад Нёмана будуць плысьці беларусы.

Уздоўж каналу можна працягнуць лыжную дыстанцыю. На ёй можна праводзіць штогадовую лыжную ўнівэрсіяду з удзелам польскіх суседзяў. Гэта каштуе няшмат, а канал стане вядомы і як месца правядзеньня спартовых мерапрыемстваў.

Увесну на канале можна ладзіць пленэры мастакоў. Сама прырода там натхняе.

Аўгустоўскі канал — найлепшае месца для сустрэч беларусаў, якія цікавяцца Польшчай, і палякаў, якія цікавяцца Беларусяй. За асабліва цікавыя дасьледаваньні будзе выдавацца спэцыяльна заснаваная Аўгустоўская стыпэндыя.

А яшчэ тут можна ладзіць улетку рыцарскі турнір “Аўгустоўскае рысталішча”. У Беларусі і ў Польшчы не адзін дзясятак рыцарскіх клюбаў. Рыцары зь іх спрабавалі б свае сілы адзін супраць аднаго.

Дзяржава можа ўкласьці невялікія грошы і атрымаць вялікі прыбытак, як у Польшчы. Ня трэба фантастычных комплексаў і грандыёзных мерапрыемстваў. Дастаткова збудаваць канцэртную залю — яна ж заля для правядзеньня фэстывалю, яна ж чытальня, яна ж памяшканьне для выставы, яна ж аўдыторыя для навуковых канфэрэнцыяў. Мы можам рацыянальна карыстацца тым, што маем.

Пройдзе дзесяць год, і…

Досьвітак. З порту Аўгустаў выходзіць човен з турыстамі. Тут ня толькі палякі. Большасьць — немцы, што едуць у гэтае падарожжа, бо стаміліся ад аднастайнасьці сусьветных курортаў. Яны выпраўляюцца ў Беларусь. Шлях гэты працягнецца не адзін дзень. Лодка бязгучна бяжыць па празрыстай роўнядзі. Для турыстаў гэта вандроўка ў невядомасьць, пра якую яны ўжо шмат чулі ад тых, хто быў там і прывёз незабыўныя ўражаньні.

А Аўгустоўскі канал на беларускай тэрыторыі — гэта ўжо ня хворы апэндыкс, а паўнакроўная аорта. І ўжо няма выразнай мяжы паміж 80 польскімі і 22 беларускімі кілямэтрамі воднага шляху.

Наста Кавалёва, Гомель

 

Крыжовая гара

Недзе за кілямэтар ад Гомелю на Чарнігаўскай шашы стаіць стары драўляны крыж. Зьявіўся ён пасьля вайны на месцы, дзе ў 1919—40 г. бальшавікі расстрэльвалі бязьвінных людзей.

 

Звычайна, калі адведваеш памятныя мясьціны, пачуцьцё сьветлага смутку па тых, хто сышоў з гэтага сьвету, агортвае цябе. Але калі мы прыйшлі да крыжа, гэтае адчуваньне не пасьпела нарадзіцца. I справа ня ў тым, што крыж меў ня дужа прывабны выгляд: фарба зьлезла; шыльдачка, прымацаваная да крыжа, заржавела, і асобныя словы і лічбы немагчыма было прачытаць; ручнік выцьвіў. Усё гэта можна лёгка выправіць. А вось прыбраць жалезабэтонныя пліты ды аскепкі іншых будаўнічых матэрыялаў, паскіданыя ля самага крыжа, без адмысловае тэхнікі не атрымаецца. Дык мала таго, што гэтае месца ператворанае ў сьметнік, — пад самым крыжам хтосьці выкапаў катлаван, усталяваўшы на дне жалезабэтоннае калодзежнае кольца...

Пасьля другой сусьветнай вайны хваля рэпрэсіяў не абмінула і прыбалтыйскія краіны. Каля дзясятка чалавек зь невялікай літоўскай вёсачкі былі расстраляныя за ноч. Раніцай на месцы расстрэлу зьявіўся драўляны крыж. Яго адразу ж зьнішчылі служкі савецкай улады. Аднак назаўтра там стаяла ўжо некалькі крыжоў. I з кожным днём іх рабілася ўсё больш. Крыжы трушчылі бульдозэрамі, але яны нібы расьлі з-пад зямлі... Цяпер туды прыяжджаюць тысячы людзей з усяго сьвету, каб ушанаваць памяць усіх ахвяраў злачынных рэжымаў, каб пакінуць тут свой крыж ці крыжык. Гэтае невялічкае ўзвышша называюць Крыжовай гарой — тысячы крыжоў робяць яго велічным, значным. Вось бы і нам зрабіць вакол крыжа невялікі памятны астравок, які быў бы бачны з дарогі і вылучаўся сотнямі крыжоў на фоне зялёнага лесу. Для гэтага няшмат і трэба: прыбраць заправачную станцыю, што знаходзіцца мэтраў за дзьвесьце ад крыжа, разабраць жалезабэтонныя завалы, закапаць катлаван, пасадзіць кветкі і дрэвы, зрабіць дарожкі, пасыпаць іх жоўтым пясочкам.

Пакуль гэта толькі мара, якую мы самі рэалізаваць ня ў стане. Паспрабуем зрабіць хаця б найменшае, каб уратаваць гэты помнік. Мы самі не адужаем жалезабэтонных плітаў, але здолеем прыбраць больш дробнае сьмецьце. Дзяўчаты выткуць свой першы ручнік, якім і ўпрыгожаць крыж. Хлопцы паспрабуюць сябе ў сталярным майстэрстве, зрабіўшы з дошак невялікі плоцік, каб абгарадзіць ім крыж і лаўку. А цяпер, увесну, можна пасадзіць побач з крыжам кветкі, бо ўвесь час прыносіць сарваныя нязручна.

Мацей Лішын, Аляксандар Падвальны, Гомель

 

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0