Датэрміновыя выбары ў палатку

Беларусь ня мае легітымнага парлямэнту. Калісьці краіны вольнага сьвету прызнавалі такім Вярхоўны Савет XIII скліканьня, але з канца мінулага году Захад перастаў і яго лічыць за правамоцны. Нацыянальнага сходу Захад таксама за парлямэнт не прызнае. А ці стала б беларуская апазыцыя спаборнічаць за месцы ў нацыянальным сходзе, калі б выбары ў яго былі праведзены датэрмінова?

 

Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады: Гэта было б абсалютна бессэнсоўна, бо “палатка” ня мае ніякай заканадаўчай улады. Яна лялечная, прышпіленая да прэзыдэнцкіх дэкрэтаў і ўказаў. Таму займацца гэтай справай — абсалютнае глупства.

Ніна Стужынская, “Народная грамада”: Сама я прыняла б абавязкова ўдзел і раіла б сваім сябрам. Выбары — гэта магчымасьць працаваць сярод людзей.

Аляксандар Дабравольскі, Аб’яднаная грамадзянская партыя: Мусіць, не прыняў бы. Калі б зьмянілася палітычная сытуацыя, а так... Пры тых паўнамоцтвах, якія мае палата, наўрад ці ад выбараў будзе нейкая карысьць.

Сяргей Высоцкі, кіраўнік незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды: Удзел у выбарах мог бы даць эфэкт у пляне прапаганды нашых ідэяў. Але нават калі б за Высоцкага прагаласавалі 100% выбарцаў, то ў выніку было б абвешчана, што 100% галасавалі супраць яго. Я ня веру ў сумленнасьць уладаў.

Станіслаў Багданкевіч, АГП: У цяперашніх умовах я б ня браў удзелу ў выбарах. Вось каб зьмяніўся рэжым улады, каб парлямэнт меў паўнамоцтвы, каб было пагадненьне між апазыцыяй і ўладай... Але, калі б хтосьці зь іншых маіх калегаў, маладзейшых, больш энэргічных, гатовых жорстка адстойваць інтарэсы дэмакратыі, пайшоў на выбары, я б гэта вітаў.

Сяргей Гайдукевіч, кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі: Мы бяром удзел ва ўсіх выбарах.

Мы і іншым партыям раілі ўдзельнічаць, але толькі цяпер Анатоль Лябедзька і Вінцук Вячорка гэта зразумелі. Седзячы ў офісах, нічога ня зьменіш...

Іван Пашкевіч, дэпутат палаты прадстаўнікоў: Я, яшчэ калі быў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, прапаноўваў правесьці датэрміновыя выбары парлямэнту, бо першая палата прадстаўнікоў была створана ня так, як трэба. Мая прапанова выклікала ў дэпутатаў буру эмоцый. Пасьля выбараў у палату прадстаўнікоў 2-га скліканьня размова ўжо ідзе пра нелегітымнасьць парлямэнту, абранага з парушэньнямі выбарчага заканадаўства. Цяпер, калі распускаць парлямэнт, то новыя выбары трэба праводзіць па новым выбарчым кодэксе, з удзелам палітычных партый. Я за такія выбары. Каб парлямэнт быў плюралістычны. Сёньняшні ж выбарчы кодэкс правесьці такія выбары не дазваляе, таму трэба пачынаць менавіта зь яго.

Славамір Адамовіч, паэт, былы палітвязень: Не, абсалютна. І разважаць ня буду.

Аляксей Кароль, сацыял-дэмакратычная партыя, што ствараецца: На іншых умовах можна паўдзельнічаць, але на гэтых — падумаў бы. Безумоўна, калі добра і разам узяцца за працу, можа атрымацца, і кандыдаты пройдуць. Асабліва калі выступіць кааліцыйна, узгоднена.

Юры Беленькі, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ: Не, бо гэта прафанацыя. Палата прадстаўнікоў ня ёсьць вышэйшым заканадаўчым прадстаўнічым органам краіны, якім павінен быць па Канстытуцыі парлямэнт. Як можна бачыць з прэсы, яны самі наракаюць, што нічога ня могуць зрабіць. Таму ўдзел у выбарах — гэта садзейнічаньне ўмацаваньню антыбеларускага рэжыму.

Павал Казлоўскі, былы міністар абароны Беларусі: Я мог бы. Я да гэтага гатовы, калі будуць новыя правілы гульні. Калі парлямэнцкія паўнамоцтвы будуць перагледжаныя. Наагул, я лічу, што трэба браць удзел ва ўсіх выбарах. І змагацца там, каб зьмяніць правілы гульні.

Сяргей Касьцян, дэпутат палаты прадстаўнікоў, кіраўнік мэдыя-холдынгу “Літаратура і мастацтва”: Я на гэтае пытаньне адказваць ня буду. Гэта надуманая тэма.

Запісаў Алег Тачоны

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0