Навіны за тыдзень

 

Чыгіра зноў судзяць

Новы “працэс Чыгіра” пачаўся 21 траўня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску. Вядзе яго судзьдзя Натальля Варэнік. Цяпер колішняга прэм’ер-міністра вінавацяць у службовай нядбайнасьці на пасадзе старшыні Белаграпрамбанку. Ён нібыта заключыў з чэскай і канадзкай будаўнічымі фірмамі кантракт, што нанесла дзяржаве ўрон больш як на мільён даляраў. Вінавацяць яго і ва ўтойваньні даходаў падчас працы кіраўніком прадстаўніцтва канцэрну “Гея” ў Маскве. Экс-прэм’ер абвінавачаньні адкідае. Наступнае пасяджэньне суду адбудзецца 27 траўня.

Крэдытаў паменее

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця скарачае сваю дзейнасьць у Беларусі, бо ў краіне не адбываюцца палітычныя і эканамічныя рэформы. ЭБРР захавае свой невялікі партфэль пазык і будзе падтрымліваць невялікія прыватныя кампаніі, але заблякуе любыя вялікія пазыкі ці інвэстыцыі ў эканоміку краіны. Пачынаючы з 1991 г. банк выдаткаваў Беларусі крэдытаў на агульную суму 200 млн., тады як краіны Ўсходняй Эўропы і былога СССР атрымалі ад яго дапамогі на 10 млрд. эўра.

Мэраў нам не выбіраць

Палата прадстаўнікоў разглядае праект рэформы мясцовага самакіраваньня. У ходзе яе дзяржаўная ўлада будзе дэцэнтралізавацца. Мясцовыя саветы атрымаюць частку функцый цэнтру, сыстэма мясцовага самакіраваньня вылучыцца са структуры дзяржаўнага кіраваньня і г.д. Аднак праект не прадугледжвае прынцыпу выбарнасьці кіраўнікоў мясцовай улады, зьмяшчае палажэньне аб стварэньні дзяржаўнага каардынацыйнага органу, адказнага за мясцовае самакіраваньне, і не дае рэгіёнам эканамічнай самастойнасьці. Таму незалежныя экспэрты ацэньваюць яго крытычна.

Заявы Сойму КХП БНФ

19 траўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Ён прыняў дзьве заявы. У першай рашуча асуджаецца стварэньне холдынгу на базе літаратурна-мастацкіх выданьняў і арганізацыйныя зьмены ў іх. Сьцвярджаецца, што гэта зьнішчэньне апошніх асяродкаў нацыянальнай культуры, наступ на беларускае слова і ягоных носьбітаў. Аўтары заявы заклікаюць беларускае грамадзтва байкатаваць “расейскамоўную макулятуру і антыбеларускія выданьні, што выкарыстоўваюць нашу мову”, а выдаўцоў, рэдактараў і аўтараў — больш перакладаць твораў замежнай літаратуры. Другая заява прысьвечаная прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, што разглядаецца як чарговы этап анэксіі Беларусі Расеяй. Сябры КХП зьвяртаюцца да народу з заклікам бараніць беларускую маёмасьць і нацыянальныя каштоўнасьці, заклікаюць міжнародную супольнасьць зьвярнуць увагу на парушэньне правоў беларускага народу і бачаць выйсьце з сытуацыі ў новых прэзыдэнцкіх выбарах пад міжнародным пратэктаратам.

Масква дае ярлык

У інтэрвію газэце “День” намесьнік кіраўніка фракцыі “Адзінства” ў Дзярждуме Расеі Франц Клінцэвіч заявіў, што магчымае падаўжэньне тэрмінаў паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі ня выкліча ў афіцыйнай Расеі нэгатыўных эмоцыяў.

451 па Сувораву

У расейскіх вайсковых вучэльнях цяпер муштруюць аж 451 беларускага вайскоўца. Зь іх 126 афіцэраў (у тым ліку 14 — у Акадэміі Генштабу) і 325 курсантаў. У 2002 г. з расейскіх акадэмій у Беларусь вернуцца 63 афіцэры (зь іх 9 — з Акадэміі Генштабу).

Ул.інф. і паводле БелаПАН


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0