іншае меркаваньне

Агітацыя за няшчасьце

Заявы, што праф.Бандажэўскі трапіў у турму ня ў выніку банальнага хабарніцтва, а з-за помсты “атамнага лобі”, без дакумэнтальнага абгрунтаваньня выглядаюць прыкладна як чарговая тэорыя “сусьветнай жыдамасонскай змовы”. Гэткі самы недавер узьнікае і да зьвестак пра рост анкалягічных захворваньняў у “адной вёсцы”.

У №39 “НН” ад 24 верасьня 2001 г. была надрукаваная гутарка зь Якубам Кенігсбэргам, якога крытыкуе сп.Якавенка. Варта нагадаць некалькі ягоных выказваньняў:

“Немагчыма пакуль дакладна ведаць, чым у будучыні выбухне для нас Чарнобыль, таму што прайшло ўсяго 15 гадоў. Японцы робяць назіраньні за пацярпелымі з 1945 году, але канчатковых высноваў так і не зрабілі”.

“Трэба... выхоўваць т.зв. радыяцыйную культуру. ...Рабіць так (напрыклад, сэпараваць малако) і не рабіць гэтак (напрыклад, не зьбіраць грыбоў), каб не прызвычайваліся быць толькі пасіўнымі спажыўцамі, але адказвалі самі за сябе і жадалі сабе лепшага. Можа, гучыць рэзка, але трэба прымусова насаджаць радыяцыйную культуру (веданьне нормаў і спэцыфікі жыцьця ў радыяцыйна небясьпечных раёнах), бо неабходна навучыць людзей жыць у такіх умовах, каб яны сьведама трымаліся нормаў радыяцыйнай бясьпекі і не апускалі рук”.

“Некаторыя СМІ... шмат шкоды нарабілі, гонячыся за сэнсацыяй. Дазвалялі сабе пісаць тое, што хацелі, а ня тое, што было на самай справе, штосьці накшталт “нацыя памірае”, “Беларусь загінула ўчора”, жахлівікі пра генэтычных вырадкаў ды інш. У выніку — людзі страшэнна перапалохаліся, а потым і ўвогуле апусьцілі рукі, стаміліся”.

“На сёньняшні дзень можна ўпэўнена казаць толькі пра сувязь дозы апрамяненьня і росту захворваньняў на рак шчытавіцы, бо існуюць адпаведныя дасьледаваньні і дадзеныя. Наконт іншых відаў анказахворваньняў такіх навуковых доказаў пакуль няма. І ня дай Божа, каб зьявіліся праз 15 гадоў, калі скончыцца гэтак званы латэнтны, ці сукрыты пэрыяд”.

“Гэтая праблема застанецца з намі на працягу ня менш чым 300 гадоў (г.зн. 10 пэрыядаў паўраспаду цэзію-137 і стронцыю-90). Таму ўсё жыцьцё на забруджаных тэрыторыях трэба плянаваць з улікам чарнобыльскага фактару”.

Рацыянальны падыход сп.Кенігсбэрга, прызнацца, выглядае больш пераканаўча, чым ірацыянальны катастрафізм.

На мой леташні артыкул “Перабольшаны Чарнобыль” (№17 ад 25 красавіка) было шмат крыўдаў, лістоў і тэлефанаваньняў як абураных чытачоў, так і навукоўцаў. Рэдакцыя спадзявалася атрымаць нарэшце аргумэнтаваны разгорнуты адказ. Такога ніхто не даслаў.

Тры цытаты з таго артыкулу:

“Наша грамадзтва любіць сьпісваць на радыяцыю беды, зьвязаныя з заніжанымі сацыяльнымі стандартамі, культурнаю катастрофаю ці страшэннаю беднасьцю краіны, карані якіх трэба шукаць зусім не ў Чарнобылі. Ад “палітычнага і культурнага Чарнобылю” нашым людзям больш пакутаў, чым ад экалягічнага”.

“Мы мусім імкнуцца да праўды: што ў наступствах Чарнобылю бясьпечна, а што небясьпечна. Звычка ўспрымаць Чарнобыль як “касьмічную катастрофу”, “абсалютную бяду” наносіць шкоду: паколькі з абсалютнай бядой немагчыма змагацца, дык людзі і махаюць на ўсё рукой. “Чаму гэта сваю бульбу есьці можна, а грыбы зь лесу — не? А, усё адно не ўратуешся...” З-за паўсюднага перабольшваньня людзі страчваюць асьцярожнасьць. “Агітацыя за няшчасьце” замінае зразумець і ліквідаваць рэальныя наступствы катастрофы”.

“Пэўныя беларускія зьвесткі пацьвярджаюць рацыю дакладу UNSCEAR. Паказчыкі колькасьці захворваньняў нязначна розьняцца па рэгіёнах краіны. На Гомельшчыне і Магілёўшчыне яны вышэйшыя, але вышэйшыя прыкладна на столькі, на колькі там горшая агульная сацыяльна-эканамічная сытуацыя, г.зн. роўна настолькі, наколькі “якасьць жыцьця” ніжэйшая, чым на Гарадзеншчыне ці Берасьцейшчыне, а, скажам, узровень злачыннасьці вышэйшы. ...Беларусы могуць уздыхнуць з палёгкай: цяжар, зь якім краіна ўступае ў новае тысячагодзьдзе, не такі вялікі, як меркавалася”.

З наступствамі Чарнобылю нам жыць. Пра наступствы Чарнобылю трэба думаць. Думаньне лямантам не заменіш.

“НН” будзе вяртацца да гэтай тэмы.

Барыс Тумар

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0