гутарка ў рэдакцыі “НН”

Алег Панфілаў: “Няма ў Расеі эканомікі, затое адроджаная прапаганда”

Алег Панфілаў, расейскі праваабаронца, жыве і працуе ў Маскве, бароніць правы расейскіх журналістаў, але сам не зьяўляецца грамадзянінам Расеі. Панфілаў — пэрсона нон-грата ў трох “самых дэмакратычных” краінах сьвету: Узбэкістане, Туркмэністане і Кубе. Ён наведаў Менск для ўдзелу ў канфэрэнцыі, прысьвечанай разьвіцьцю СМІ ў Беларусі. З карэспандэнтамі “НН” Панфілаў гутарыць пра сёньняшнюю сытуацыю з правамі чалавека ў Расеі.

 

“НН”: Спадару Панфілаў, беларусы ўяўляюць сабе Расею па яе тэлевізійным вобразе. Наколькі ОРТэшны вобраз Расеі адрозьніваецца ад рэальнага?

А.П.: Тэлеканалы многае замоўчваюць. У Беларусі глядзяць збольшага расейскія дзяржаўныя тэлеканалы, якія ў апошнія паўтара году стараюцца зусім нічога не гаварыць пра правы чалавека, правы журналіста, пра стан свабоды слова ў краіне, не крытыкуюць уладу. Таму я думаю, што вы амаль нічога ня ведаеце пра Расею, у якой цяпер сытуацыя даволі сумная і рэзка пагаршаецца.

У першую чаргу гэта зьвязана з прыходам да ўлады Пуціна. Ён чалавек з своеасаблівым мэнталітэтам, своеасаблівым мінулым. Звычайна, калі гавораць пра парушэньні правоў журналістаў, называюць лічбы забітых і зьбітых. Такія выпадкі па-ранейшаму ёсьць, і ў Расеі сытуацыя наўрад ці зьменіцца да лепшага ў найбліжэйшым часе. Але нас цяпер хвалюе і іншае — павелічэньне колькасьці крымінальных справаў супраць журналістаў. Пры Ельцыне было 5—6, максымум 8 такіх справаў у год, летась іх было каля 20.

“НН”: За што судзяць журналістаў у Расеі?

А.П.: За паклёп і зьнявагу чыноўнікаў.

“НН”: Гэта адбываецца ў асноўным у рэгіёнах?

А.П.: Так. Ужо сёлета ў студзені было ўзбуджана 7 крымінальных справаў. У тым ліку ў Кіраве — за публікацыю анэкдота пра губэрнатара. Яшчэ два гады таму я ня мог сабе ўявіць, што ў Расеі гэта будзе магчыма.

“НН”: Якія пакараньні выносяць суды журналістам?

А.П.: Цяпер у турмах сядзяць два журналісты. Усім вядомая справа журналіста Паська, якога вінавацяць у шпіянажы на карысьць Японіі, другі журналіст — зь Ніжняга Ноўгараду, з газэты “Ленинское слово-плюс”. Ёсьць яшчэ адна катэгорыя парушэньняў правоў прэсы, якая зьявілася менавіта пры Пуціне, — цяпер у Расеі яе называюць “маскі-шоў”. Гэта калі ў рэдакцыі газэтаў прыходзяць узброеныя людзі і, выконваючы судовае ці пракурорскае рашэньне, забіраюць фінансавую дакумэнтацыю ці абсталяваньне. Маскі й аўтаматы ўжываюцца дзеля запалохваньня — можна было б абысьціся і бязь іх.

Ёсьць такія рэгіёны, у якіх свабода слова і правы чалавека татальна абмежаваныя, напрыклад, Калмыкія альбо Дагестан. У Татарстане менш, а ў Башкірыі практычна няма незалежнай прэсы. А ў Пермскай вобласьці ўсе газэты недзяржаўныя. Але гэта ня значыць, што яны незалежныя ад улады.

“НН”: Ці можна казаць, што ўся праблема Расеі ў Пуціне?

А.П.: Расея — краіна цароў. Царамі былі ўсе: і Брэжнеў, і Ельцын. Улада прэзыдэнта ў Расеі дастаткова вялікая. Пуцін сам казаў, што ён адказвае за ўсё, што адбываецца ў краіне. Ну і ня трэба забывацца, што Пуцін — былы афіцэр КДБ. Я думаю, што ён ведае пра многае і ня проста ведае, але робіць наўмысна. Для гэтага ёсьць прычыны. Першая — адсутнасьць эканамічнай праграмы ў расейскага кіраўніцтва. Няма ў Расеі эканомікі! Якая яна была 5—6 гадоў таму, такая і засталася, у тым самым паўразбураным стане. У Расеі яшчэ вельмі многа нафты і газу, і расейскі бюджэт будуецца на грошах, атрыманых ад іх продажу. Пуцін, які кіруе ўжо больш за два гады, мусіць неяк супакойваць людзей, тлумачыць ім, чаму яны не жывуць лепш. Для гэтага патрэбна прапаганда. Яна ў Расеі адраджаецца, толькі пад іншай назвай — “адзіная інфармацыйная прастора”.

“НН”: Пуцін рыхтуецца да новых прэзыдэнцкіх выбараў?

А.П.: Ён пачаў гэтую падтрыхтоўку адразу пасьля таго, як зрабіўся прэзыдэнтам. Тое, што ён робіць з прэсай, таксама зьвязана з выбарамі на другі тэрмін. Зноў жа, яму трэба будзе тлумачыць, чаму ён нічога не зрабіў за свой першы тэрмін. На незалежным тэлебачаньні яму задавалі б такія пытаньні, на якія ён ня змог бы адказаць, таму яно Пуціну не патрэбна.

“НН”: Які ваш прагноз на наступныя выбары?

А.П.: Сумны. Усе ўжо ведаюць, што ў нас будзе стары-новы прэзыдэнт.

“НН”: Ці будзе захаваны выгляд дэмакратычных выбараў?

А.П.: У Расеі гаварыць пра законы не прынята.

“НН”: Ці можа ў найбліжэйшым часе зьявіцца альтэрнатыва Пуціну?

А.П.: У Пуціна ёсьць канкурэнты, але з-за таго, што ўлада прыбрала да рук тэлебачаньне, у іх ня будзе шанцаў на выбарах. Дый Расея — антысэміцкая краіна. Асноўны канкурэнт Пуціна, Рыгор Яўлінскі, мае маці-габрэйку. Таму дзяржаўная прэса з задавальненьнем скарыстае гэтую акалічнасьць, ледзьве Яўлінскі заявіць пра сваё жаданьне балятавацца. Хоць насамрэч Пуцін — выпадковы чалавек. Ён меў абсалютна нулявы рэйтынг яшчэ два гады таму. Выпадковы чалавек, які ніколі ня быў публічным палітыкам, ня меў ніякага досьведу палітычнай барацьбы, ніколі не кіраваў буйным рэгіёнам.

“НН”: Як бы вы пракамэнтавалі заяву дыппрадстаўніцтваў заходніх краін у Маскве пра рост расізму ў Расеі?

А.П.: Адраджэньне фашызму, нацыяналізму ў Расеі — вялізная і застарэлая праблема. Уся імпэрская палітыка Савецкага Саюзу, па вялікім рахунку, была фашысцкай. Калі ўспомніць 1920—30-я, калі зьнішчаліся нацыянальныя мовы, калі зьявілася слова “нацмен”, якое любіў выкрыстоўваць таварыш Сталін… Калі існавалі квоты для паступленьня ў маскоўскія ўнівэрсытэты для гэтых “нацменаў”. Нацыяналізм у Расеі раней зваўся па-іншаму, пасьля зьявілася моднае слова “скінхеды”, а нацыяналізм існаваў заўсёды.

“НН”: Ці можна сказаць, што расейская ўлада яму садзейнічае?

А.П.: Абсалютна. Які прыклад падаюць тыя ж маскоўскія міліцыянты, калі спыняюць любога непадобнага да расейца чалавека, абшукваюць яго, зьдзекуюцца? Знаходзяцца тыя, хто думае: а чаму я не магу зрабіць тое самае?

Гутарылі Алег Тачоны,
Сяргей Рак

 

Алег Панфілаў нарадзіўся ў 1957 г. у горадзе Ленінабад (цяпер Худжанд) у Таджыкістане. Грамадзянін Рэспублікі Таджыкістан. Лічыць сваёй другой роднай мовай, поруч з расейскай, таджыцкую. Скончыў мастацка-графічны факультэт Ленінабадзкага дзяржаўнага пэдінстытуту (1979), Міжнародную школу па правах чалавека ў Варшаве (1992). У 1994—2000 г. працаваў кіраўніком службы маніторынгу маскоўскага Фонду абароны галоснасьці. Дырэктар Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Саюзу журналістаў Расеі, вольны карэспандэнт, аўтар і вядучы праграмы “Ўлада супраць прэсы” на радыё “Свабода”. Аўтар кніг пра парушэньні правоў журналістаў на тэрыторыі былога СССР, а таксама па гісторыі Таджыкістану. Аўтар двух фільмаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0