Забойства жывёлаў

 

Нядаўна ў “Нашай Ніве” быў апублікаваны водгук чытачкі на фотарэпартаж пра сьвяткаваньне Курбан-Байраму ў Іўі. Яна абуралася, што газэта зьмясьціла здымкі, на якіх забіваюць жывёлаў. “Там, дзе ліецца кроў, заўсёды боль, пакуты і сьмерць. Вы заклікаеце любавацца сьмерцю?” — піша яна.

Мы не заклікаем. Мы адлюстроўваем нашу беларускую рэальнасьць, у якой сёньня ёсьць і пракаветныя традыцыі ахвярапрынашэньня, і заклікі зоаабаронцаў; ёсьць аматары выпіць конаўку сьвежай крыві падчас дзяльбы кабанчыка і тыя, хто ў гэты момант зашываецца ў далёкі куток двара, каб не глядзець на сьмерць; ёсьць мясажэры і вэгетарыянцы; ёсьць прыхільнікі правоў жывёлаў і тыя, хто гэтых правоў не прызнае. Чым абгрунтоўваюць сваю пазыцыю “мясьнікі” і да чаго ў гэтай справе дадумаліся ў “цывілізаваным сьвеце”? Ніжэй мы падаём два тэксты на гэтую тэму.

 

Куды пойдзе кабан

Аднаго разу ў Туркмэністане я пабачыў, як вырабляюць каракуль, што ідзе на футры ды шапкі. Дзеля гэтага забіваюць дзясяткі тысячаў ягнятаў. Бачыць, як іх, безабаронных і сьмешных, рэжуць – цяжка. Зьвярнуўшы ўвагу на мае пачуцьці, сівабароды туркмэн у вялізарнай папасе сказаў: “У іншых народаў ёсьць сады й палі, якія яны абрабляюць і зь якіх маюць плады. Наш сад – гэтыя статкі”.

Праблема забойства жывёлаў і ўжываньня мяса ў аўрамічных рэлігіях (юдаізьме, хрысьціянстве й ісламе) разглядаецца ў адной зь першых прыпавесьцяў – пра Каіна й Авэля. У ёй Госпад аддае перавагу ахвяры Авэля – прадуктам жывёлагадоўлі. Дый у запаветах, што Бог даў Майсею, падкрэсьліваецца неабходнасьць крывавых ахвяраў. Або вось закон пра “чыстых” і “нячыстых” жывёлаў зь Пяцікніжжа: “Усялякае быдла, у якога раздвоеныя капыты й якое жуе жваку, – ежце”. Беларусы, паводле тае традыцыі, не ядуць каніны. У заходніх рэгіёнах краіны йснуе таксама табу на ўжываньне мяса дзічыны. Часьцяком шкодніка-дзіка, што здратаваў поле, папросту забіваюць і закопваюць. А вось мяса свойскага быдла для беларусаў – натуральны прадукт на стале. Тут беларуская, як і ўся хрысьціянская традыцыя разыходзіцца зь юдэйскай і мусульманскай у дачыненьні да сьвініны. Колькі гутарыў з рознымі мусульманамі, столькі чуў вэрсіяў табу на сьвініну. Адны гавораць, што сьвіньня проста брудная, іншыя пераказваюць апокрыф пра тое, як Бог кінуў грэх і сказаў жывёлам – ежце, і адна толькі сьвіньня зьела, трэція кажуць, што сьвіньня рые, рыхтык як араты, а таму амаль як чалавек...

Што адбылося б, каб людзі адпусьцілі на волю істотаў, якіх яны тысячагодзьдзямі сэлекцыянавалі, перараблялі на свой капыл? Гэткія прыклады ёсьць – мустангі ў Амэрыцы й на поўдні Францыі, вярблюды й буйвалы ў Аўстраліі, сабакі, каты ды галубы па ўсім сьвеце. Але гэтыя жывёлы апынуліся ў спрыяльных для сябе прыродных умовах. А куды пойдзе сьнежнай зімою кабан польска-кітайскае пароды больш за тону вагою, ламаючы ногі ад уласнага цяжару? А куды дзенецца нядоеная карова з поўным вымем малака?..

Адмаўляючыся ад забойства, людзі былі б змушаныя спыніць рэпрадукцыю свойскага быдла, перакрэсьліць плён шматтысячагадовае працы жывёлаводаў і заняцца ўтрыманьнем да скону мільёнаў свойскіх жывёлаў, якім даўно няма месца ў натуральным асяродзьдзі.

Аднак спачатку мы мусілі б адмовіцца ад сваіх рэлігіяў, што змушаюць нас прыносіць быдла ў ахвяру і есьці яго. Ці можа быць вэгетарыянцам хрысьціянін, які прычашчаецца сымбалямі цела й крыві Гасподніх?

Сяргей Харэўскі

 

Жывёлы — рабы

Жывёлы адчуваюць боль і маюць права, каб зь імі не абыходзіліся як з рэчамі. Апраўдваючы забойства ці якое іншае катаваньне жывёлаў і дэманстрацыю гэтага, людзі апраўдваюць катаваньне тых, хто адчувае боль.

Супярэчнасьць сучаснага сьвету ў тым, што жывёлы – уласнасьць людзей, як нерухомасьць. І пры гэтым людзі разважаюць пра межы жорсткасьці й мараль. Гэта можна параўнаць з колішнім рабаўладаньнем і развагамі пра чалавечнае стаўленьне да рабоў. Як некалі аджыло рабства людзей, так адыходзіць час рабства жывёлаў.

У эўрапейскіх народаў існуе трывалая традыцыя спажываньня мяса, скуры ды футраў і выкарыстаньня жывёлаў у відовішчах (цыркі, радэо), але нельга сьцьвярджаць, што ёсьць традыцыя адкрыта дэманстраваць “крывавыя расправы”, асабліва перад кабетамі і дзецьмі. Мы вучым дзяцей не катаваць жывёлаў, бо інакш яны ня будуць разумець чужога болю і вырастуць небясьпечнымі для грамадзтва, і, апрача таго, мы вучым дзяцей ня быць жорсткімі ды агрэсіўнымі, бо тады яны самі будуць ахвярамі агрэсіі, – пачынаючы з таго, што “не рабі балюча сабачку, бо ўкусіць”...

Менавіта ўмацаваньне думкі пра “чалавечнае” выкарыстаньне жывёлаў выклікала ў 1970-я выбух актыўнасьці руху абаронцаў жывёлаў. На іх думку, тое, што спажываньне мяса і крыві зьяўляецца традыцыйнай практыкай, сьведчыць, як шырака гэта распаўсюджана ў культуры спажываньня, і толькі. І калі сёньня нехта даводзіць, што традыцыя апраўдвае практыку, гэта звычайна азначае, што больш нічога і нельга сказаць ў падтрымку гэтае практыкі. Да прыкладу, расізм ці палавая дыскрымінацыя і цяпер часам апраўдваюцца традыцыяй, хоць у гэтай сфэры такія спасылкі ўжо не ўспрымаюцца сур’ёзна.

Грамадзкасьць у Карэі пратэстуе супраць традыцыі есьці сабак, Эўразьвяз забараняе экспарт з Францыі гусіных вантробаў для знакамітага паштэту, бо дзеля гэтага далікатэсу жорстка зьдзекуюцца з гусей. Такія гіганты, як “McDonalds”, “Burger King”, кантралююць, ці добра іхныя фэрмэры-пастаўшчыкі абыходзяцца з жывёламі.

Грамадзкасьць ужо не сьмяецца з вэгетарыянцаў, як раней. Калі заклікі да адмены тавараў жывёльнага паходжаньня выглядаюць сёньня экстрэмальнымі, дык ня менш экстрэмальным некалі выглядала прапанова адмовіцца ад крывавых ахвяраваньняў у храмах… Нездарма сёньняшнюю жорсткасьць людзей навукоўцы тлумачаць менавіта агрэсіўнай спадчынай.

Выглядае, што грамадзтва рыхтуюць да закону пра адмену ўласнасьці на жывёлаў.

Тацяна Поклад

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0