Навіны

 

Корбана не шукаюць

Ужо тры месяцы, як зьнік кіраўнік віцебскага цэнтру “Контур” Юрась Корбан. Новых зьвестак пра ягоны лёс не зьявілася, і міліцыя вырашыла прыпыніць расьсьледаваньне. Пра гэта паведаміла маці Юрася Ніна Корбан са спасылкай на сьледчага Харытановіча.

Пашкевіч прагназуе раскол

У ходзе сэмінару “Свабода думкі і рэлігіі: міжнародна-прававыя стандарты і заканадаўства Рэспублікі Беларусі” дэпутат палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч раскрытыкаваў новую рэдакцыю закону “Аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных арганізацый” за тое, што яна імкнецца ператварыць праваслаўе ў дзяржаўную рэлігію. На думку Пашкевіча, гэта ўзмацніць раскол у грамадзтве і пашкодзіць самому праваслаўю, якое можа раскалоцца на некалькі галінаў — БПЦ Маскоўскага патрыярхату і Беларускую народную аўтакефальную праваслаўную царкву.

Суд Маркевіча зноў адклалі

Суд над Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам перанесены на няпэўны тэрмін, — абвесьціла судзьдзя.

“Вежа” спыніла дзейнасьць

Калегiя па цывільных справах Вярхоўнага суду адмовiлася задаволiць скаргу берасьцейскага Цэнтру падтрымкi грамадзянскiх iнiцыятываў “Вежа”. Тым самым самае ўплывовае грамадзкае аб’яднаньне Берасьцейшчыны ліквідаванае.

Фралоў кіруе “Рэспублікай”

Дэпутаты палаты прадстаўнікоў стварылі новую дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Узначаліў яе сябра камісіі па нацыянальнай бясьпецы генэрал Валеры Фралоў (дэпутат ад Горадні). Пакуль у склад групы ўвайшлі 12 чалавек, але Фралоў разьлічвае, што ўжо празь месяц іх будзе 20. Мэтамі дэпутацкай групы абвешчаныя “каардынацыя дзейнасьці дэпутатаў розных рэгіёнаў, прафэсійных і сацыяльных груп для выпрацоўкі адзінай пазыцыі па законапраектах, што абмяркоўваюцца”. У палаце дзейнічаюць таксама дэпутацкія групы “Адзінства” (кіраўнік Валянцін Сімірскі), “Спрыяньне эканамічнаму разівіцьцю” (Васіль Хрол) і “Эўропа — наш супольны дом” (Анатоль Красуцкі).

Фронтавец выйграў суд

Гарадзкі суд Менску задаволіў пазоў кіраўніка менскай арганізацыі БНФ Уладзімера Кішкурны аб кампэнсацыі яму судовых выдаткаў. Раней суд прызнаў, што міліцыянты незаконна затрымалі сп.Кішкурну падчас агітацыі за байкот парлямэнцкіх выбараў. Чарговая перамога запатрабавала 10 месяцаў барацьбы, за якія сума кампэнсацыі ў даляравым эквіваленце зьменшылася ўдвая.

Б.Т.

 

Лозка — кіраўнік ТБШ

У Менску прайшла Навукова-практычная асамблея “Праблемы беларускамоўнага навучаньня i інавацыйныя мэтодыкі”, аб’яднаная з Трэцяй асамблеяй Таварыства беларускай школы.

 

На асамблею прыехалі дэлегаты больш як ад 30 суполак ТБШ з усёй краіны. Прэзыдэнт ТБШ Алесь Лозка распавёў пра становiшча беларускамоўнай адукацыi: сёлета толькi 27,8% вучняў сярэдніх школаў займаліся па-беларуску. Гэта больш, чым у 1985 г. (22%), але менш, чым у 90-я. Вінцук Вячорка заклікаў пэдагогаў не спадзявацца на дзяржаву, а выхоўваць свабодных людзей, безь якіх Беларусь ня мае будучыні. Кіраўнікі школаў, што ўваходзяць у Раду дырэктараў беларускамоўных школаў, як галоўныя праблемы вылучылі несвабоду i перагружанасьць пэдагога i вучня, падлегласьць школы не грамадзтву, а дзяржаве, кансэрватызм традыцыйных методык. Сярэднюю адукацыю можна перавесьці на беларускія рэйкі толькі пры ўмове пераводу ўсёй адукацыйнай сiстэмы на беларускую мову, заявіла Тацяна Радзько, дырэктар мiнскай гімназіі №14. ТБШ прыняло шэраг прапановаў і рэкамэндацый Міністэрству адукацыі. Прэзыдэнтам ТБШ, якое адлічвае сваю гісторыю з 1922 г., пераабраны дацэнт БДПУ Алесь Лозка.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0