Выйграць вайну ў CNN

Усе, хто мае хоць нейкае дачыненьне да Палестыны, сёньня напалоханыя і абураныя. Уварваньне ізраільцянаў, падчас якога выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя сродкі, у спалучэньні зь недарэчнымі пратэстамі Джорджа Буша, нагадвае падзеі 1971 і 1982 г. (аўтар мае на ўвазе пацыфікацыю сэктару Газа ў студзені 1971 г. і ўварваньне ў Ліван у 1982 г. — Рэд.). Але сёньня ўсё адбываецца нашмат больш прымітыўна — і ў маральным, і ў палітычным сэнсе. Сродкі масавай інфармацыі (якія ад пачатку адыгрывалі нэгатыўную ролю, паведамляючы толькі пра палестынскія замахі, вырваныя з кантэксту 35-гадовай проціпраўнай акупацыі Палестыны Ізраілем) сёньня яшчэ мацней прапагандуюць ізраільскі пункт гледжаньня, ЗША яшчэ больш магутныя. Сярод пытаньняў сусьветнага значэньня на першым месцы стаіць барацьба з тэрарызмам, а арабскі сьвет, як і раней, падзелены і дзейнічае хаатычна.

Усё гэта яшчэ больш распаліла Шаронавы чалавеказабойчыя інстынкты. І з гэтага вынікае, што ён можа нарабіць яшчэ большай шкоды, чым раней, яшчэ мацней адчуваючы беспакаранасьць. Аднак усе ягоныя высілкі і ўвогуле ўся дзейнасьць сёньня больш чым калі пад пагрозай краху, бо прымітыўныя акты нянавісьці ня могуць прынесьці ні палітычнага, ні нават ваеннага посьпеху. Міжнацыянальныя канфлікты занадта складаныя, каб іх можна было вырашыць пры дапамозе танкаў ды самалётаў, а вайна супраць бяззбройных, колькі б Шарон ні паўтараў свае абрыдлыя заклёны пра барацьбу з тэраразмам, ніколі не прынясе трывалага палітычнага выніку. Палестынцы не адступяць. Зрэшты, я пэўны, што Шарона ўрэшце з пагардаю адкіне ўласны народ. У гэтага чалавека няма ніякага пляну, апроч зьнішчэньня Палестыны і ўсяго палестынскага. Нават сёньняшнімі сваімі вар’яцкімі дзеяньнямі супраць Арафата й “тэрарызму” ён адно ўздымае прэстыж палестынскага лідэра, адначасова дэманструючы сваю асьлепленасьць.

Урэшце, Шарон — гэта праблема Ізраілю. Мы ж мусім рабіць усё магчымае, каб вытрываць гэтыя нечуваныя выпрабаваньні і гэтую злачынную вайну, абвешчаную супраць нас. Гэта наш галоўны маральны абавязак. Калі такі вядомы, шанаваны і дасьведчаны палітык, як Зьбігнеў Бжазінскі, адкрыта кажа па амэрыканскім тэлебачаньні, што Ізраіль паводзіць сябе як белы рэжым у ПАР часоў апартэіду, можна быць пэўным, што ён не адзін мае такі погляд і што ўсё больш амэрыканцаў глядзяць на Ізраіль ня толькі з расчараваньнем, але й незадаволена — як на вельмі “каштоўнага” саюзьніка, які заганяе амэрыканцаў у ізаляцыю і шкодзіць рэпутацыі ЗША сярод іншых іхных саюзьнікаў, а таксама сярод уласных грамадзян.

Тое, што я хацеў бы сказаць, будзе вельмі ўрыўкавым, але мае развагі ўяўляюць сабой сьціплы плён шматгадовай дзейнасьці на карысьць палестынскага народу — дзейнасьці чалавека, які адначасова належыць і да арабскага сьвету, і да Захаду. Я ня ведаю ўсяго і ня здолею ўсяго сказаць, але магу ў гэтую цяжкую хвіліну прапанаваць жменю думак. Усе яны зьвязаныя між сабой.

1. Палестынская праблема, з усім, што зь яе вынікае, ня ёсьць праблемай толькі арабскай ці мусульманскай; яна актуальная для ўсіх насельнікаў гэтага неспакойнага й цеснага сьвету. І, каб працаваць для Палестыны, трэба ўлічваць гэтую шматмернасьць ды няспынна паглыбляць свае веды. Для гэтага нам патрэбны адукаваныя, чуйныя і дасьведчаныя лідэры, якія б карысталіся агульнанароднай падтрымкай. Паўтараючы словы Мандэлы пра змаганьне ў ПАР, мы можам сказаць, што палестынская праблема зьяўляецца адной з найбольшых маральных праблемаў сучаснасьці. Менавіта так мы павінны яе ўспрымаць. Я не вяду гаворку пра гандаль, пра ўзаемадзеяньне па прынцыпе “ты — мне, я — табе”, пра прыватную кар’еру. Я кажу пра справядлівасьць, дзякуючы якой палестынцы зоймуць высокія маральныя пазыцыі і здолеюць утрымаць іх.

2. Існуюць розныя віды сілы; зразумела, найперш у галаву прыходзіць сіла зброі. Тое, што Ізраіль ваюе з палестынцамі, усё тое, што ён робіць на працягу 54 год, суправаджаецца дэталёва пралічанай, навукова сплянаванай кампаніяй, якая мае на мэце ўзаконіць дзеяньні ізраільцянаў і адначасова паставіць па-за законам дзеяньні палестынцаў. Я маю на ўвазе ня толькі ваенную сілу, але і апрацоўку грамадзкай думкі, асабліва ў ЗША і Заходняй Эўропе. У выніку амэрыканцы ды эўрапейцы лёгка атаясамліваюць сябе з ізраільцянамі, а да палестынцаў ставяцца як да небясьпечных і подлых ворагаў. Пасьля сканчэньня “халоднай вайны” Эўропа амаль не адыгрывае ролі, калі казаць пра фармаваньне грамадзкай думкі, пазыцый і стэрэатыпаў. Галоўным полем барацьбы (апрача самой Палестыны) сёньня выступае Амэрыка. Мы ж ніяк ня можам зразумець, якое вялікае значэньне мае для нас сыстэматычная, усёахопная палітычная праца ў гэтай краіне, скіраваная на тое, каб слова “палестынец” не атаясамлівалася ў сьвядомасьці тыповага амэрыканца са словам “тэрарыст”. Такая дзейнасьць зьяўляецца неабходнай перадумовай нашага посьпеху ў барацьбе з ізраільскай акупацыяй.

Ізраільцяне беспакарана зьдзекуюцца з нас, бо за намі не стаіць сіла грамадзкай думкі, здольная перашкодзіць Шарону зьдзяйсьняць ваенныя злачынствы і пры гэтым сьцьвярджаць, быццам ён такім чынам змагаецца з тэрарызмам. Улічваючы велізарную моц “карцінкі” накшталт той, якую паказвае CNN, абалваньваючы амэрыканскага падаткаплацельшчыка, паўтараючы яму сто разоў на гадзіну “тэрарыст-самагубца”, можна назваць найвялікшай памылкай адсутнасьць у нас групы хоць бы такіх людзей, як Ханан Ашраўі, Лейла Шахід, Гасан Хатыб ці Афіф Сафі, якія сядзелі б у Вашынгтоне, гатовыя ў любую хвіліну пайсьці на CNN ці нейкую іншую тэлекампанію, каб прадставіць палестынскі пункт гледжаньня і праясьніць сытуацыю. Гэта дазволіла б нам займець вагу, расказаць пра сваю гісторыю, давесьці нашу маральную рацыю і падаць палестынскую пазыцыю пазытыўна. Нам патрэбныя правадыры, якія б разумелі, што ў эпоху электронных СМІ гэта справа першаступеннай важнасьці. Тое, што мы дасюль не разумеем гэтага, зьяўляецца адной з прычын нашай сёньняшняй трагедыі.

3. Нельга мець посьпех у сьвеце, дзе пануе адна дзяржава, калі мы ня маем належных ведаў пра гэтую дзяржаву — ня ведаем гісторыі Амэрыкі, ейных інстытутаў, разнастайных плыняў, што віруюць у яе палітыцы і культуры, і перш за ўсё — калі дасканала ня ведаем яе мовы. Калі нашы прамоўцы і іншыя арабы кажуць пра Амэрыку нечуванае глупства, адначасова спадзеючыся на яе дапамогу, калі праклінаюць Амэрыку, каб у наступным сказе прасіць у яе ратунку, і ўсё гэта на жудаснай ангельскай, атрымліваецца такая сумесь прымітывізму і няведаньня, што проста плакаць хочацца. Амэрыка неаднастайная. У нас там ёсьць сябры і людзі, што могуць зрабіцца нашымі сябрамі. Мы мусім кантактаваць у ЗША з палестынскай дыяспарай і іншымі групамі, набліжанымі да яе, каб у выпадку патрэбы мець магчымасьць мабілізаваць іх і выкарыстаць іхны ўплыў. Так рабілі паўднёваафрыканцы, а таксама альжырцы ў Францыі, калі ішла барацьба за вызваленьне іх краін. Сплянаваныя дзеяньні, дысцыпліна і каардынацыя. Мы ўсё яшчэ ня можам уявіць сабе палітыку, не заснаваную на адмове ад насільля. Поруч з гэтым, мы не ўяўляем, колькі мы маглі б дасягнуць, зьвяртаючыся непасрэдна да ізраільцянаў, як Афрыканскі нацыянальны кангрэс зьвяртаўся да белых жыхароў ПАР, — у рамках палітыкі адкрытасьці і ўзаемапавагі. Суіснаваньне павінна быць нашым адказам на агрэсіўную фанабэрыю ізраільцянаў. Я кажу не пра саступкі, а пра выказваньне пачуцьця салідарнасьці, дзякуючы якому ганарліўцы, расісты і фундамэнталісты апынуліся б у ізаляцыі.

4. Сёньняшняя лютасьць Ізраілю на акупаваных тэрыторыях сьведчыць і пра тое, што нашае грамадзтва па-ранейшаму функцыянуе. Яно дзейнічае ўсе 54 гады, наперакор усім крыўдам, усім зьдзекам гісторыі, няшчасьцям і трагедыям, якія мы перажывём. Але такія людзі, як Шарон, ніколі гэтага не зразумеюць, і ў гэтым нашая найважнейшая перавага над Ізраілем. А яны асуджаныя на паразу, нягледзячы на сваю магутнасьць і нялюдзкую зацятасьць. Мы здолелі ўзьняцца над сваёй трагедыяй і над гістарычнай памяцьцю; ізраільцяне накшталт Шарона гэтага не зрабілі. Шарон памрэ як забойца арабаў і збанкрутаваны палітык, які прыносіў свайму народу толькі неспакой і пачуцьцё пагрозы. Лідэр найперш павінен пакінуць пасьля сябе нешта, на што змаглі б абаперціся наступныя пакаленьні. Шарон, Мафаз і ўсе, хто спрыяў ім у гэтай брутальнай садысцкай кампаніі сьмерці, не пакінуць пасьля сябе нічога, апроч надмагільляў. Нянавісьць можа спарадзіць толькі нянавісьць.

Як палестынец, я лічу: мы можам сказаць, што пакінулі пасьля сябе пэўны сьветапогляд, а таксама грамадзтва, якое перажыло ўсе спробы яго зьнішчыць. Дзякуючы гэтаму пакаленьне маіх і вашых дзяцей зможа ісьці наперад, маючы крытычнае і рацыянальнае мысьленьне, адчуваючы надзею і спагаду.

Эдвард Саід


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0