Апытаньне “НН”
Партыі к шчасьцю вядуць нас?
Налета ў Беларусі мусяць прайсьці выбары ў мясцовыя саветы. Але няма гарантыі, што яны адбудуцца. У пачатку красавіка на зьезьдзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абвесьціў, што “чырвоны дом” рыхтуе чарговы рэфэрэндум, сярод пытаньняў якога будзе і “ліквідацыя саветаў”. Але апазыцыя на тыя выбары разьлічвае — актыўна рыхтуе сваіх кандыдатаў у рэгіёнах, ладзіць адмысловыя сэмінары і навучаньні. Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч выступіў з заклікам стварыць “адзіны дэмакратычны перадвыбарчы блёк” ды “разьмеркаваць выбарчыя акругі Беларусі паміж патэнцыйнымі кандыдатамі гэтага блёку”. Статкевіч крытыкаваў кіраўніцтва БНФ “Адраджэньне” і АГП за “прамаруджваньне” ў гэтай справе. А маладыя дэмакратычныя палітыкі задумалі стварыць сваю кааліцыю.
Многія з патэнцыйных дэпутатаў мясцовых саветаў ня хочуць у часе перадвыбарнай кампаніі падкрэсьліваць сваю партыйнасьць. Бо выбарцы ставяцца да разнастайных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў з традыцыйным недаверам. Сацыялягічныя апытаньні службаў НІСЭПД і “Новак” паказваюць, што няма ніводнай дэмакратычнай партыі, папулярнасьць якой перавышала б 5%. Ці засталіся ў апазыцыі надзеі на рост папулярнасьці існых партыяў? Мы прапанавалі апазыцыянэрам адказаць на пытаньне: “Ці будзеце вы браць удзел у мясцовых выбарах? У якасьці незалежнага кандыдата альбо прадстаўніка партыі?”
Іван Бядко, старшыня Слонімскай рады БНФ “Адраджэньне”: Нашая партыя плянуе ўзяць удзел у выбарах, калі яны адбудуцца. На жаль, Слонімскую суполку БНФ мясцовыя ўлады ня хочуць рэгістраваць, хоць усе патрэбныя паперы ім былі пададзеныя. Калі рэгістрацыі ня будзе, давядзецца ўдзельнічаць у выбарах шляхам збору подпісаў.
Уладзімер Гундар, намесьнік старшыні Баранавіцкай філіі АГП: На нядаўнім партыйным зьезьдзе мы вырашылі браць удзел у выбарах дзеля працы на будучыню, на партыю. Так што на выбары я, як і іншыя сябры АГП, пайду ад партыі.
Алесь Бяляцкі, БНФ “Адраджэньне”: Я яшчэ ня вызначыўся. Гэта будзе залежаць ад рашэньня партыі, якому я падпарадкуюся. Калі й буду ўдзельнічаць у выбарах, дык толькі як яе прадстаўнік.
Анатоль Гурыновіч, адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратычнага руху, былы дэпутат Менгарсавету: У выбарах буду ўдзельнічаць як прадстаўнік партыі.
Павал Казлоўскі, АГП: Пайду на выбары як сябар партыі — АГП.
Станіслаў Шушкевіч, старшыня БСДГ: Асабіста я браць удзел у выбарах ня буду. Усе ж выдатна разумеюць, што мясцовыя саветы, згодна зь існай Канстытуцыяй і заканадаўствам, ня маюць ніякае ўлады, а нясуць адказнасьць за тое, што робіць “вэртыкаль”.
Ніна Каляда, сяброўка Рады жаночай партыі “Надзея”: Я асабіста ня буду браць удзел у выбарах. Актыўнасьць насельніцтва вельмі нізкая, і яны не прынясуць ніякага выніку.
Юры Качук, сябар Сойму, кіраўнік Зэльвенскай раённай арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ: Я катэгарычна супраць удзелу ў выбарах. У такой сытуацыі ўдзельнічаць у выбарах — гэта падтрымліваць акупацыйны рэжым.
Сяргей Кісла, кіраўнік Рэчыцкай арганізацыі Народнай Грамады: Асабіста я ня буду браць удзел у выбарах. На выбары павінны ісьці тыя, хто мае рэальныя шансы перамагчы.
Алесь Масюк, сябар БНФ, кіраўнік Слонімскага моладзевага аб’яднаньня “Ветразь”: Я думаю ісьці на выбары як незалежны кандыдат, шляхам збору подпісаў.
Язэп Палубятка, кіраўнік Мастоўскай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі: Мой удзел будзе залежаць ад рашэньня партыі. Аднак я асабіста падтрымаю ўсіх нашых людзей, якія пойдуць як незалежныя кандыдаты.
Паліна Панасюк, актывістка Берасьцейскага БНФ “Адраджэньне”, “Зубра”: Удзельнічаць не зьбіраюся, бо ня бачу ў гэтым сэнсу.
Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы: Пляную браць удзел, але яшчэ дакладна ня ведаю як. Розьніцы няма, ці незалежным кандыдатам ісьці, ці сябрам партыі. Любы чалавек павінен ісьці на выбары шляхам збору подпісаў. Колькі я ні ўдзельнічаў у выбарах, заўжды зьбіраў подпісы.
Запісаў Алег Тачоны