З усёй краіны

 

Кантрабанда камбайнаў

Супрацоўнікі спэцслужбаў затрымалі паблізу вялікае вёскі Лелікава Кобрынскага раёну камбайн “Ніва” без рэгістрацыйных нумароў, які вакольнымі сьцежкамі ехаў да беларуска-ўкраінскае мяжы. Два затрыманыя мэханізатары — украінскі й беларускі — прызналіся, што хацелі цішком перагнаць камбайн на Валынь, унікаючы мыта. У той самы дзень у адным з двароў Лелікава былі знойдзеныя яшчэ дзьве “Нівы”, падрыхтаваныя да адпраўкі.

Музыкаў “Апушчэньня” затрымалі

У Белаазёрску музыкаў бярозаўскага рок-гурта “Апушчэньне” затрымалі проста на канцэрце, бо тыя выйшлі выступаць на сцэну ў адных майтках і на заўвагу дзяжурнага міліцыянта адмовіліся апрануцца. У залі адлучылі электрычнасьць, а музыкаў забралі ў пастарунак.

Ліквідатараў зьліквідавалі

Нядаўна была ліквідаваная Берасьцейская гарадзкая арганізацыя “Інваліды Чарнобылю”, якая налічвала болей за 450 сяброў. Прычына простая: няма сродкаў на ейнае ўтрыманьне.

І.Хведаровіч, Берасьце

Цагліна на памяць

Дзіўным спосабам зьбіраюць сродкі на будаўніцтва праваслаўнай царквы ў Віцебску. За тысячу рублёў, ахвяраваных на храм, імя “фундатара” пішуць на цагліне, якая зараз жа кладзецца ў мур. Асабліва модна сярод віцебскіх закаханых удваіх “купляць” адну цагліну.

Перапіс кнігалюбаў

Віцебскі краязнаўчы фонд імя А. Сапунова пачаў зьбіраць зьвесткі пра мясцовых аматараў кніжак і ўладальнікаў асабістых бібліятэк. Дзеля гэтага жыхарам Віцебску прапанавана ўзяць удзел у анкетаваньні. Па выніках збору зьвестак плянуецца выдаць даведнік “Бібліяфілы і кнігалюбы Віцебску ХХ ст.” Каб атрымаць анкету, можна зьвярнуцца ў абласную біблятэку, кнігарню “Букініст” альбо патэлефанаваць па нумары 36-92-84.

Міхал Чарвінскі, Віцебск

Адкрыўся МДУХ

У Магілёве зьявіўся трэці ўнівэрсытэт. Не на пустым месцы — яго загадам Міністэрства адукацыі зрабілі з тэхналягічнага інстытуту. Праўда, перш чым атрымаць высокі тытул супрацоўнікаў Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчаваньня, інстытуцкія кадры добра ўпарыліся ў часе трохмесячнай атэстацыі. МДУХ сёньня — адзіная ў Беларусі навучальная ўстанова, якая рыхтуе спэцыялістаў грамадзкага харчаваньня па 9 спэцыяльнасьцях.

Пакроўскі, Магілёў

Мэтэарыт

У вёсцы Крычаў-2 днямі зваліўся ніштаваты мэтэарыт. Ахвяраў і разбурэньняў, апроч паўмэтровае яміны ў гародзе мясцовай жыхаркі спн.Прывалавай, няма. Кабета распавядае, што, корпаючыся на градах, пачула, як штосьці засьвістала, загуло, потым нібы маланка бліснула. Праз колькі хвілінаў жанчына ўжо трымала ў руках яшчэ гарачага “касьмічнага госьця”. Жалезна-каменны мэтэарыт важыць 455 грамаў. Ён — шосты, знойдзены на нашай зямлі за ўсю гісторыю Беларусі. Невядома, ці атрымае спн. Прывалава 25% ад ягонага кошту.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Памяць пра Бегіна

У Берасьці будзе ўшанаванае імя нашага знакамітага земляка Мэнахема Бегіна, былога прэм’ер-міністра Ізраілю, ляўрэата Нобэлеўскае прэміі. Аб гэтым паведаміў намесьнік Цэнтру па вывучэньні ягонае спадчыны Ехіэль Фішзон, які днямі наведаў Берасьце.

І.Хведаровіч, Берасьце

Пэнсія пад пагрозай

На красавік запазычанасьць баранавіцкіх прадпрыемстваў перад пэнсійным фондам склала больш за мільярд рублёў. У студзені было толькі 522 мільёны. Найбольш завінаваціўся завод станкапрыладаў — 340 млн.рублёў, зь якіх 79 млн. — пеня.

Руслан Равяка, Баранавічы

Ловяцца шчупакі

Такога Вішнеўскае возера, што ў ваколіцах Смургоняў, яшчэ ня бачыла: 508 чалавек з усёй краіны прыехалі сюды, каб выпрабаваць рыбацкае шчасьце. Спаборніцтва, зладжанае газэтамі “Рыбалоў” і “Мядзьведзь”, працягвалася з 10.30 да 15.30. Толькі 34 рыбакі вярнуліся з уловам. Самы вялікі быў у смургонца Паўла Амбрасевіча — шчупак вагой 3,9 кг і 2,9 кг драбнейшай рыбы. Павал стаўся чэмпіёнам Беларусі сярод аматараў і атрымаў фірмовы лодачны рухавік. Другое месца заняў мянчук Уладзімер Цьвяцінскі — ягоныя шчупакі важылі 4,4 кг.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Час зьбіраць камяні

У люксавым нумары новага гатэлю “Дрыбін” 25 красавіка мусіў спыніцца на ноч беларускі прэм’ер-міністар. Чакаючы высокага госьця, мясцовая адміністрацыя навяла ня толькі зьнешні, але й ідэалягічны марафэт: усіх патэнцыйных апазыцыянэраў адправілі ў той дзень на збор камянёў на калгасныя палеткі.

Сяргей Мурзін, Дрыбін

Сьмерць міліцыянта

У Глуску скончыў жыцьцё самагубствам малады міліцыянт. Нядаўна ён страціў жонку, што чакала дзіця. Лекары не змаглі выратаваць ёй жыцьцё.

С.П., Глуск

Багатыя лекары

Сярэдні заробак працаўнікоў Бялыніцкага раёну ў сакавіку склаў 113943 рублі. Праўда, на сёньня грошы далі толькі ў лічаных калектывах. Астатнія дагэтуль аблізваюцца. Найвышэйшыя заробкі ў раёне за гэты месяц налічаныя лекарам — у сярэднім па 266673 рублі. Гэта больш, чым у банкіраў і чыноўнікаў. А мэдсёстры, фэльчары й санітары зарабілі ў сярэднім па 73067 рублёў.

Базыль Літвіновіч, Бялынічы

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0