Чаму я жыд

Усё як і даўней: крынiцы поўнай, збалянсаванай i таму аб’ектыўнай iнфармацыi — там, “за шаломенем”, за акiянам. Лаўлю хвалi, галасы. Чую: сотнi зьнiшчаных мiрных людзей у палестынскiм лягеры. Пасьля чую: ня сотнi, а дзясяткi людзей ва ўнiформе. Чую: амэрыканскiя газэты пусьцілi пагалоску пра сотнi ахвяраў, але цяпер даюць “заднi ход”, бо зьвесткi не пацьвярджаюцца.

Чую: палестынцы бягуць з сваіх паселішчаў, пакідаючы ў замінаваных дамох прынаду — жанок і дзяцей. Як толькі ізраільскія жаўнеры набліжаюцца, жанкі і дзеці благаюць: хадзіце сюды, патрэбная ваша дапамога. А потым чуецца выбух. Ахвяры сярод цывільнага насельніцтва сьпішуць на Ізраіль, забітых жаўнераў паставяць у заслугу якой-небудзь арганізацыі.

Чую: у царкве Раства Хрыстовага — баевiкi. Са зброяй. Закладнiкамi — сьвятары й манахi. Чую: колькi сьвятароў вырвалiся на волю, апавядаюць, што палестынцы зьневажаюць сьвятыню, зрабілі зь яе хлеў. Думаю: а што было б, калi б такое ўтварылі iзраiльцяне? Колькi дэманстрацый i працэсiяў было б наладжана ў Эўропе, Амэрыцы, Азii?

Чаму ты, адукаваная, цывілізаваная, сытая Эўропа, ня выйшла на вуліцы, не абурылася, калі палестынскія правадыры пусьцілі супраць Ізраілю камікадзэ, калі ад чалавекабомбаў гінулі дзясяткі й дзясяткі мірных жыдоў і арабаў у Ізраілі? Чаму занепакоілася толькі тады, калі Армія абароны Ізраілю ўвайшла на тэрыторыю Палестынскае аўтаноміі, каб зьнішчыць гнёзды тэрарызму? Чаму ўстурбавалася лёсам Ясіра Арафата, які прыхаваў у сваёй рэзыдэнцыі забойцаў ізраільскага міністра? Ці ж ня ёсьць злачынцам той, хто дае прытулак злачынцам? Што наконт гэтага кажа права краінаў Эўрапейскага Зьвязу? Але Эўразьвяз пагражае санкцыямі Ізраілю.

Мажліва, лібэральная й сацыялістычная Эўропа лічыць дзеяньні тэрарыстаў праявамі нацыянальна-вызвольнае барацьбы палестынскага народу? У такім разе таварышы Тоні Блэр, Ліянэль Жаспэн і Хаўер Саляна павінны прызнаць права малойцаў з Паўночнае Ірляндыі, Корсыкі, Гасконі ды братняе з Гасконьню Краіны Баскаў учыняць тэракты ў Лёндане, Парыжы й Мадрыдзе або — у духу рэзалюцыі Лёнданскага кангрэсу Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу (1896) — змагацца за прызнаньне права гэтых тэрыторыяў на самавызначэньне.

Але гішпанскі патрыёт і сацыяліст таварыш Саляна не прызнае права Басконіі ці Каталёніі на самастойнасьць, хоць значная частка баскаў і каталёнцаў выразна выказвае жаданьне жыць без апекі гішпанскай кароны. Ён заступаецца за Арафата.

А палестынскія правадыры? Што кажуць яны? Чаго дамагаюцца іхныя апекуны і пастаўнікі зброі з Дамаску й Тэгерану? Яны па-ранейшаму трымаюцца знакамітых трох “не”: не прызнаваць Ізраілю, ня весьці зь ім перамоваў, не заключаць зь ім міру. Праўда, пад ціскам ЗША і абставінаў Каір, Аман і палестынскія правадыры мусілі і прызнаць Ізраіль, і весьці зь ім перамовы, і заключаць мір.

Калі ў 1993 г. паўстала Палестынская аўтаномія, калі ў 1995 г. Ізраіль згадзіўся вывесьці сваё войска з тэрыторыі Палестыны (за гэта таварыш Іцхак Рабін заплаціў сваім жыцьцём), калі наш зямляк таварыш Шымон Пэрас, не пабаяўшыся, што і яго могуць забіць, вывеў часьці Арміі абароны з палестынскіх тэрыторыяў, разумныя людзі казалі, што ізраільцянам раней ці пазьней давядзецца вярнуцца на Заходні бераг Ярдані і ў сэктар Газа. І мелі рацыю.

Атрымаўшы статус аўтаноміі, Арафат і ягоныя паплечнікі ня кінуліся садзіць лясы, вінаграднікі й апэльсынавыя гаі на тэрыторыі Палестыны, не заселі за распрацоўку плянаў стварэньня палестынскае энэргасыстэмы й прамысловасьці, эканамічнае базы для арабскае дзяржавы. Займацца стваральнаю працаю яны ня ўмеюць. Будаваць дзяржаву ім цяжка. Іх бізнэсам сталася змаганьне зь сіянізмам. Прыбытковым бізнэсам. Грошы, якія аўтаномія атрымлівае ад арабскіх дабрадзеяў ды Ізраілю (!), сыходзяць як вада ў пясок, асядаюць недзе на рахунках правадыроў ды іхных дзетак, што жывуць на шыкоўных вілах і катаюцца на дарагіх машынах па краінах Захаду. Змаганьне зь сіянізмам ускладваецца на плечы даведзенага да галечы простага люду. Дзетак — і вусна, і праз кніжкі ў школах — вучаць ненавідзець жыдоў.

Уліваньнямі з-за мяжы кампэнсуюцца бізнэсовыя страты палестынскіх правадыроў. Бо ім жа належыць немалая частка турыстычнае інфраструктуры ў Бэтлееме ды іншых сьвятых для юдэяў і хрысьціянаў мясьцінах. Аднак яны, нягледзячы на тое што колькасьць турыстаў і прыбыткі зьменшацца амаль да нуля, усчалі калатнечу. Яны, нягледзячы на тое што значная частка палестынскіх арабаў зарабляюць на хлеб у Ізраілі, не пабаяліся пазбавіць сваіх суродзічаў працы і ўсчалі вайну з хлебадаўцам.

Мара палестынскіх правадыроў ды іхных мусульманскіх фундатараў тая ж, што і ў 1948 г.: зьнішчыць Ізраіль, сьпіхнуць жыдоў у Міжземнае мора. Вось тады яны зажывуць і запануюць… Ажыцьцявіць гэтыя намеры ім дапамагае сацыялістычная ды лібэральная Эўропа.

Што Эўропе ўласьцівы антысэмітызм, даводзіць ня трэба. Імёны Тамаша Тарквэмады й Адольфа Гітлера навечна прапісаныя ў гісторыі Гішпаніі, Нямеччыны ды Аўстрыі, “справы” Дрэйфуса і Бэйліса — у гісторыі Францыі ды Расеі...

А яшчэ матухне Эўропе ўласьцівыя такія заганы, як не адзін раз акцэнтаваны Зьбігневам Бжазінскім геданізм і цынізм. Дзеля камфорту, спакою ды сытасьці яна гатовая на многае. Напрыклад, падпісаць з Гітлерам і Мусаліні пагадненьне ў Мюнхене, “здаць” саюзную Чэхаславаччыну, разьвязаць рукі агрэсарам. (Другая сусьветная вайна, Галакост і трагедыя іншых, у тым ліку беларускага, народаў сталіся магчымыя толькі пасьля Мюнхену.)

Яна, геданістычна-цынічная Эўропа, нібыта схаваўшы галаву ў пясок, “ня бачыла”, як сэрбы вынішчаюць басьнійцаў, не магла даць рады Мілошавічу, але з Ізраілем паводзіцца рашуча. Закрыў Ізраіль межы, не пусьціў (дзеля ўласнай бясьпекі) палестынцаў на заробкі — ня сьмей! Прыгразіў Ізраіль пазбавіць Газу электрычнасьці — ня сьмей! Не сьцярпеў Ізраіль бандыцкага разгулу на сваёй тэрыторыі, пачаў нішчыць базы тэрарыстаў — ня сьмей, асадзі назад!

Між тым, Расея ўжо каторы год руйнуе Чачэнію, ахвяры сярод цывільнага насельніцтва там незьлічоныя, а Эўропа — дзеля супакаеньня сумленьня — адно складае кволыя пратэсьцікі. А калі б не праваабаронцы, абышлася б і бяз гэтага. Не выводзяць таварышы Блэр, Жаспэн і Шродэр сотні тысячаў на вуліцы, не гараць расейскія цэрквы ў Эўропе, не мітынгуюць на знак салідарнасьці з чачэнскімі братамі-мусульманамі тамтэйшыя арабы...

У 1973 г., калі арабскія дзяржавы пры падтрымцы Крамля вырашылі былі сьцерці Ізраіль з мапы сьвету, Эўропа трымала нэўтралітэт. Пасьля вайны Голда Мэір паехала на паседжаньне Рады Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу. Там яна спрабавала дапытацца, як ёй трэба разумець палітыку эўрапейскіх урадаў. Ізраіль, казала яна, адзіная дэмакратычная краіна ў рэгіёне, кіруе ёю партыя — сябар Інтэрнацыяналу, а вы… Мая зямлячка Голда пачула адказ не ад канцлера Нямеччыны Вілі Бранта, не ад канцлера Аўстрыі жыда Бруна Крайскага, не ад прэм’ер-міністра Швэцыі Улафа Пальмэ ці лідэра брытанскіх лейбарыстаў Гаральда Ўілсана — тагачасных правадыроў Інтэрнацыяналу, — а ад кагосьці, хто сядзеў у яе за сьпінай. І адказ быў такі: Голда, чаго ты ад іх хочаш, у іх жа глоткі забітыя арабскаю нафтаю.

Гэты “хтосьці”, мабыць, чытаў мудрага жыда Карла Маркса, які вырас у самым цэнтры Заходняе Эўропы і таму навучыўся сам і вучыў іншых заўсёды тлумачыць паводзіны палітыкаў эканамічнай выгадай. Афіцыйная Эўропа дазваляла Мілошавічу нішчыць мусульманаў-басьнійцаў, бо на іхнай зямлі няма радовішчаў нафты й газу; яна скрозь пальцы пазірала на “хуліганствы” палестынцаў у Ізраілі, бо там таксама няма нафтавых фантанаў; яна амаль цалкам абыякавая да лёсу мусульманаў-чачэнцаў, бо залежыць ад расейскае нафты і асабліва газу; і яна ж занепакоеная лёсам мусульманаў у Палестыне, бо купляе нафту ад фундатараў Арафата. Яна, афіцыйная Эўропа, вельмі заклапочаная праблемаю ўтрыманьня ўлады, а ўтрымаць уладу яна зможа тады, калі брытанскі, францускі ці нямецкі абывацель ня будзе адчуваць дыскамфорту з прычыны адсутнасьці паліва, электрычнасьці й г.д.

Для афіцыйнае Эўропы найлепшым вырашэньнем блізкаўсходняга крызысу было б зьнікненьне Ізраілю з мапы (на гэта паказвалі падзеі 1973 г.). Але Ізраіль ня хоча зьнікаць, жыды, зразумеўшы, што эўрапейскія геданісты й цынікі дзеля часовых выгодаў умеюць дамаўляцца зь людажэрамі (Гітлер, Бакаса!), выяўляюць уласьцівую толькі ім, жыдам, салідарнасьць. Геданістычна-цынічная Эўропа, мусіць, не разумее, што Ізраіль — гэта аванпост дэмакратыі і юдэа-хрысьціянскае цывілізацыі. Эўрапейскія інтэлектуалы ўсё яшчэ цешаць сябе нейкімі спадзяваньнямі і ніяк ня хочуць сумленна сказаць сабе, што ім супрацьстаіць цывілізацыя “пагалоўнага рабства” (Гегель). Колісь эўрапейскія левыя інтэлектуалы захапляліся то Троцкім, то Мао, то Кастра, ухвалялі экспэрымэнты Сталіна... У карумпаваным Арафату ім прымроіўся, мабыць, новы рамантык рэвалюцыі кшталту Эрнэста Чэ Гевары. Хіба цяжка тут знайсьці (і знаходзяць!) апраўданьне для ісламска-арабскага экстрэмізму?

…Пакуль ёсьць антысэмітызм, я — жыд. Паколькі я ведаю, што назаўтра пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ізраілю ня ён, а на яго напалі арабскія суседзі, я — жыд. Пакуль ёсьць пагроза існаваньню Ізраілю, я — жыд. Там, у Ізраілі, жывуць і мае знаёмцы, і мае сябры. У Арміі абароны служыць мой вучань: пакінуў Беларусь і паехаў — цалкам усьведамляючы небясьпеку для свайго жыцьця — бараніць свой народ, народ Ізраілеў.

Я на месцы ізраільцянаў ужо сёньня настойваў бы на неадкладным ажыцьцяўленьні прапазыцыі прэзыдэнта Дж.Буша-малодшага. Няхай Палестына як мага хутчэй робіцца самастойнаю дзяржаваю, няхай як найхутчэй будзе дэмаркаваная і дэлімітаваная мяжа паміж Ізраілем і Палестынаю.

Эўрапейскія сябры Арафата будуць нават настойваць на тым, каб жыдоўская дзяржава давала Палестыне электраэнэргію й грашовую дапамогу, а палестынцам — працу. (Ні ў кога не ўзьнікае пытаньня, чаму Палестыне не дапамагае Ярданія, якая панавала на заходнім беразе амаль 20 гадоў). Але на стол перамоваў трэба пакласьці рэзалюцыю ААН 1947 г., у якой гаворыцца аб дзьвюх — жыдоўскай і арабскай — дзяржавах на тэрыторыі Палестыны. Пытаньне пра Ерусалім балючае для жыда й для хрысьціяніна, але нашчадкі Салямона мусяць быць мудрымі й згадзіцца на два сэктары ў Давідавай сталіцы. І каб у гэтым горадзе абавязкова знаходзіліся міжнародны вайсковы гарнізон і міжнародная паліцыя, надзеленыя правам ужываць зброю. Балючае пытаньне — пра ўцекачоў. У 1948 г. з Ізраілю ўцяклі тыя, хто не хацеў будаваць сучасную прамыслова-аграрную, адукаваную, дэмакратычную і сацыяльную жыдоўска-арабскую дзяржаву. Такая дзяржава пабудаваная. Няхай цяпер уцекачы будуюць палестынскую арабскую дзяржаву. Можна прапанаваць ім абмен: вывезьці з палестынскай тэрыторыі жыдоўскіх пасяленцаў. Гэта быў бы разумны крок, бо раней ці пазьней з пасяленцамі можа здарыцца тое, што адбылося зь белымі фэрмэрамі ў Зімбабвэ: трэба ж будзе карумпаванай палестынскай эліце скіраваць на кагосьці народны гнеў.

У 1947 г. сусьветная супольнасьць дала жыдам і арабам Палестыны шанец пабудаваць свае дамы. Жыды пабудавалі, арабы не былі гатовыя да гэтага. Трэба навязаць ім гэты шанец яшчэ раз. Няхай будуюць. Загадзя можна прадказаць, што гэта будзе за грамадзтва, але гэта будзе іхнае грамадзтва. І ў яго будуць шчырыя сябры — афіцыйная Эўропа, эўрапейскія левыя інтэлектуалы і антысэміты.

Анатоль Сідарэвіч, беларус, каталік візантыйскага абраду, сацыял-дэмакрат, марксіст