“Спадкаемцы рускай культуры” баяцца перапісу

З 21 траўня да 8 чэрвеня ў Польшчы пройдзе ўсеагульны перапіс насельніцтва. Гэта адна з умоваў уступленьня Польшчы ў Эўразьвяз, і некаторыя пытаньні былі ўключаныя ў анкеты па наўпростым патрабаваньні эўрапейскіх чыноўнікаў. У прыватнасьці, пункт “нацыянальнасьць”, што выклікаў розгалас сярод прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў Польшчы.

 

Кіраўнік Беларускага грамадзка-культурнага таварыства, пасол польскага Сойму Ян Сычэўскі лічыць, што гэтае пытаньне тоіць у сабе вялікую пагрозу. Ён спасылаецца на словы вядомага польскага палітыка Анджэя Лепэра, які заявіў: меншасьці могуць зьяжджаць, калі ім не падабаецца ў Польшчы. “Прызнаньне ў іншай, няпольскай нацыянальнасьці зьвязанае з рызыкай, можа выклікаць перасьлед”, — кажа Сычэўскі. Насьцярожыліся не адныя толькі беларусы: беластоцкая газэта “Ніва” піша, што нямецкая супольнасьць таксама ня верыць у аб’ектыўнасьць вынікаў перапісу. За прыналежнасьць да нямецкай нацыі ў Польшчы калісьці можна было застацца бяз працы. “Ці не прывядзе цяперашні перапіс да таго ж самага?”

Пытаньне пра нацыянальнасьць ставіцца ў Польшчы ўпершыню пасьля перапісу 1921 г. У тагачаснай Польшчы беларусамі сябе назвалі мільён пяцьдзясят тысячаў чалавек. Празь дзесяць гадоў у перапісе пытаньне пра нацыянальнасьць было замененае пытаньнем пра родную мову. Беларускую назвалі роднай 900 тысячаў грамадзянаў Польшчы, а 700 тысячаў назвалі сваёй роднай мовай “тутэйшую”. Паводле зьвестак перапісу 1946 г., беларусаў у Польшчы, ужо пазбаўленай “крэсаў усходніх”, налічвалася каля 200 тысячаў.

Насельніцтва мала верыць абяцаньням уладаў выкарыстоўваць канфідэнцыйныя зьвесткі толькі для статыстыкі. Прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў баяцца назваць сваю сапраўдную нацыянальнасьць яшчэ й таму, што ніхто ня хоча “вылучацца”. Аўтарка кнігі пра беларускую меншасьць у Польшчы Альжбета Чыквіна кажа, што беларускасьць у Польшчы — як стыгмат: “Стыгматызацыя зьвязаная з прыналежнасьцю да групы, для бальшыні чужой, іншай і ў агульным разуменьні менш вартай”.

Таму многія беларусы могуць запісацца ў палякі. Калі раней “палякамі” запісваліся каталікі, дык цяпер у Польшчы зьявіліся “праваслаўныя палякі”. Гэта пераважна моладзь, якая атаясамлівае нацыянальнасьць і грамадзянства: “Мы жывём у Польшчы — значыць, мы ўсе палякі”.

Адзін з фактараў, якія адмоўна паўплываюць на ўсьведамленьне ўласнай беларускай нацыянальнасьці, — нізкі аўтарытэт лукашэнкаўскай Беларусі ў людзей сярэдняга і высокага дастатку ў Польшчы.

Як зазначыў Вячаслаў Харужы ў беластоцкім “Czasopisie”, перапіс “пакажа колькасьць беларусаў не паводле нацыянальнасьці, але паводле нацыянальнай сьвядомасьці”.

Аркадзь Шанскі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0