26.04.2002 / 13:00

Гумар

№ 16 (278), 26 красавіка 2002 г.


Гумар

 

Катаклізьм

“Паважаныя кватэранаймальнікі! У сувязі з пагаршэньнем надвор’я (набліжэньнем ураганнага ветру з дажджом) просім вас 20 красавіка не адкрываць фортак, мінімальна выкарыстоўваць электраэнэргію.

Адміністрацыя ЖЭС-97”.

Пабачыўшы такую абвестку на дзьвярах пад’ездаў, жыхары сталічнай Вясьнянкі разгубіліся. З аднаго боку, прыемна, што сёньня, калі цэны на камунальныя паслугі растуць кожны месяц, родны ЖЭС бясплатна ўзяўся папярэджваць пра прыродныя катаклізмы. А зь іншага боку — чым жа такім трэба было прагнявіць Неба, што яно сабралася наслаць ураган на адзін асобна ўзяты мікрараён. Бо жыхары Масюкоўшчыны, Курасоўшчыны ды Зялёнага Лугу нічога ня ведалі пра хуткую катастрофу. Дый Белгідрамэт загадкава маўчаў наконт гэтага.

…Субота сустрэла цудоўнай, амаль летняй раніцай. Але па ўсім было відаць, што без абяцанага ўрагану не абыдзецца, бо на барацьбу зь ім былі кінутыя найлепшыя сілы менскай міліцыі. Шпацыруючы па вясьнянскіх дварах, міліцыянты аб нечым інтымна шапталіся па рацыях. І высілкі ахоўнікаў парадку далі плён. Ураган абмінуў Вясьнянку, абмежаваўшыся суботнікам на будоўлі футбольнага стадыёну. Праз шчыльна зачыненыя вокны людзі маглі бачыць, што катаклізм, пра які іх папярэджваў ЖЭС, меў выгляд лысага вусатага чалавека, які прыехаў туды на чорнай машыне з картэжам “Мэрсэдэсаў”.

Вячка Васілёнак, Менск

 

Усеагульны адлуп

Корпаючыся, з аднаго боку, у зямлі ўсё жыцьцё, садзячы розныя кукурузы з авакадамі, ня маючы часу распачаць уласную адукацыю і чытаючы, з другога боку, вашу газэту, аб’ёмістыя водпаведзі каторай ліюць мне бальсан на душу, прашу лічыць мой адлуп рэдакцыйным камэнтаром.

Напачатку катэгарычна адмятаю ўсялякія абвінавачаньні ацечасьцьвянных сэксуальных меншасьцяў у правінцыйнасьці. Корпаючыся, адным месцам, усё жыцьцё ў правінцыі, ніякіх меншасьцяў я тут не адмячаў. Тым больш сэксуальных. Таму прапаную фота шчапяцільных палітыкаў не друкаваць, паколькі гэта разбэшчвае розум асобных чытачоў. А то вырвешся ў сталіцу, а там гэтыя разбэшчаныя на кожным рагу стаяць і да сябе заклікаюць. А народ галадае.

Вось і літаратура ў заняпадзе. Той, хто чытае, — не задаволены. А дзе меркаваньне таго, хто не чытае? Усім пісьменьнікам цікава пачуць меркаваньне не-чытача. Гэта ён, падлюга, вінаваты ў заняпадзе літаратуры. Не чытае, гад! Дзе ты, не-чытач? Адгукніся! Агу!!!

Пісьменьнікі, тым месцам, усё жыцьцё корпаюцца ў літаратуры, ня маючы часу распачаць уласную адукацыю. А альфабэт ім перашкаджае. Літар зашмат. І сякая-колечы нешта азначае. Вазмуціцельна!

І дарэмна нашы малодшыя браты-каталікі пратэстуюць супраць мусульманскае старонкі. Я вось уявіў, што ў сьвяце бралі ўдзел не жывёліны дурныя, а прадстаўнікі вэртыкалі… Раю паспрабаваць. Во.

Пакуль разьвітваюся, ваш ні к ночы будзь памянут,

Граждан-маргінал з Капыльшчыны

 

сабачыя гісторыі

Адзін сабака атрымаў віншаваньне з Днём касманаўтыкі ад Граждана. Сядзіць, думае, што гэта ўсё значыць, і раптам заходзіць сам Граждан ды кажа: “Гаварат, Маскву інапланяцяне хочуць захапіць, а вы тут бульбу лопаіце і не рыхтуецеся да адпору агрэсара. Я зьбіраю абараніцельную каманду і вас назначаю прадвадзіцялям дваранства…”

Адзін сабака вартаваў аэрадром. Ніхто яго не турбаваў, але аднойчы прыйшоў Граждан з чырвоным сьцягам і сказаў: “Калі я быў хлапчуком, да мяне прыляталі лунацікі і перадалі мне маю чырванасьцяжную акругу на захаваньне. Я даўно назіраю за вамі, і ў мяне склалася станоўчая эмоцыя, таму гэтую сьвятую справу я хачу перадаць вам і спадзяюся, што мы разам увойдзем у гісторыю ўсясьветнага пралетарыяту, якому ня чужды касьмічныя інцярэсы…”

Адзін сабака захацеў паляцець у космас. Пайшоў на Байканур, залез у ракету, а там — Граждан у белых тапачках.

 

сур’ёзна

У банку кілбасы прадаюць

У глускім банку гандлююць кілбасамі й абуткам, якімі прадпрыемствы, ня маючы грошай, разьлічваюцца за ўзятыя крэдыты. Так, банк вымушаны браць кілбасу на бабруйскім камбінаце ў залік аплаты за мяса, здадзенае туды калгасамі. Кілбасы прадаюцца без гандлёвай надбаўкі. “Бярыце кілбасы, яны ў нас па сем тысяч, а ў краме — па дзесяць”, — такімі словамі цяпер сустракаюць банкіры наведнікаў.

Ігар Кірын, Глуск


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру