каляндар

Буду з вамі да канца сьвету!

Наступіўшы на сваю балючую нагу, я села на ровар пасьля 8 з паловай гадзінаў нуднай казёншчыны і празь нейкую гадзіну прыехала ў Камароўшчыну да сваёй цёткі Карольці. Якое гэта шчасьце, што можна вось так проста заваліцца ў хату і — ні села ні пала — выгукнуць з парогу, што жывой вады папрасіць: “Раскажэце мне пра Ўшэсьце!”

“…Па-беларуску завецца Ўшэсьце, а па-польску — Унебаўзяцьце Пана Езуса. Праз 6 тыдняў пасьля Вялікадня, заўсёды ў чацьвер бывае. Праз 6 тыдняў пасьля ўкрыжаваньня Пан Езус сабраў усіх апосталаў (іх 12 было, адзін здрайца, другім замянілі), павёў на Сінай і там навучаў. Казаў, каб любілі адно аднаго. Казаў — буду з вамі да канца сьвету, але цяпер Мне трэба ісьці, бо як Я не пайду цяпер, дык вас безь Мяне на неба ня возьмуць. А так стане Там месца ўсім. Апосталы плакалі, прасілі, каб Ён не сыходзіў, але пан Езус пайшоў на неба, толькі хмаркі паплылі...”

А празь дзесяць дзён пасьля Ўшэсьця — другое сьвята, Сёмуха. У маленстве на Сёмуху мы складаліся — хто агурок, хто сала, хто да сала — ды йшлі ў лес. Ля кожнай брамы бярозка стаяла. І добры гэта быў звычай: пакуль вясна-лета, набірацца сіл ад Прыроды! І цяпер я, займеўшы сваіх дзяцей, імкнулася на Сёмуху заўжды нешта такое ўтварыць! І дзяцей, пакуль былі маленькія, ласкавыя, што анёлкі, вадзіла за ручкі з сабою ўсюды, дзе сама бывала. Адразу ў лес сваёй сям’ёй хадзілі, вогнішча раскладалі на Сёмуху. А то езьдзілі на радзіму Каруся Каганца і там, у Вялікіх Навасёлках, брат тады яшчэ жывога Міколы Ермаловіча, Леанід, расказваў нам, як ён у 60-х знайшоў магілу нашага славутага земляка. Езьдзілі ў колішні засьценак Востраў, у Зэльву да Ларысы Геніюш… Што ўжо будзе на гэтую Сёмуху, 19 траўня?

Я ня надта люблю хадзіць у гэтыя напаўказённыя ўстановы — касьцёл ці царкву, — бо надта шаную Храм Душы, які збудаваў Езус і які застаўся там, у маёй Літве.

Адтуль, зь Літвы, усё й пачыналася. І Боскі Прамень у цемры адшукаў галаву таго, хто першым наважыўся ўзьняць яе да Неба.

Сёмуха — гэта і ёсьць выправа Праменя на таго, хто асьмеліцца ўзьняць галаву да Неба. Што ўжо сёлета Бог дасьць?..

Ганна Матусевіч, Койданава


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0