Непрымальныя ідэі

Дыскусія пра новыя ўзаемаадносіны апазыцыі і ўладаў, што пачалася на старонках “НН”, перакінулася ў іншыя выданьні і патрабуе камэнтару рэдакцыі.

 

Сяргей Дубавец, нагадаем, шукаў рэалістычных шляхоў пераходу ад сьмяротнае бойкі ўлады і апазыцыі да цывілізаванага спаборніцтва. Што падобная эвалюцыя не магла б адбыцца без адпаведных крокаў насустрач з боку ўладаў, відавочна. “Нехаця насустрач”, — так і называўся першы камэнтар Дубаўца на гэтую тэму. Лепшага (для інтарэсаў нацыі, а не прыватнага інтэрасу прэзыдэнта А., апазыцыянэра Б. і журналіста В.) разьвіцьця падзеяў аўтар на гэтым этапе ня бачыў.

Камэнтатар “Белорусской деловой газеты” павярнуў спрэчку іншым бокам. Палеміка, на ягоную думку, выявіла “новую альтэрнатыву”: з Лукашэнкам, але без Расеі або з дэмакратыяй і рынкам, але з Расеяй. Ён робіць выбар на карысьць апошняга варыянту і сьцьвярджае, што “Дубавец гатовы зьмірыцца зь першым”.

Такая альтэрнатыва існуе толькі ў галовах ідэалістаў-русафілаў.

Маскву цікавіць стратэгічны кантроль над эканомікай, інфармацыйнай і культурнай прасторай краінаў СНД. Дзеля яго Крэмль пасьлядоўна падтрымліваў сілы, далёкія ад дэмакратыі, рынку, а часта і здаровага глузду — украінскіх і малдаўскіх камуністаў, абхаскіх нацыяналістаў, беларускіх лукашыстаў, прыдняпроўскіх мафіёзі. Расея ніколі не выяўляла жаданьня мацаваць дэмакратыю і рынак у краінах СНД. Бо дэмакратыя і рынак, як слушна заўважае камэнтатар “БДГ”, прыводзяць да ўмацаваньня сувэрэнітэту. Што не ўваходзіць у пляны Масквы. Дзе расейскі ўплыў меншы (Прыбалтыка, Цэнтральная Эўропа), там рынкавая эканоміка разьвіваецца больш пасьпяхова.

Далейшая інтэграцыя Беларусі і Расеі азначала б перадзел межаў. А прыход расейскага капіталу ў Беларусь на ягоных умовах прывёў бы да рэзкай сацыяльнай і эканамічнай дэстабілізацыі. Для беларускіх вярхоў, тутэйшых бізнэс-элітаў, грамадзтва Беларусі ў цэлым, вялікіх дзяржаваў — пры тых ці іншых нюансах — такія сцэнары непрымальныя. Гэта вельмі важны кансэнсус, які акурат і дае вялікія шанцы разьвіцьцю рынку і дэмакратыі ў краіне. Пра тое, як выкарыстаць гэты кансэнсус, і вялася гаворка ў “НН”. Нягледзячы на інэрцыю постсавецкага мысьленьня і актыўнасьць рэваншыстаў, такі кансэнсус з кожным палітычным сэзонам прамалёўваецца ўсё больш выразна, выводзячы палітычнае жыцьцё з тупікоў “або-або”, даючы апазыцыі шырокую палітру выбару, а грамадзтву — каштоўнае адчуваньне новага балянсу сілаў.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0