Зайчыкаў бацька

 

У гэтым месяцы спаўняецца 10 гадоў з часу зьяўленьня першых беларускіх грошай — “зайцоў”. Тагачасны старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, бацька беларускага рубля, ставіцца да гэтага “юбілею” скептычна.

— Я ня згодны зь меркаваньнем, што беларуская валюта нарадзілася 10 гадоў таму. Выпушчаныя тады разьліковыя білеты ўлічваліся як савецкі рубель. Яны ствараліся бязь ведама Нацбанку ўрадам Кебіча ў якасьці картак, каб не дапусьціць вывазу харчаваньня, на якое ішлі датацыі, за межы Беларусі. Гэта былі ня грошы, а дадатак да савецкага рубля, бо Расея (якая была тады эмісійным цэнтрам) не забясьпечвала наяўнымі савецкімі рублямі нашых патрэбаў па выплаце заробкаў, пэнсіяў... Гэтая праблема існавала і ў іншых рэспубліках. Нашыя “зайчыкі” мелі аж 8 ступеняў абароны, таму мы з урадам вырашылі выпусьціць іх як “савецкі рубель”. Выпускалі, напрыклад, 60% разьліковымі білетамі, а 40% — савецкімі рублямі. Нейкі час былі суадносіны 80 і 20 працэнтаў. І толькі пазьней адбыўся поўны пераход на разьліковыя білеты, быў вызначаны нейкі абменны курс адносна замежных валютаў. Трэба ж было неяк улічваць адносіны нашых грошай да расейскага рубля, даляра.

“НН”: Які ж момант можна лічыць зьяўленьнем сапраўднай беларускай валюты?

С.Б.: Сьвядомасьць палітычнай эліты Беларусі была вельмі кансэрватыўная: і Вярхоўны Савет, і ўрад выступалі катэгарычна супраць выхаду з рублёвай зоны. Я ў 1992—93-м прапаноўваў ураду, прэм’еру Кебічу, каб зьберагчы ашчаджэньні ад абясцэньваньня, увесьці нацыянальную валюту неадкладна. Але гэта лічылася ледзь не злачынствам: “Вы хочаце вывесьці краіну з рублёвай зоны! Краіна загіне!”

Юрыдычна ўвядзеньне беларускай валюты і пачатак самастойнай, больш-менш узважанай грашовай палітыкі трэба адлічваць з 1994 г. Тады ў траўні Нацбанк, бачачы, што праз кансэрватызм уладаў немагчыма правесьці гэтае рашэньне, на сваю рызыку распачаў стварэньне рэальнай беларускай валюты: увёў абменны курс і г.д. Але гэта было незаконна, бо ўлада ў нас не Нацыянальны банк, а Вярхоўны Савет і ўрад, якія не ішлі на такія меры. Толькі празь пяць месяцаў пасьля дзеяньняў Нацбанку Вярхоўны Савет прыняў рашэньне пра выхад з рублёвай зоны.

“НН”: У 1992 годзе, калі ўвялі “шматразовыя купоны”, ішло мноства гаворак, што надрукаваныя і купюры для ўвядзеньня цьвёрдай нацыянальнай валюты. Тады абмяркоўвалася, як яна будзе называцца: рубель, талер ці неяк інакш...

С.Б.: Мы ад самага пачатку меркавалі, што абавязаныя будзем пасьля правядзеньня грашовай рэформы ўвесьці нацыянальную валюту. Але для гэтага трэба было зьнізіць інфляцыю хоць бы да 10—20% у год. Бо інакш няма сэнсу друкаваць новыя грашовыя знакі.

Мы вынесьлі на Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету прапанову наконт назвы нацыянальнай валюты. І большасьцю галасоў (супраць быў толькі Ніл Гілевіч) была ўхваленая назва “беларускі рубель”. Назва “талер” абмяркоўвалася, але Вярхоўны Савет яе не прыняў.

Мы лічылі, што трэба зрабіць абмежаваную колькасьць беларускіх рублёў — ужо з партрэтамі выдатных нацыянальных дзеячоў, — пачынаючы ад Скарыны, Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа... Гэта ўжо не безаблічныя “зайчыкі”! Замовілі друк зь нефармальнай згоды ўраду (вонкава Кебіч быў за рублёвую зону, але выдзеліў на справу 20 млн. даляраў). Мой намесьнік Валянцін Заяш, цяпер намесьнік старшыні “Зьнешэканамбанку”, займаўся гэтым пытаньнем. Замовілі друк Дзяржзнаку Нямеччыны, таму грошы па колеры атрымаліся падобныя да нямецкай маркі. З дапамогай ураду мы прывезьлі іх сюды на вайсковых самалётах, зьмясьцілі ў сховішча. Яны й дагэтуль там ляжаць. Гэтыя купюры ня лічацца грашыма — яны лічацца блянкамі будучых грошай. Там ёсьць “Пагоня”, ёсьць мой подпіс. Таму яны ў найбліжэйшым часе наўрад ці выйдуць у зварот, нават калі б мы змаглі скараціць інфляцыю. Пры інфляцыі ў 46%, як летась, я б ніколі не пачынаў грашовай рэформы. Вось Літва, Латвія, Эстонія — у іх інфляцыя меншая за 3% ў год, гэта ідэальныя ўмовы для ўкараненьня літа, таго ж талера ці беларускага рубля.

“НН”: Як зрабіць беларускую валюту цьвёрдай?

С.Б.: Раней мы маглі б стабілізаваць наш рубель за год. Сёньня так хутка не атрымаецца, бо эканоміка цалкам разваленая. Калі верыць дзяржаўнай статыстыцы, у нас 47% стратных прадпрыемстваў, а сёлета за першы квартал рэнтабэльнасьць зьнізілася да 5% (пры саветах была 40%). Абсталяваньне знасілася на 80—90%. Таму сёньня мы бяз вонкавай дапамогі ня ў стане ўзьняць эфэктыўнасьць эканомікі, рэнтабэльнасьць вытворчасьці, якасьць прадукцыі. Але з дапамогай Міжнароднага валютнага фонду можна было б гады за два стабілізаваць валюту, выйсьці на нізкі ўзровень інфляцыі (10—15% у год). Калі мы ўзгоднім з МВФ эканамічную праграму па рынкавых адносінах у эканоміцы, то неадкладна атрымаем крэдыт stand-by на 17 гадоў пад вельмі нізкі працэнт гадавых (5,5—6%) з лагам пагашэньня ў 5 гадоў. Гэта крэдыт на падтрыманьне стабільнасьці эканомікі, стабільнасьці валюты. Мы 5 гадоў жылі б на гэтыя грошы: яны выдзяляюцца на тое, каб не зьніжаць жыцьцёвага ўзроўню жыхароў краіны на той час, пакуль будуць зьдзяйсьняцца рэформы (канстытуцыйныя пераўтварэньні, фармаваньне ўласнасьці на зямлю і г.д.). Мы б змаглі выйсьці на ўзровень эфэктыўнай эканомікі. Але гэта трэба рабіць вельмі хутка. І для гэтага патрэбны новая ўлада, новы ўрад, якім маглі б давяраць і Захад, і Расея.

Нашая ж бяда ў тым, што інвэстыцыі ня йдуць ня толькі з Захаду, але і з Расеі. Яна ў нас на 8-м месцы па прамых інвэстыцыях. У нас шмат шуму наконт таго, што Расея зьбіраецца нас праглынуць. Сапраўды, яна гатовая купіць у нас нафтахімію і некаторыя іншыя рэнтабэльныя прадпрыемствы. Але ж у нас большасьць прадпрыемстваў — мэталалом! Яны не патрэбныя ні расейскім, ні заходнім “буржуям” — патэнцыйным інвэстарам. Калі Лукашэнка хітруе, калі з гонарам кажа, што захаваў заводы ў дзяржаўнай уласнасьці, ён утойвае, што за 10 гадоў без інвэстыцыяў тыя заводы ператварыліся ў мэталалом. Яны сталі неканкурэнтаздольнымі нават на расейскім рынку. Гэта злачынства, што ён сваім часам не дапусьціў прамыя інвэстыцыі, скажам, у “Інтэграл”.

“НН”: У прэсавай службе Нацбанку сьцьвярджаюць, што сёньня грашовая маса забясьпечаная золатавалютнымі запасамі на 60%. Як бы Вы пракамэнтавалі гэтыя лічбы?

С.Б.: Лічбы непраўдзівыя. Трэба казаць не пра грашовую масу, а пра так званы “грашовы вал” — гэта пераважна наяўныя грошы. Каб даведацца, на колькі мы цяпер забясьпечаныя валютнымі запасамі, трэба падзяліць усе наяўныя грошы на курс рубля да даляра (1760—1780 рублёў). Але трэба разумець, што ёсьць навукова вывераныя патрэбы ў валютнай рэшце — рэзэрвы на 5—6 месяцаў імпарту (для Беларусі гэтая лічба складае недзе каля 2 млрд. даляраў). А калі ў нас запас меншы за 200 млн. даляраў і адначасова запазычанасьць Расеі толькі за нафту і газ большая за 300 млн., дык гэта мінусавыя рэзэрвы. Гэта проста мы часова не заплацілі па пазыках. І добра, што Расея нас любіць і дае паліва бясплатна, хоць і палохае некалькі гадоў...

Крэдыторская запазычанасьць дасягнула за мінулы год 8,8 трлн. беларускіх рублёў пры нацыянальным прадукце ў 15 трлн. Атрымліваецца, што больш за палову нацыянальнага прадукту ў нас ствараецца на пазыкі і загадзя некаму належыць.

“НН”: А як з гэтай пэрспэктывы выглядае будучыня беларускіх грошай? Ці можна зрабіць нейкі прагноз?

С.Б.: Калі б нашая палітычная эліта наважылася правесьці радыкальныя эканамічныя рэформы пры міжнароднай падтрымцы (у тым ліку і Расеі), мы маглі б умацаваць і эканоміку, і банкаўскую сыстэму, і валюту. Мы б мелі нармальную будучыню.

Але сёньняшнія рэаліі сьведчаць, што ў найбліжэйшым часе мы ня зможам дасягнуць прымальнага ўзроўню інфляцыі (ніжэй за 20%), таму не атрымаем буйных інвэстыцыяў звонку: грошай, тэхналёгіяў і г.д. Я ня пэўны, што нашая валюта будзе моцнай і захаваецца насамрэч. Сёлета мы яшчэ зможам пражыць больш-менш нармальна: калі ў бюджэт прыйдуць сродкі ад продажу прадпрыемстваў нафтахіміі (300—500 млн. даляраў), нашая валюта не абваліцца. Хоць я ня пэўны, што ўлада здолее з выгадай для краіны прыватызаваць тыя прадпрыемствы. Бо яна ставіць падчас продажу акцыяў папулісцкія патрабаваньні (кшталту захаваньня колькасьці працоўных месцаў). А ніводзін уласьнік не захоча рабіцца сацыяльнай канторай.

Урад і прэзыдэнт мусілі б зьмяніць эканамічны курс і спрыяць стварэньню працоўных месцаў у малым і сярэднім бізнэсе. Каб ствараць эфэктыўныя прадпрыемствы ў беднай краіне, дзе няма значных першапачатковых зьберажэньняў, трэба вызваліць бізнэсоўцаў гады на тры ад усіх падаткаў. Каб яны набралі абаротны капітал! Безь яго няма прамысловасьці... Гэта будзе штуршком да стварэньня працоўных месцаў. Бо схаванае беспрацоўе сёньня складае недзе каля 30% (афіцыйна называецца 2,3%).

Павінна быць праграма разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, якая б вырашыла праблему стварэньня працоўных месцаў пры закрыцьці неэфэктыўных вытворчасьцяў. І, безумоўна, павінен быць стабільны рубель — каб прыцягнуць замежныя інвэстыцыі. Інвэстар укладае грошы на 10 гадоў, і ён ня хоча, каб ягоныя грошы зьела інфляцыя.

“НН”: А што наконт расейскага рубля ці нейкай супольнай беларуска-расейскай валюты, якую нам абяцае ўрад? Гэта рэальнасьць ці чарговыя папулісцкія размовы?

С.Б.: З палітычных меркаваньняў магчымы пераход на расейскі рубель — з здачай Беларусяй сваіх пазыцыяў сувэрэннай дзяржавы. Сёньня шмат гаворыцца: мы не дапусьцім, каб эмісійны цэнтар быў чыста расейскім, ён будзе супольным. Але я ня думаю, што Расея дазволіць нашай краіне самастойна выпускаць супольную валюту.

Апрача таго, я цалкам не прымаю пазыцыю, запісаную ў пагадненьні: сьпярша мы пераходзім у 2005 г. на расейскі рубель і толькі праз 3 гады ўводзім супольную валюту. Калі мы ўвядзём расейскі рубель, дык ужо расейская валюта будзе ў нас навекі. У нас ня будзе ніякіх козыраў, каб прымусіць Расею пагадзіцца на сумесны эмісійны цэнтар.

Пераход на чужую валюту не азначае поўнай страты сувэрэнітэту. У Эўропе шэраг краінаў карыстаецца чужой валютай, у Лацінскай Амэрыцы карыстаюцца далярам. Мае сумневы зьвязаныя з становішчам самой Расеі. Ейныя валютныя рэзэрвы дасягнулі 40 млрд. даляраў, але ўся эканоміка грунтуецца на экспарце нафты і газу. А рэальная вытворчасьць — усё яшчэ ў зародкавым стане. Калі мы хочам пераходзіць на замежную валюту, калі ў нас ёсьць такое пачуцьцё непаўнавартасьці — лепей перайсьці на стабільныя, прызнаныя валюты: даляр, эўра. Вядома, імпарт у нас на 70% ідзе з Расеі, экспарт — на 50% у Расею. Але ж цана вызначаецца не ў рублях, а ў далярах. Дык нашто нам прамежкавая валюта?

Гутарыў Аркадзь Шанскі


даведка “НН”

Папяровыя грошы ў Беларусі, як і ва ўсім сьвеце, зьявіліся толькі ў XVIII ст. Раней нашыя продкі карысталіся манэтамі: талерамі, паўталерамі, грошамі, дукатамі, дынарыямі, партугаламі, паўтаракамі, асьмакамі... Грошы былі як сваёй чаканкі, так і прывазныя.

Першыя манэты ўласнай чаканкі Вялікага княства Літоўскага зьявіліся пры Ягайлу ў 1387 г. Да канца XV ст., аднак, чаканка (“біцьцё”) манэтаў у ВКЛ было зьявай спарадычнай. Толькі пры Аляксандру Ягелончыку ў 1492 г. пачалася сталая чаканка манэтаў. У сярэдзіне XVІ ст. пачала складацца мясцовая грашовая сыстэма: зьявіліся грош, талер і дукат уласнай чаканкі. Гэтая сыстэма выявілася настолькі стабільнай, што пры Жыгімонту Вазу сталася ўзорам для грашовых сыстэмаў бадай усёй Эўропы. Яе ня здолелі цалкам разбурыць аж да канца XVІІІ ст., да падзелаў Рэчы Паспалітай.

Першымі папяровымі грашыма ва ўсходняй частцы Беларусі былі расейскія асыгнацыі ўзору 1772 г. У заходняй — асыгнацыі ўраду Тадэвуша Касьцюшкі ўзору 1794 г.

Пачатак ХХ ст. прынёс у Беларусь першую сусьветную вайну і нямецкія жалезныя ды папяровыя боны (сурагат грошай — нешта кшталту беларускіх купонаў пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя), якія дадаліся да “царскіх” рублёў. Забурэньні 1917—1920 гадоў прынесьлі ня толькі вядомыя многім па фільмах і кнігах “керанкі”, але і боны мясцовых выпускаў: Магілеў, Слуцак, Гомель...

У міжваеннае дваццацігодзьдзе беларусы на Ўсходзе карысталіся савецкімі рублямі, на Захадзе — польскімі злотымі. У часе другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі хадзілі савецкія грошы, акупацыйныя маркі (прымусовы курс да савецкага рубля — 1:10), нарыхтоўчыя боны, райхсмаркі. У паўднёвых раёнах Беларусі, далучаных да райскамісарыяту “Ўкраіна”, хадзілі карбованцы, якія выпускаў з сакавіка 1942 г. эмісійны банк “Украіна”, што месьціўся ў Роўне. Блытаніны ў грашовыя разьлікі дадало зьяўленьне з 1 красавіка 1943 г. эмісійнага банку “Остлянд”, які выпускаў грашовыя білеты імпэрскіх крэдытных касаў.

У паваенныя гады Беларусь у складзе СССР карысталася савецкімі рублямі. Фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня прапаноўвала свой варыянт законапраекту па ўвядзеньні нацыянальнай валюты. Мастак Уладзімер Крукоўскі стварыў мастацкую канцэпцыю беларускіх купюраў і манэтаў. Аднак арыгіналы малюнкаў, выкананыя мастакамі Лявонам Бартлавым і Лявом Талбузіным, згубіліся недзе ў кабінэтах кебічаўскае адміністрацыі.

Толькі з 25 траўня 1992 г., калі пастановай Нацбанку былі ўведзеныя ў зварот “зайчыкі”, вядуць адлік свайго існаваньня ўласна беларускія грошы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0