Рубель жыве!

Грошы трэба паважаць, інакш яны пачнуць помсьціць і пазьбягаць цябе. Містыка? Так. Але грунтуецца яна на ўласным досьведзе і назіраньнях.

 

Тацяна Сапач, фільмуючы вечарыну газэты “Наша Ніва”, зрабіла мікрапартрэты кожнага з тагачасных аўтараў і супрацоўнікаў. Мой партрэт, на яе погляд, выйшаў самы сьмешны. Сядзеў я на сцэне Дома літаратараў і засяроджана лічыў толькі ўведзеныя беларускія рублі з ружовымі вавёркамі ды зялёнымі зайцамі. “Сьмешна?” — спытала ў мяне Тацяна, калі праглядала матэрыял. “Зусім не!” — адказаў я, зазначыўшы яе яшчэ савецкае “хі-хі” у стаўленьні да грошыкаў. Ад гэткіх “хі-хі” ды пагардлівых азначэньняў накшталт “зайцы” тутэйшы люд за дзесяць гадоў так і не пазбавіўся. Дарма. Бо нацыянальная валюта ў гіерархіі каштоўнасьцяў пераўзыходзіць і герб, і сьцяг, нават прэзыдэнта з парлямэнтам. Колькі дзяржаўных утварэньняў маюць і сваю паліцыю, як баскі, і свайго прэзыдэнта, як калмыкі, і свой сьцяг, як габрэйская аўтаномная акруга ў Расеі, а грошай сваіх яшчэ доўга-доўга не пабачаць, калі пабачаць наагул. Так што беларускі рубель заслугоўвае ня толькі ветлівых словаў, а сапраўднай любові і безальтэрнатыўнай павагі.

У мусульманаў з Каўказу ёсьць звычай цалаваць атрыманыя грошы, а потым прыкладаць да вачэй. Такой традыцыі ў беларусаў няма. І прапаноўваць яе ўводзіць было б неразумна. А вось іншы мусульманскі закон я б параіў унесьці на разгляд нашага пасіўнага й малаэканамічнага парлямэнту: дзесяць адсоткаў ад грошай, што год праляжалі бяз руху, ты мусіш аддаць бедным, інакш Аллаг ад цябе адвернецца. Можа, у спрэчках пры абмеркаваньні такога закону і зьявілася б новае стаўленьне да рубля як да жывога арганізму, які вымагае штодзённай увагі і абароны.

Папяровая банкнота, як і манэта, — толькі твар, толькі частка таго, што мы называем беларускім рублём. У сваёй прэзыдэнцкай праграме я прапаноўваў замест прыватызацыйных чэкаў раздаваць грамадзянам залатыя беларускія рублі. Гэта папулісцкая мэтафара. Але выпуск залатых рублёў — не абсурдны крок. Гэта замацаваньне за нашай грашовай адзінкай яе вартасьці, яе значнасьці, яе доўгатэрміновай каштоўнасьці.

Гіджуся тых двуногіх-бязрогіх, што паскудзяць сьцягі, гербы і грошы. Зазвычай яны блытаюць ідэю рэвалюцыйнага анархізму з дробным ананімным хуліганствам. Ананімшчыкаў ненавіджу.

Найгорш абразіў наш рубель ананімны мастак, які зрабіў мярзотны плакацік, дзе на выяве 5000-й купюры напісаў “ФАЛЬШИВКА”.

Жыве рубель!

Адам Глёбус


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0