Між узбэцкім шляхам і расейскім сцэнарам

Лукашэнка вызначыць сабе пераемніка, толькі калі далейшае захаваньне ўлады ім самім стане немагчымым

9 верасьня 2001 г. пачаўся адлік другога, апошняга тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Згодна з арт. 81 Канстытуцыі, “адна і тая ж асоба можа быць Прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны”.

Набліжаецца дзень, калі чалавек, які называе сябе “прэзыдэнтам усіх грамадзянаў Беларусі”, стане “звычайным” грамадзянінам. Зрабіўшы крок праз шмат якія ступені службовай лесьвіцы, заняць прэзыдэнцкае крэсла, зь лістапада 1996 г. па 2006 г. валодаць дэ-факта абсалютнай уладай у краіне, больш за дзесяць гадоў асьляпленьня бескантрольнай уладай... На шмат якія пытаньні адносна таго, што адбылося ў нашай краіне і што ў ёй адбудзецца, можна даць адказ на падставе вывучэньня псыхалёгіі ўлады.

 

Сам з авансцэны ня сыдзе

Дастаткова правесьці аналіз палітычных падзеяў мінулага, кінуць позірк на саму асобу Лукашэнкі, каб зразумець: сам, добраахвотна, ён у 2006 годзе ня сыдзе з авансцэны беларускай палітыкі. Ці можа ён уявіць сябе ў іншай ролі? Кім ён будзе, пазбаўлены ўлады?

Лукашэнка зрабіў дастаткова, каб не адчуваць сябе ў бясьпецы, будучы экс-прэзыдэнтам. Малаімаверна, што ён захоча адпачыць ад улады, зьехаць за мяжу, на Захад. Быць на Захадзе яму небясьпечна: напрыклад, могуць узьнікнуць непрыемнасьці ў сувязі з абвінавачваньнем у незаконным гандлі зброяй, у пастаўках узбраеньняў “краінам-ізгоям”.

Адзіная дарога Лукашэнку ў выпадку страты прэзыдэнцкай пасады — у Расею. У тым выпадку, калі яго можна будзе выкарыстоўваць як нейкі козыр у гульні зь Беларусяй, калі ён будзе мець палітычную вагу ў Беларусі і пасьля сыходу з прэзыдэнцкай пасады, Лукашэнка будзе патрэбны Маскве і на расейскай тэрыторыі.

Але прэзыдэнцкая пасада Лукашэнкі — гэта пытаньне ня толькі ягонага асабістага статусу. Гэта пытаньне стутусу зьвязаных зь ім асобаў. У.Замяталін, У.Канаплёў, У.Навумаў, С.Посахаў, Ю.Сівакоў, В.Шэйман — гэта толькі маленькая частка вяршыні айсбэргу прэзыдэнтуры, той вялікай групоўкі, прадстаўнікі якой у выніку сыходу Лукашэнкі страцяць, як мінімум, высокі статус.

Словы Лукашэнкі аб тым, што яго “апазыцыя хоча пасадзіць на кол” (такая заява мела месца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў), сьведчаць пра тое, што ня толькі ён лічыць прэзыдэнцкую пасаду гарантыяй асабістай бясьпекі. Прэзыдэнцкая пасада Лукашэнкі — гэта гарантыя бясьпекі і статусу прадстаўнікоў яго групоўкі. У выніку страты ўлады Лукашэнкам зьвязаныя зь ім асобы рызыкуюць больш за яго: тых, хто запэцкаў сябе і захоча шукаць прытулку ў Расеі, там, у адрозьненьне ад іх патрона, ніхто не чакае.

Вядома, кліенты Лукашэнкі маюць магчымасьць атрымаць заступніцтва з боку прадстаўнікоў расейскага істэблішмэнту. Але такое становішча для іх — сьлізкае. У Расеі існуюць, так бы мовіць, свае патрон-кліентныя ланцужкі, “цёплыя” месцы там разьмеркаваныя сярод “сваіх”, ідзе жорсткая канкурэнцыя паміж “сваімі”. “Беларускія інтэрвэнты” там непажаданыя.

У Беларусі прадстаўнікі прэзыдэнтуры і іх сваякі добра ўладкаваліся. Тут — пасада, сувязі, маёмасьць. У Расеі ж іх чакае невядомасьць. А невядомасьць палохае. Яны вельмі зацікаўлены ў захаваньні стутусу-кво і пасьля 2006 г.

 

“Узбэцкі шлях правільны”

У сьнежні 1994 г. у часе афіцыйнага візыту ва Ўзбэкістан Лукашэнка заявіў: “Беларусь пойдзе ўзбэцкім шляхам, бо гэты шлях — правільны”. Сапраўды, з пачатку 1995 г. паміж палітычным працэсам у Беларусі і палітычным працэсам ва Ўзбэкістане можна правесьці пэўную аналёгію, хоць фармаваньне ў Беларусі жорсткага аўтарытарнага рэжыму адбывалася больш павольнымі тэмпамі, чым гэта мела месца ў цэнтральнаазіяцкіх краінах СНД, напрыклад ва Ўзбэкістане. Можна правесьці, хаця і дастаткова ўмоўную, паралель паміж Узбэкістанам ў 2002 г. і Беларусяй ў 2006 г.

Іслам Карымаў кіруе краінай ужо 13 гадоў — з 1989 г., калі быў прызначаны першым сакратаром ЦК кампартыі Ўзбэкістану. У сьнежні 1991 г. ён быў выбраны прэзыдэнтам Узбэкістану (атрымаў падтрымку 86% выбарцаў). У 1995 г. замест прэзыдэнцкіх выбараў, якія павінны былі адбыцца ў 1996 г., у рэспубліцы быў праведзены рэфэрэндум, за працяг прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў І.Карымава да 2000 г. выказаліся 89% выбарцаў, якія прынялі ўдзел у рэфэрэндуме (90% ад агульнай колькасьці выбарцаў). У студзені 2000 г. пераважнай бальшынёй галасоў узбэцкіх грамадзян І.Карымаў быў выбраны на другі прэзыдэнцкі тэрмін.

27 студзеня 2002 г. ва Ўзбэкістане адбыўся чарговы рэфэрэндум. За працяг тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў з 5 да 7 гадоў выказаліся больш за 90% узбэцкіх выбарцаў, якія прынялі ўдзел у рэфэрэндуме (91% ад агульнай колькасьці выбарцаў). Папраўкі, якія былі ўнесеныя ў Канстытуцыю Ўзбэкістану ў выніку рэфэрэндуму, дазваляюць І.Карымаву балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах у 2005 г. пры сямігадовым тэрміне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Гэта значыць, што І.Карымаў праз рэфэрэндум стварыў сабе магчымасьць узначальваць Узбэкістан да 2012 г.

Палітычнае даўгалецьце І.Карымава зьвязана з тым, што ў мэнталітэце ўзбэкаў прысутнічае ўстаноўка на пазытыўнае стаўленьне да стабільнай улады.

Ініцыятарам узбэцкіх рэфэрэндумаў традыцыйна выступае сьпікер парлямэнту. У 2002 г. рэфэрэндум быў праведзены па ініцыятыве сьпікера парлямэнту Эркіна Халілава. Ён тлумачыў неабходнасьць рэфэрэндуму тым, што “прэзыдэнт І.Карымаў пачаў рэформы, ён павінен іх і скончыць”.

У 2006 г. споўніцца 12 гадоў, як Лукашэнка кіруе Беларусяй... У выпадку, калі стараньнямі ўлады падзеі ў нашай краіне будуць разьвівацца ў адпаведнасьці з “узбэцкім шляхам”, Беларусь будзе ня першай краінай, дзе выкарысталі досьвед І.Карымава.

У 1999 г. у Туркмэністане быў праведзены рэфэрэндум, і туркмэнскія выбарцы амаль аднагалосна выказаліся за тое, каб Сапармурат Ніязаў (Туркмэнбашы) займаў прэзыдэнцкі пост пажыцьцёва.

У траўні 2002 г. прэзыдэнт Азэрбайджану Гейдар Аліеў выказаў жаданьне балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах у 2003 г. Для яго, у выпадку ягонай перамогі (якая зьяўляецца вельмі імавернай), гэта будзе трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Г.Аліеў узначальвае Азэрбайджан з 1993 г. Тут таксама гаворка ідзе фактычна пра пажыцьцёвае прэзыдэнцтва (Г.Аліеву 68 гадоў.)

Аналягічныя тэндэнцыі праглядаюцца і на прыкладзе Расеі. У пачатку 2002 г. старшыня верхняй палаты расейскага парлямэнту Сяргей Міронаў (прадстаўнік “піцерскай каманды”) выступіў з прапановай унясеньня паправак у Канстытуцыю РФ, згодна зь якімі тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў будзе роўны 7 гадам (цяпер — 5 гадоў). Матываваў сваю прапанову С.Міронаў гэтак жа, як сьпікер узбэцкага парлямэнту Э.Халілаў: “Прэзыдэнт павінен скончыць тыя рэформы, якія пачаў”. Пакуль прапанова С.Міронава адкладзена.

З набліжэньнем 2006 г. Лукашэнка будзе шукаць падставы і шляхі для падаўжэньня тэрміну сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Не даводзіцца сумнявацца, што Лукашэнку і яго дарадцаў зацікавяць адпаведныя прыклады краінаў СНД. Для Лукашэнкі было б вельмі спрыяльна, каб ён мог зрабіць спасылку на расейскі прыклад, каб была рэалізавана прапанова С.Міронава.

У 2005 г. У.Пуціна чакае змаганьне за прэзыдэнцкую пасаду. Мала хто з аналітыкаў цяпер сумняваецца, што прапанова С.Міронава адкладзена толькі да часу. Калі будзе больш спрыяльная ўнутрыпалітычная сытуацыя, пасьля правядзеньня адпаведнай пасьпяховай інфармацыйнай кампаніі больш чым імаверна, што ў Расеі будзе праведзены рэфэрэндум.

 

Масква згодная на ўсё

Пагроза разьвіцьця падзеяў у Беларусі ў адпаведнасьці з “узбэцкім шляхам” (наколькі гэта магчыма ва ўмовах хоць і ўсходне-, але эўрапейскай краіны) уяўляецца рэальнай. Калі ня будуць паслабленыя палітычныя пазыцыі аўтарытарнай дыктатуры, мабыць, нас у недалёкай будучыні чакае новы рэфэрэндум. Будзе вялікай памылкай лічыць, што Масква не дапусьціць такога разьвіцьця падзей у Беларусі ды схопіць Лукашэнку за руку.

Яшчэ ў красавіку 1993 г. акадэмік Георгі Арбатаў (“лідэр думак” расейскага істэблішмэнту) сфармуляваў пазыцыю, якую Расея павінна займаць у “беларускім пытаньні”: “Нацыянальныя інтарэсы Расеі палягаюць перш за ўсё ў надзейнасьці яе рубяжоў і бясьпецы яе межаў. У цяперашніх умовах, калі мяжа праходзіць пад Смаленскам, не абавязкова, каб Беларусь была ворагам Расеі. Дастаткова, каб яна не была яе саюзьнікам. Любы вакуум будзе адразу запоўнены”.

Лукашэнка занадта ўцягнуўся ў “халодную вайну” з Захадам, каб мець нейкую прастору для палітычнага манэўру. Ён можа быць толькі прарасейскім палітыкам. Гэта для Расеі ў той час, калі вызначаецца фармат яе адносінаў з Захадам, вельмі важна. “Беларускі пляцдарм” дазваляе Расеі весьці перамовы з Захадам з моцных пазыцый. Да таго ж, выкарыстоўваючы шырму “брацкіх адносінаў”, расейскі бізнэс (вельмі цесна зьвязаны з уладай) мае магчымасьць прыбраць да рук найлепшыя беларускія прадпрыемствы.

Аднак палітычная рэчаіснасьць мае дынамічны характар. У выпадку, калі палітычныя пазыцыі аўтарытарнай дыктатуры будуць аслабленыя ў выніку пасьпяховай дзейнасьці дэмакратычных сіл, нельга выключыць тое, што ўлада ў 2006 г. будзе імкнуцца да таго, каб падзеі ў Беларусі разьвіваліся па сцэнары, які ўмоўна можна назваць “расейскім”.

31 сьнежня 1999 г. Б.Ельцын аб’явіў аб складаньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і назваў кандыдатуру годнага, на яго думку, пераемніка — старшыні ўраду У.Пуціна. 26 сакавіка адбыўся першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. Другога тура не спатрэбілася: каля 53% расейскіх выбарцаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні, выказаліся ў падтрымку кандыдатуры У.Пуціна.

У крайнім выпадку, калі будзе відавочнай абсалютная немагчымасьць захаваньня Лукашэнкам прэзыдэнцкай пасады, разьвіцьцё падзей па такім сцэнары магчыма і ў Беларусі. У 2006 г. Лукашэнка можа назваць кандыдатуру свайго, годнага, на яго думку, пераемніка і зрабіць спробу “прасунуць” гэтую кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах.

 

Пераемнік гарантуе

Пераемнікам для Лукашэнкі можа быць тая кандыдатура, якая гарантуе экс-прэзыдэнту адпаведны статус, выкананьне ў адносінах да яго палажэньняў адпаведнага нарматыўнага акту: вялікая пэнсія, жорстка “прывязаная” да курсу даляра, дзяржаўнае лецішча, ахова і транспарт.

Але, паўторым, “расейскі” сцэнар малаімаверны. Занадта шмат разоў Лукашэнка пераступаў цераз Канстытуцыю, законы, каб спадзявацца на тое, што яго статус як былога кіраўніка дзяржавы будзе абаронены адпаведным нарматыўным актам. Занадта шмат “палітычных справаў” мелі месца ў нашай краіне, занадта шмат людзей, вінаватасьць якіх выклікае вялікія сумненьні, трапіла за турэмныя краты па яўнай указцы “ўсенародна абранага”.

У выпадку, калі беларускія дэмакраты ня зробяць высноў з памылак мінулых палітычных кампаній, ім застанецца толькі назіраць за ходам падзей згодна з “узбэцкім шляхам” альбо “расейскім сцэнарам”. Гэта — жорсткая праўда.

Час у іх ёсьць. Яшчэ ня позна. Эўрапейскае становішча беларусаў прадугледжвае, што “ўзбэцкаму шляху” і “расейскаму сцэнару” павінна існаваць беларуская альтэрнатыва.

Андрэй Ляховіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0