дзесяць мяхоў беларускай гісторыі

Сьцяпан Батура

Пасьля сьмерці Жыгімонта Старога ў Рэчы Паспалітай доўгі час не было людзкіх каралёў. Жыгімонт Жыгімонтавіч Аўгуст Другі змарнаваў усе свае духоўныя, фізычныя і фінансавыя рэсурсы на ажыўленьне Барбары Радзівіл і ўрэшце сам памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. На ягонае месца быў запрошаны францускі прынц Генрык Валеза, але пакараляваў нядоўга. Вялікалітоўскія антыглябалісты з самага пачатку паглядалі на яго коса. А калі стала вядома, што Генрык браў удзел у адраснай зачыстцы парыскіх гугенотаў пад кодавай назвай “Барталямэеўская ноч”, па ўсёй Рэчы Паспалітай пракацілася хваля стыхійных маніфэстацыяў. Шляхта нават абвясьціла ўсеагульны страйк: перастала піць мальвазію і біцца на соймах. Напалоханы Генрык, баючыся яшчэ больш агрэсіўных праяваў верацярпімасьці, уцёк назад у Францыю. Праўда, іншыя гісторыкі даводзяць, што Валеза зьбег ад сястры памерлага Жыгімонта ІІ — Ганны Ягелонкі, разьвядзёнкі бальзакаўскіх гадоў, зь якой яго тут хацелі ажаніць.

Як бы там ні было, але сэнатары Рэчы Паспалітай зноў вымушаныя былі шукаць караля. Іх ужо не захаплялі бесхарактарныя заходнеэўрапейскія прэтэндэнты. Нагледзеўшыся неліцэнзійнага “Тэрмінатара”, яны хацелі бачыць на чале дзяржавы моцнага гаспадарніка і харызматычнага лідэра. Вось тут на палітычных даляглядах Рэчы Паспалітай і зьявіўся Стэфан Баторы. Гэты трансыльванскі князь з 15 гадоў служыў па кантракце ў спэцназе чэскага і вугорскага караля Фэрдынада і мачыў усіх, каго загадвалі, — у асноўным немцаў. Тыя так ненавідзелі Баторыя, што, захапіўшы яго аднойчы ў палон, вырашылі галавы ня секчы. “Сама адваліцца”, — зласьліва сьмяяліся яны, гвалтам аддаючы небараку ў Падуанскі ўнівэрсытэт. Большага зьдзеку і прыдумаць было нельга. Трансыльванскі тугадум здаваў усе залікі зь дзясятага разу (апроч фізкультуры й дысцыплінаў вайсковае катэдры), але немцы забаранілі італьянскім прафэсарам адлічаць яго з ВНУ.

Пасьля дваццатае спробы здаць супрамат Баторы вырашыў зрабіць сабе сьмерць. Разагнаўся як сьлед і даўся лбом у бронзавую ганаровую дошку, што вісела ў Залі Сарака галоўнага корпусу Падуанскага ўнівэрсытэту. На ёй было напісана, што тут колісь вучыўся беларускі асьветнік і першадрукар Францішак Скарына. Мэмарыяльная табліца пацярпела ад удару больш, чым Баторы, — у таго адно адціснуліся на лбе словы, што такая самая дошка вісіць на будынку італьянскай амбасады ў Беларусі (вул.Маркса, Менск, ВКЛ). І кожную раніцу, разглядаючы свой адбітак у люстэрку, Баторы думаў пра Беларусь. Ня дзіва, што, атрымаўшы дыплём, ён выкарыстаў усе свае сувязі ў прафкаме, каб яго разьмеркавалі ў Рэч Паспалітую каралём.

Магнаты, апёкшыся на Генрыку, падазрона сустрэлі Стэфана. Але разважылі, што тугі да навукі вугорац назад у Падую не зьбяжыць, і далі згоду на каранацыю. Не забыліся і на пакрыўджаную Ганну Ягелонку, вымусіўшы Баторыя ажаніцца зь ёй. Кароль надзіва лёгка пагадзіўся — пэўна, тут адыграў ролю той удар галавой аб дошку.

Пасьля сьвяточнай першамайскай дэманстрацыі ў Кракаве Баторы — ад гэтага часу таксама Сьцяпан Батура — зрабіўся каралём. Але ў Кароне тады былі вельмі сумныя часы: ні табе вайны, ні інтэрвэнцыі, ні крыжакоў, ні туркаў. Таму, калі на ўсходніх межах Рэчы Паспалітай зьявіліся маскоўскія войскі, Баторы кінуў Кракаў і паляцеў у Вялікае Княства.

Маскоўцы ня ведалі, куды і хавацца ад трансыльванскага выдатніка баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Асабліва любіў ён дапытваць палонных. Ні польскай, ні беларускай, ні тым больш расейскай мовы Сьцяпан не разумеў, але гэта не было праблемай: пастаяўшы дні тры на “расьцяжцы”, маскалі пачыналі гаварыць па-вугорску. Адваяваўшы ў іх Полацак, Баторы вельмі ўзрадаваўся: нарэшце зьявілася магчымасьць пабачыць родны кут Скарыны, пакласьці кветкі да помніка чалавеку, які зь першага разу здаваў усе іспыты ў Падуанскім унівэрсытэце! Але пасьля высьветлілася, што той помнік у часе маскоўскай інтэрвэнцыі трапіў у прыёмнік каляровых мэталаў і быў пераліты на цар-пушку. Дазнаўшыся пра гэта, у Полацку і палачанах кароль расчараваўся. Затое вельмі ўпадабаў Горадню — нават зрабіў сабе прапіску на Замкавай вуліцы, а з часам увогуле пераехаў туды на ПМЖ з усім дваром. Батура быў кампанейскі чалавек: любіў прыёмы, прэзэнтацыі, фуршэты. Таму ў Горадні празь дзень перакрываліся вуліцы і несупынна ладзіліся тыдні то швэдзкай, то ангельскай кухні і культуры. Раззлаваных месьцічаў Баторы суцяшаў прывілеямі, абяцаньнямі разабрацца і адкрыцьцём крамаў “Канфіскат” з таварамі, рэквізаванымі з маскоўскіх абозаў. Непапулярныя ўказы ён падпісваў “Сьцяпан Батура”, а пасьля казаў: “Гэта ня я”.

Тым часам у Рэчы Паспалітай зьявіліся езуіты. Прыехалі яны з Падуі, з унівэрсытэцкае бібліятэкі, маючы пры сабе цэлую валізу расьпісак Баторыя за атрыманыя, але так і ня вернутыя кнігі (кароль здаў іх у макулатуру, а на атрыманыя грошы ўзброіў цяжкую гусарскую дывізію для ўсходняга фронту). Пагражаючы студсаветам і анатэмай, езуіты патрабавалі ўзнаўленьня літфонду, а ў якасьці пені — сродкаў на часопісы і газэты для чытальнае залі. Давялося ўлагоджваць езуітаў грашыма і прывілеямі на стварэньне калегіюмаў. Ведаючы езуіцкі характар, спачатку кароль пашкадаваў беларусаў і аддаў пад калегіюмы Рыгу і Дэрпт, але пасьля вырашыў-такі адпомсьціць палачанам за пераплаўлены помнік — даў езуітам атабарыцца ў іхным горадзе.

Калі ж езуіты прыйшлі прасіць дазволу стварыць калегіюм у Вільні, Баторы прапанаваў ім адразу закладаць унівэрсытэт, пры ўмове што на працягу тыдня ён атрымае чырвоны дыплём №1. Копію таго дыплёму Батура пасьля адліў у бронзе і даслаў рэктару падуанскай вну…

Наагул, Батурава караляваньне для Вялікага Княства было нядрэнным, калі не лічыць таго, што менавіта гэты кароль прывёз да нас вампіраў, якія былі ў ягонай сьвіце яшчэ з часоў князяваньня ў Трансыльваніі. Крывасмокаў у абліччы вялізных чорных кажаноў і цяпер можна пабачыць увечары ля старога замку ў Горадні. Сярод люду паспалітага хадзілі чуткі, што Батура і сам вампір-крывасмок. Каб праверыць гэта, памерлага караля нават зацягнулі ў анатамічку. Але, хутчэй за ўсё, гэта была авантура мэдыкаў, якім абрыдла рэзаць у віварыі сабак і захацелася зрабіць першае ва Ўсходняй Эўропе анатамаваньне трупа.

Усевалад Сьцебурака

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0